top of page

Генеалагічны блог прафесійнага архівіста

Тут змешчаны фатаграфіі дакументаў, старых здымкаў, гісторыя маёй сям'і, парады як пачаць/працягнуць вашы даследаванні, інфармацыя пра спецыфіку працы ў архівах Усходняй Еўропы, як зрабіць даархіўны пошук і г.д.

«...жыць са сваёй сям’ёй у сваім доме». Да 60-годдзя беларускага мастака Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін 6/08/1965-11/07/2023. Фота: Facebook Алеся
Алесь Пушкін 6/08/1965-11/07/2023. Фота: Facebook Алеся

Ад гэтай даты мне і сумна, і радасна. Сумна – што жыццё вялікага беларускага мастака так

рана і трагічна абарвалася. Радасна – мець такую выразную нагоду яшчэ раз усвядоміць, што

цябе з гэтай неардынарнай асобай яднае куток зямлі, адкуль паходзяць і твае продкі.

Менавіта тут, на тэрыторыі былой Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні

(цяпер гэта Крупскі раён Мінскай вобласці) мае шляхціцы Крачкоўскія цягам трох

дзесяцігоддзяў арандавалі зямлю ў маёнтку пана Караля Свяцкага. Тут нарадзіліся, жылі і

памерлі мае прабабуля Ангеліна і яе адзіны сын – мой дзядуля Пётра. Тут я праводзіў

дзяцінства, часам знаходзячыся пад магічным уздзеяннем гэтых незвычайных мясцін, дзе

люстра ракі Бобр мне падавалася варотамі ў чароўную казку... Гэты край, з нейкай асаблівай

энергетыкай, для мяне быў заўсёды зачараваным кутком, не падобным ні на што іншае ў

гэтым свеце. Час там нібыта застыў...

Продкі, карані, малая радзіма – гэта ўсё, бадай, тое тэматычнае поле, якое яднае кожнага

неабыякавага чалавека з Алесем Пушкіным. Тэма бацькоўскага дома – адна з самых

цэнтральных у светапоглядзе і творчасці мастака. Што вельмі ўражвае – гэта яго

незвычайная, упартая любоў да роднага мястэчка Бабра і асабліва да «наседжанага гнязда» –

таго месца ў ім, дзе жылі яго продкі. Любоў, якая цесна павязана з глыбока ўкаранёнымі ў ім

багабойнасцю і нязломнасцю. Мастак пастаянна вяртаўся да гэтай тэмы: «І вось я ізноў у

бацькоўскай хаце <...>. Тут пішуцца карціны, прыдумваюцца розныя творы, ствараюцца

абразы, – цэлы сьвет, цэлы сьвет майго дзіцячага, творчага і нашага сямейнага жыцьця!

Якое шчасьце, – бацькоўскі дом, якая гэта сьвятыня!!! Як добра жыць у Бабры і мець

раскошу пражываць побач з бацькоўскім домам, знаходзіцца тут, на малой радзіме,

займацца творчасьцю! Які я ўсё ж шчасьлівы!» (Агляд культурнага жыцьця ў

2008–2012 гг. Cуб’ектыўныя зацемкі зь дзёньніка мастака з Бабра Алеся Пушкіна // Малое

Палесьсе/2012–2013. C. 205).

Таму адна з маіх самых цікавых архіўных знаходак мае шмат у чым сімвалічнае значэнне і

хай будзе свайго роду вянком памяці Алесю Пушкіну. Усё, што я магу даць табе, дарагі

мастак.

Зірнем жа ў гэты дакумент. 27 красавіка 1942 г., падчас нямецкай акупацыі, калі ўжо

распусцілі калгасы, дзед мастака – «грамадзянін мястэчка Бобр» Іван Дзяменцьевіч Пушкін –

звяртаецца да кіраўніка раённай улады, каб яму пад дом вярнулі пабудовы, адабраныя

камуністамі (заяву цытую на мове арыгінала, у т.л. з захаваннем яе асаблівасцей і

арфаграфіі):

«В 1936 году Бобрским к[олхо]зом была взята у меня пуня, евня и ток. Колхоз с евни и

тока сделал дом во II бригаде. Мой дом сгорел во время боя м. Бобр. Теперь я нуждаюсь в

жилом доме, а сре[д]ств для постройки нового дома я не имею. У меня нет ни коровы,

ни лошади. Семья инвалида. Тепер я постухом. Во время Советской власти я платил

большой налог (свидетельствуют квитанции). Во время войны в наш дом поселился

Иван Кузьмич Григорович. Семья которого при Советской власти получала тысячи на

детей. У его есть лошадь и корова. Он имеет средствы для постройки своего нового

дома.

Я не имею никаких средств для постройки нового дома.

С большой просьбой оброщась к Вам, господин начальник р[айо]на дать мне разрешение

на право пользование моего дома, в котором живет теперь Иван Григорович. Дом этот

оценен в 1500 руб. Я хочу уплатит[ь] эти деньги и жить с своей семьей в своем доме».

ree

На гэтай заяве маюцца некалькі рэзалюцый, якія ўдакладняюць некаторыя акалічнасці. Так,

на наступны дзень, г.зн. 28 красавіка 1942 г., начальнік раёна даў бургамістру Бобрскай

воласці наступны загад: «Если это[т] дом построен из евни, пуни и тока, ране[е]

принадлежащих г[ражданину] Пушкину, то необходимо этот дом отдать

г[ражданину] Пушкину, но в тот дом, в котором сейчас живет г[ражданин] Пушкин,

вселить г[ражданина] Григоровича». Спачатку бургамістр Раманаў адзначыў: «Заявление

справедливое». Але праз шэсць дзён, 4 траўня, углыбіўшыся ў сітуацыю больш дэталёва, ён

напісаў: «Выселить Григоровича невозможно, так как у Григоровича 10 душ семьи, а у

Пушкина 3 души. Пуни, токи и евни еще находятся в ведении общин и не передаются, и

не продаются».

Дадатковыя высвятленні і абмеркаванні на гэты конт паміж раённым і валасным

начальствам, а таксама паміж Пушкіным і Грыгаровічам, магчыма, засталаіся па-за межамі

афіцыйнай перапіскі, але, у выніку, начальнік раёна 7 траўня 1942 г. пастанавіў:

«Необходимо возвратить дом к 15/VI–42. О решении сообщите завтра 8/V–42

г[ражданину] Пушк[ину]». За гэтым рушыла ўслед там жа, прама на тэксце заявы,

шматзначнае слова «Исполнено»

Мне падаецца, за гэтымі адчайнымі памкненнямі дзеда мастака падчас вайны стаяла штосьці

большае за простае жаданне ці практычную неабходнасць вярнуць страчаную маёмасць. Гэта

– пэўны маральны крок, адстойванне справядлівасці ў маштабе «роднага гнязда». Прычым

звяртае на сябе ўвагу той факт, што заяўнік не просіць гвалтоўна выселіць цяпершніх

гаспадароў Грыгаровічаў з дома, але прапануе прадаць яму яго ж былыя пабудовы за

1500 руб. (у эквіваленце на нямецкія акупацыйныя маркі?).

Гэтая, у пэўным сэнсе спадчынная, прага вярнуць страчанае, нічога не згубіць, адрадзіць,

аднавіць, захоўваць, шанаваць прасочваецца праз усё жыццё і творчасць Алеся Пушкіна, які

адзначаў:

«...як мінімум пяць пакаленняў Пушкіных паходзяць з мястэчка Бобр.

Вельмі каштоўна, што, нягледзячы на дзве сусветныя вайны, калектывізацыю, часы

«чорных варанкоў», Курапатаў, паездак на цаліну і г.д., наш род жыве на адным месцы на

працягу пяці пакаленняў. Ганаруся гэтым і цаню. Мне прыемна, што я хаджу па зямлі,

па якой хадзіў мой прадзед, збіраю грыбы ў тым лесе, дзе мой дзед вязаў мётлы, гляджу

на рэчку, дзе тата некалі лавіў рыбу» (Алесь Пушкін. Мастацтвазнаўчыя артыкулы,

рэцэнзіі і нарысы, інтэрв’ю з мастакамі, рэпартажы з выстаў жывапісу / [Укладанне Элы

Дзвінскай]. Віцебск: «Misericordia», 2013. С. 8).

Ад сябе зараз толькі дадам, што продкі мастака па прамой татавай галіне – яшчэ больш

карэнныя жыхары Бабра, чым ён меркаваў. Паводле архіўных дакументаў мне ўдалося

пашырыць радавод Пушкіных яшчэ на два пакаленні. Цяпер самы ранні вядомы продак

мастака – яго прапрапрадзед Аляксей Пушка, селянін мястэчка Бабра, уніят, які,

заўдавеўшы, у красавіку 1821 г. пабраўся шлюбам з каталічкай Альжбетай Урублеўскай

(прапрапрабабуляй мастака), таксама удавой і таксама з Бабра. Менавіта ў такой форме –

Пушка – прозвішча існавала першапачаткова, а ў форме «Пушкін» замацавалася ўжо за

прадзедам мастака (Дамэнтам). Гэта быў род прыгонных сялян, што паслядоўна належылі

уладальнікам маёнтка Бабра – Агінскім, Ваньковічам, Тышкевічам. Са шляхецкім родам

Пушкіных з суседняга Лепельскага павета, зацверджаным Сенатам у расійскім дваранстве,

ён наўрад ці меў штосьці агульнае, акрамя аднолькавага прозвішча. Як і продкі многіх

сучасных беларусаў, продкі Алеся Пушкіна пасля скасавання ўніяцкай царквы ў Беларусі

(1839 г.) «аўтаматычна» сталі праваслаўнымі, а пасля адмены прыгоннага права (1861 г.) – і

вольнымі сялянамі.


Ніжэй – радаводная схема і пакаленны роспіс Пушкіных, складзеныя мной паводле

дакументаў трох беларускіх архіваў (захаванасць крыніц па гэтым рэгіёне пакідае жадаць

лепшага), а таксама публікацый Алеся Пушкіна, спасылкі на якія далучаныя да вышэй

прыведзеных цытатаў. Адзінае, у чым памыліўся мастак (відаць, паводле ўспамінаў таты), –

гэта імя па бацьку яго прадзеда Дзяменція, які насамрэч не Канстанцінавіч, а Мікалаевіч

(што прама пацвярджаецца спісам гаспадарак на 1 студзеня 1925 г. і ўскосна – рэвізскай

сказкай за 1858 г.).


Радавод (пакаленны роспіс) Алеся Пушкіна


I калена


1. Пушка Аляксей, жыхар мястэчка Бабра, прыгонны селянін уладальнікаў маёнтка Бабра

(памешчыкаў Ваньковічаў, затым графаў Тышкевічаў), уніят, парафіянін Бобрскай уніяцкай

царквы; 1-я жонка – ?; 2-я жонка (шлюб 24.04.1821) – Альжбета Урублеўская (жыхарка

мястэчка Бабра, прыгонная сялянка, каталічка, парафіянка Бобрскага касцёла).


II калена


2/1. Пушка Мікалай (каля 1827 г. нар.), уніят, затым праваслаўны; жонка – Тэрэза Тарасаўна

(каля 1830 г. нар.).


III калена


3/2. Наталля (каля 1853 г. нар.).

4/2. Сцяпан (каля 1854 г. нар.).

5/2. Пушкін Дзяменцій (Дамэнта), нарадзіўся паміж 1858 і 1877 гг., памёр не раней за 1925 г.


IV калена

6/5. Пушкін Іван (1895–1978), жонка – Пелагея Нікіфарава.

V калена


7/6. Ніна (1920–1937).

8/6. Мікалай (1924–2007), 1-я жонка – Марыя Антонаўна Сцяпанава (загінула ў 1962 г.); 2-я

жонка (шлюб 22.03.1963) – Ганна Іпалітаўна Сільмановіч (1927–2004).


VI калена


9/8. Сяргей (1958–1995).

10/8. Аляксандр (1960–1961).

11/8. Святлана (1964 г. нар.).

12/8. АЛЯКСАНДР (1965–2023), жонка (шлюб у 1997 г.) – Яніна Аляксандраўна Дэмух

(1970 г. нар.).


VII калена


13/12. Мікола (2004 г. нар.).

14/12. Марыля (2006 г. нар.).

ree

Comments


bottom of page