Тры Тадэвушы Корзаны. Гісторык, лекар і інжынер
- radiofono1
- Jan 29
- 11 min read
Updated: Jan 30
Гісторык архітэктуры Расціслаў Баравы ў сваім цудоўным артыкуле «Планы Минска как исторический источник», апублікаваным у апошнім выпуску серыйнага навуковага выдання «Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі» мінулай восенню, згадвае «уроженца Минска, инженера П. Корзона», які стаяў ля вытокаў стварэння ў першай трэці XX ст. на аснове «архіўных крыніц» даволі цікавага каляровага графічнага выяўлення планіроўкі і забудовы горада Мінска другой паловы XVIII ст.
![Апошняя старонка артыкула Р.В. Баравога «Планы Минска как исторический источник» (Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Старонкі гарадскога жыцця. Зборнік навуковых артыкулаў / Уклад. Р.А. Аляхновіч; рэдкал.: В.Л. Лакіза (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская навука, 2025. С. 218)](https://static.wixstatic.com/media/86b020_53009887227341ef866517631116be81~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_1379,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_53009887227341ef866517631116be81~mv2.jpg)
Скарачаючы імя інжынера Тадэвуша Корзана да ініцыяла («П.»), спадар Баравы пры гэтым робіць дзіўную апіску (замест «Т.») і далей піша пра яго: «Сведения как о самом авторе, так и об истории создания «плана» фрагментарны, а документальные данные практически отсутствуют» (Боровой Р.В. Планы Минска как исторический источник // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Старонкі гарадскога жыцця. Зборнік навуковых артыкулаў / Уклад. Р.А. Аляхновіч; рэдкал.: В.Л. Лакіза (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская навука, 2025. С. 218). Там жа чытачу прапаноўваецца адсылка да першай публікацыі названага плана на старонках выдадзенай некалькімі гадамі раней цудоўнай кнігі-альбома «Мінск на старадаўніх картах і планах» і да змястоўнага каментара да гэтай публікацыі, аўтарства якога, паводле слоў спадара Баравога, належыць канкрэтна Паўлу Растоўцаву (аднаму з трох укладальнікаў кнігі-альбома).

Аўтар каментара, акрамя кароткага аналізу змястоўнай часткі і высвятлення абставін узнікнення плана, робіць спробу ідэнтыфікацыі асобы яго складальніка, інжынера Тадэвуша Корзана, з саслоўнымі і прафесійнымі групамі тагачаснага Мінска, звяртаючыся да яго службовай біяграфіі, паходжання і роднасных сувязяў. У выніку, каментатар схіляецца да блізкага сваяцтва гэтага чалавека з выбітным польскім гісторыкам Тадэвушам Корзанам (1839–1918), мінчуком па нараджэнні, у якога быў сын-цёзка, што жыў якраз у «патрэбны» час: «Вельмі падобна, што мінскі інжынер Тадэвуш Корзан быў сынам (або сваяком) гісторыка Тадэвуша Корзана, але прамых доказаў пакуль не знойдзена» (Андрэеў І., Андрэева В., Растоўцаў П. Мінск на старадаўніх картах і планах. Мінск: Белкартаграфія, 2021. С. 63).

Але ці сапраўды біяграфічныя звесткі аб мінскім інжынеры Корзане настолькі фрагментарныя (для спадара Баравога) і ці не паспешна выказана праўдападобная (для складальніка-каментатара кнігі-альбома) меркаванне аб яго прыналежнасці да блізкага сямейнага асяроддзя гісторыка Корзана? Усё ж усталёўваць роднасныя сувязі паміж носьбітамі аднолькавага прозвішча, хай і з рэлевантнымі геаграфічнымі і храналагічнымі межамі, але на падставе толькі «прыдатных» імёнаў – крок даволі рызыкоўны і адказны. Што ўжо тут казаць, недастатковасць верыфікацыі такіх дадзеных – гэта «ахілесава пята» часцяком нават акадэмічных даследаванняў. Бо ўсякая роднасная сувязь павінна быць абгрунтавана крыніцамі. Іншая справа, што выяўленне адпаведных крыніц бывае працэсам даволі працаёмкім і без выразных вынікаў. І тым не менш, навука застаецца навукай.
![Фотаздымак гісторыка Тадэвуша Корзана, [каля 1894 г.] (Нацыянальная бібліятэка Польшчы. F. 10433). Крыніца лічбавай копіі](https://static.wixstatic.com/media/86b020_da6a168cdde041d3929217860375106f~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_737,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_da6a168cdde041d3929217860375106f~mv2.jpg)
Складальнікам-каментатарам кнігі-альбома «Мінск на старадаўніх картах і планах», напэўна, быў вядомы выдадзены 8 месяцамі раней дакументальны зборнік «Мінскі магістрат і гарадская рада ў дакументах (1919–1920 гг.)», дзе аб мінскім інжынеры Тадэвушы Корзане складальніцы Алена Дашкевіч і Анастасія Скеп’ян падрыхтавалі кароткую біяграфічную даведку (Мінскі магістрат і гарадская рада ў дакументах (1919–1920 гг.) / Уклад. А.Г. Дашкевіч, А.А. Скеп’ян; пер. з польск. А.А. Скеп’ян. Мінск: Выдавец А.М. Янушкевіч, 2020. С. 347. № 3). Зрэшты, у гэтай даведцы толькі вельмі коратка абагульненыя звесткі з дарэвалюцыйнай польскамоўнай газеты «Kurjer Wileński» («Kurjer Litewski»), сабраныя ў артыкуле пісьменніка і краязнаўца Леаніда Лаўрэша «Мінская электрастанцыя» для літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Маладосць» (Лаўрэш Л. Мінская электрастанцыя // Маладосць. 2016. № 1. С. 108, 112). Спадарыні Дашкевіч і Скеп’ян таксама справядліва падвялі да таго, што гэтага Тадэвуша Корзана лёгка зблытаць з яшчэ адным мінскім інжынерам таго часу – Уладзіславам Корзанам, аднак пры гэтым яны абмінулі маўчаннем тое, што інжынеры Тадэвуш і Уладзіслаў – родныя браты і, больш за тое, у іх быў яшчэ адзін брат-інжынер – Стэфан, усе трое – сыны Тэафіла Корзана і ўраджэнцы Мінска. Таму некаторая падстава блытаць гэтыя тры – не тое што дзве! – асобы, ды яшчэ якія працавалі ў адзін час у адным горадзе, бадай, усё ж маецца. І, падобна, братоў інжынераў-тэхнолагаў Корзанаў блыталі нават сучаснікі, калі, напрыклад, у ліпені 1906 г. у мясцовай прэсе пісалі пра дырэктара Мінскай гарадской электрастанцыі Корзана як «inżyniera p[ana] S. Korzona» ([Kronika krajowa]. Mińsk // Kurjer Litewski. 1906. № 151 (8/21 lipca). S. 3), як быццам гаворка ішла пра яго малодшага брата Стэфана… Ці гэта ўсё ж блытаюцца спадарыні Дашкевіч і Скеп’ян услед за спадаром Лаўрэшам, а інжынера Тадэвуша Корзана ў 1905/1906 г. на пасадзе дырэктара электрастанцыі на непрацяглы час і сапраўды змяніў яго брат Стэфан?


Так, рэальнасць аказалася яшчэ больш складанай і заблытанай: сярод мінскіх Корзанаў было не толькі Тадэвушы тры, але і тры інжынеры-тэхнолагі – родныя браты з рознымі імёнамі. Увогуле Корзаны (у гістарычнай першааснове – Корзуны) герба «Марскі кот» – гэта старажытны род слуцкіх зямян, што з цягам часу моцна разгалінаваўся. Каб адчуць «падвох» з наяўнасцю некалькіх зусім розных Тадэвушаў у генеалогіі Корзанаў, дастаткова было адкрыць, напрыклад, аўтарытэтнае выданне амаль стогадовай даўніны – «Гербоўнік татарскіх родаў у Польшчы» Станіслава Дзядулевіча, дзе мы сустракаем Тадэвуша сярод сыноў Тэафіла-Леанарда (разам з Конрадам, Уладзіславам і Стэфанам), гэта значыць у адной з паралельных галін, якая з галіной гісторыка Тадэвуша Корзана, паводле даступных крыніц, не перасякаецца ў прынцыпе (Dziadulewicz S. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. Wilno: Drukarnia «LUX» Ludwika Chomińskiego, 1929. S. 413–414).

На тое, што сын гісторыка Тадэвуш-Тэафіл Тадэвушавіч Корзан ніяк не мог быць тым інжынерам і дырэктарам Мінскай гарадской электрастанцыі, які склаў гістарычны план Мінска, прама ўказваюць даўно даступныя звесткі пра яго, напрыклад, у вядомым біяграфічным даведніку «Czy wiesz kto to jest?», упершыню выдадзеным у 1938 г. і перавыдадзеным у 1983 г. у Варшаве (Czy wiesz kto to jest? / Pod ogólną redakcją Stanisława Łozy; przedruk techniką fotooffsetową wykonany w Zakładach Graficznych RSW Prasa Książka Ruch w Ciechanowie z wydania z roku 1938. Warszawa: Wydawnictwa Artystyczne i Filmowe, 1983. S. 365). У Мінску ж, на радзіме свайго бацькі, ён ніколі не жыў і не працаваў, але нарадзіўся, жыў і памёр у Варшаве, па прафесіі быў лекарам (хірургам), працаваў у розных шпіталях, у 1920-я гг. служыў у Ваенным санітарным інстытуце Войска Польскага, даслужыўся да звання падпалкоўніка, затым працаваў памочнікам дырэктара Ваеннага музея ў Варшаве.

Канчаткова закрываюць пытанне аб немагчымасці блізкіх роднасных сувязяў паміж Тадэвушам-гісторыкам і Тадэвушам-інжынерам вядомая манаграфія польскай даследчыцы Іяланты Кальбушэўскай аб жыцці і прафесійным шляху гісторыка пад назвай «Тадэвуш Корзан (1839–1918). Паміж штодзённасцю, навукай і служэннем народу» (Kolbuszewska J. Tadeusz Korzon (1839–1918). Między codziennością, nauką a służbą narodowi. Łódź: Wydawnictwo Uniwersytetu Łódzkiego, 2011. 366 s.) і падрабязны артыкул аб сыне гісторыка лекары Тадэвушы-Тэафіле Корзане ў біяграфічным даведніку Гжэгажа Блашчыка, прысвечанага студэнтам-палякам Дэрпцкага ўніверсітэта (Błaszczyk G. Dorpatczycy. Polscy studenci na Uniwersytecie Dorpackim w latach 1802–1918 i ich dalsze losy. Słownik biograficzny. T. II: I–M. Poznań: Wydawnictwo Naukowe FNCE, 2022. S. 273–275).

У нашыя ж дні, праз дзесяцігоддзі пасля Дзядулевіча, яшчэ больш дакладныя, поўныя і дакументальна вычарпальныя пакаленныя роспісы Корзанаў (Корзунаў), заснаваныя на крытычна асэнсаваным архіўным матэрыяле, былі прадстаўлены незвычайна таленавітым і праніклівым даследчыкам шляхецкай генеалогіі Яўгенам Глінскім на старонках апошняга выдадзенага тома «Гербоўніка беларускай шляхты» (Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 8. Ч. 2: К (Касабуцкія – Корзуны) / Я.С. Глінскі (кіраўнік), Д.Ч. Матвейчык; рэдкал.: М.М. Глушакоў (старшыня) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2024. С. 663–702). Фактычна гэты том пабачыў свет у студзені 2025 г., а зборнік «Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі» з артыкулам спадара Баравога быў падпісаны да друку толькі 15 верасня таго ж года. Іншымі словамі, радаводы Корзанаў з наяўнасцю ў іх розных Тадэвушаў, уключаючы мінскага інжынера, ужо 8 месяцаў як былі ўведзеныя ў навуковы ўжытак.
Радаводы Тадэвуша-гісторыка і Тадэвуша-інжынера Корзанаў Яўген Глінскі аформіў у «Гербоўніку» не проста як аўтаномныя галіны ўмоўна адзінага роду, а ўвогуле як асобныя роды, генеалагічную сувязь паміж якімі абгрунтаваць дакументальна наўрад ці магчыма (калі, канешне, не браць пад увагу разнастайныя сямейныя легенды і канцылярскія выдумкі). Пакаленныя роспісы на гэты конт багата забяспечаныя іх аўтарам каштоўнымі крытычнымі заўвагамі і змястоўнымі каментарамі крыніцазнаўчага характару.
![Артыкул Яўгена Глінскага ў «Гербоўніку беларускай шляхты», прысвечаны роду гісторыка Тадэвуша Корзана (Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 8. Ч. 2: К (Касабуцкія – Корзуны) / Я.С. Глінскі (кіраўнік), Д.Ч. Матвейчык; рэдкал.: М.М. Глушакоў (старшыня) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2024. С. 663–664)](https://static.wixstatic.com/media/86b020_a30c42ed534f427dbd229981d25e0ef1~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_739,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_a30c42ed534f427dbd229981d25e0ef1~mv2.jpg)

![Фрагменты артыкула Яўгена Глінскага ў «Гербоўніку беларускай шляхты», прысвечанага роду інжынераў-тэхнолагаў братоў Уладзіслава, Тадэвуша і Стэфана Тэафілавічаў Корзанаў (Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 8. Ч. 2: К (Касабуцкія – Корзуны) / Я.С. Глінскі (кіраўнік), Д.Ч. Матвейчык; рэдкал.: М.М. Глушакоў (старшыня) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2024. С. 667–668, 671, 674)](https://static.wixstatic.com/media/86b020_2d47a4a7ac4a4c568ba90c3c20ceb56c~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_735,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_2d47a4a7ac4a4c568ba90c3c20ceb56c~mv2.jpg)
У святле гэтага скрупулёзнага даследавання Яўгена Глінскага, а таксама дадатковага вывучэння намі некаторых адкрытых крыніц (дарэвалюцыйных «Памятных книжек» і ведамасных даведачных выданняў, сучасных навуковых даведнікаў і дакументальных зборнікаў, тэматычных анлайн-рэсурсаў і інш.) і асобных архіўных дакументаў вымалёўваецца наступная генеалагічная і біяграфічная карціна. У старшага рэвізора Мінскай кантрольнай палаты Тэафіла-Леанарда Дзмітрыевіча Корзана (1822–1892), які даслужыўся да чыну стацкага саветніка, да таго ж, буйнога домаўладальніка ў Мінску і гласнага Мінскай гарадской думы, сярод як мінімум семярых яго дзяцей ад двух шлюбаў былі сыны Уладзіслаў (1873–1929), Тадэвуш (1876–1943) і Стэфан (1880–1938), якіх, апроч брацкіх повязяў, па жыцці шмат чаго аб’ядноўвала. Усе трое – былі ахрышчаны ў Мінскім кафедральным касцёле, тэхнары па складзе розуму, скончылі Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут імператара Мікалая I, інжынеры-тэхнолагі па спецыяльнасці, гарачыя прыхільнікі польскай ідэі, жылі і працавалі ў родным Мінску аж да эвакуацыі ў 1920 г. адтуль у Варшаву, дзе і знайшлі свой апошні зямны прытулак на Старых Павонзках.
Уладзіслава і Стэфана, то бок самага старэйшага і самага малодшага з трох братоў, паміж сабой яшчэ аб’ядноўвала тое, што яны абодва, па-першае, доўгі час працавалі ў Мінску на Лібава-Роменскай чыгунцы: Уладзіслаў – з 1900 да 1918 гг. інжынерам для тэхнічных заняткаў тэхнічнага аддзела (інжынерам для асобых даручэнняў) службы шляху (у каментарах спадарынь Дашкевіч і Скеп’ян да дакументаў зборніка «Мінскі магістрат і гарадская рада…» Уладзіслаў некарэктна названы «інжынерам-чыгуначнікам», нібыта па спецыялізацыі ён быў інжынерам шляхоў зносін, а не інжынерам-тэхнолагам), Стэфан – з 1905 да 1918 гг. кантралёрам-механікам 4-га аддзела тэлеграфа станцыйнай службы, затым памочнікам начальніка матэрыяльнай службы, затым начальнікам тэхнічнага аддзела службы шляху (яго асабовая справа, дарэчы, ёсць у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі).

Па-другое, абодва браты, таксама даволі працяглы час, былі гласнымі Мінскай гарадской думы: Уладзіслаў – з 1900 да 1918 гг. (а не толькі «ў 1917–1918 гг.», як гэта сцвярджаюць спадарыні Дашкевіч і Скеп’ян у сваіх каментарах), Стэфан – з 1910 да 1917/1918 гг. (у 1917 г. браты балатаваліся ў гарадскую думу ад кааліцыйнага Польскага выбарчага камітэта). Зрэшты, дзейнасць Уладзіслава ў гарадской думе была не толькі больш працяглай, але і больш адказнай, паколькі ў 1917–1918 гг. яго прызначалі старшынёй спецыяльна створаных думскіх камісій для рэвізіі дзейнасці камісіі па задавальненні надзённых патрэб горада Мінска і для ўладкавання Народнага дома «ў памяць Рускай рэвалюцыі 28 лютага 1917 г.» (Органы власти и управления Временного правительства России, германской и польской военных администраций, структур БНР на территории Беларуси (1917–1920 гг.): Справочник / С.С. Рудович [и др.]; под ред. С.С. Рудовича. Минск: БелНИИДАД, 2020. С. 165).
Ну і, па-трэцяе, абодва браты пражывалі ў Мінску ў пакінутым ім ад бацькі доме па Юр’еўскай вуліцы. Уладзіслаў, у дадатак да ўсяго, у дарэвалюцыйны перыяд некаторы час займаў пасаду архітэктара Мінскага вольна-пажарнага таварыства, а 18 сакавіка 1918 г. быў абраны ў Савет Першага Усебеларускага з’езда ад Мінскай гарадской думы і фігураваў у спісе членаў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад гарадскога самакіравання за красавік 1918 г. (Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. I. Фонд № 582 Дзяржаўнага Архіву Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі») / Уклад. С. Шупа. Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва; Таварыства Беларускага Пісьменства; НАША НІВА, 1998. Кн. 1. С. 57–58, 99). Нам незразумела, што мелі на ўвазе ў сваіх каментарах спадарыні Дашкевіч і Скеп’ян, сцвярджаючы, што Уладзіслаў «пасля 1920 г. жыў на Беласточчыне», але куды важней было б сказаць, што ў 1920-я гг. ён працаваў інспектарам Міністэрства камунікацыі (чыгунак) Польскай Рэспублікі.
А вось прафесійная дзейнасць у Мінску сярэдняга з гэтых трох сыноў Тэафіла-Леанарда Корзана – Тадэвуша – была, бадай, яшчэ больш адказнай і інтэнсіўнай. У няпросты рэвалюцыйны час 1905–1906 гг. (або ў 1904–1905 гг.), а потым у 1911–1920 гг. ён займаў пасаду дырэктара Мінскай гарадской электрастанцыі ці, як яна яшчэ называлася, водаправодна-электрычнай станцыі (звесткі пра яго, дарэчы, ёсць у матэрыялах Усерасійскага прамысловага і прафесійнага перапісу 1918 г.). Леанід Лаўрэш у сваім артыкуле для часопіса «Маладосць» сабраў адны з самых яркіх эпізодаў гэтай дзейнасці Тадэвуша, выяўленыя ім у мясцовай дарэвалюцыйнай польскамоўнай перыёдыцы (Лаўрэш Л. Мінская электрастанцыя // Маладосць. 2016. № 1. С. 108–113). Леанід Маракоў у сваім манументальным даведніку адзначае, што Тадэвуш («Ф[аддей] Ф[еофилович]») жыў у памяшканнях пры Мінскай электрастанцыі ў 1912–1917 гг. (Маракоў Л.У. Галоўная вуліца Мінска, 1880–1940 гг. Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. Кн. 2. С. 208). На працягу амаль аднаго года, са жніўня 1919 г. да ліпеня 1920 г., пры паляках, інжынер Тадэвуш Корзан быў таксама лаўнікам, першым намеснікам бурмістра і кіраўніком тэхнічна-будаўнічай секцыі Мінскага гарадскога магістрата. Аб гэтай яго дзейнасці дастаткова падрабязнае ўяўленне даюць дакументы згаданага зборніка «Мінскі магістрат і гарадская рада…».
![Звесткі пра дырэктара Мінскай гарадской электрастанцыі інжынера Корзана на старонках дарэвалюцыйнай польскамоўнай перыёдыкі ([Kronika krajowa]. Mińsk // Kurjer Litewski. 1906. № 151 (8/21 lipca). S. 3; [Prowincja]. Mińsk // Kurjer Wileński. 1911. № 20 (26 stycznia / 8 lutego). S. 3)](https://static.wixstatic.com/media/86b020_fd9287f5582d436981fb6c26139edd61~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_692,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_fd9287f5582d436981fb6c26139edd61~mv2.jpg)

А адносна галіны ці, лепш сказаць, роду гісторыка Корзана ад сябе мы яшчэ дададзім (паколькі пакаленны роспіс у «Гербоўніку беларускай шляхты» абрываецца на яго бацьку з-за адсутнасці ў фондзе Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу асобнай справы аб дваранскім паходжанні менавіта гэтага роду), што ў канцылярскага чыноўніка Мінскага губернскага праўлення, адстаўнога губернскага сакратара (па іншых звестках – калежскага асэсара) АДАМА-Рамана Янавіча Корзана (1804–1863), мінчука па нараджэнні, і яго жонкі Генрыеты, народжанай Лавушынскай (каля 1824 – 1864), гэты ТАДЭВУШ-Сільвестр (1839–1918), што стаў выбітным польскім гісторыкам, быў адзіным дзіцём (калі не лічыць памерлых немаўлятамі дачку Людмілу і іншых магчымых дзяцей). Але па прамой мужчынскай лініі галіна гісторыка Корзана згасла, паколькі ў яго з жонкай Ядзвігай, народжанай Кульвець (1837–1905), былі дзеці ВАНДА-Стэфанія (1863–1950), Адам (нарадзіўся ў кастрычніку і памёр у лістападзе 1864 г. немаўлём) і ўжо згаданы лекар ТАДЭВУШ-Тэафіл (1872–1943), які быў жанаты (з Ядзвігай, народжанай Буш), але дзяцей не меў.

Дарэчы, бацьку гісторыка, Адаму Корзану, род якога быў прызнаны ў дваранстве толькі мясцовым дваранскім дэпутацкім сходам, без зацвярджэння Сенатам, выслужаны чын даваў права толькі на асабістае дваранства, не спадчыннае. Вось чаму 20-гадовы Тадэвуш (Фадзей), настаўнік гісторыі Ковенскай губернскай гімназіі, у фармулярным спісе аб службе за студзень 1860 г. у графе аб сваім паходжанні пазначаны як «обер-офицерский сын».


Некалькі пакаленняў блізкіх сваякоў гісторыка Тадэвуша Корзана па ўзыходзячай лініі знайшлі спакой на Мінскіх Кальварыйскіх могілках: у 1833 г. – бабка Марыяна Корзан, народжаная Будзінская, у 1839 г. – маленькая сястра Людміла, у 1849 г. – дзядзька Апалон Корзан, у 1863 г. – бацька Адам і ў 1864 г. – маці Генрыета. Першым там быў пахаваны яго дзед Ян, верагодна, у 1807 г. (Завальнюк У., Сакалоўская А. Кальварыя: што захавала памяць. Мінск: Рымска-Каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2019. С. 236). А вось сам Тадэвуш разам са сваёй жонкай і двума дзецьмі са сваімі мужам і жонкай спачываюць у Варшаве на Старых Павонзках. Там жа пахаваны і трэці Тадэвуш Корзан – мінскі інжынер, які жыў у Варшаве з 1920 г. Адметна, што і Тадэвуш-лекар (сын Тадэвуша-гісторыка), і Тадэвуш-інжынер не толькі адносіліся да пакалення 1870-х гг., але і памерлі ў адзін і той жа год – 1943. Таму тут сапраўды вельмі лёгка заблытацца.

Як бачым, у гісторыі Мінска і Варшавы Тадэвушаў Корзанаў было тры, а інжынераў з такім імем – толькі адзін. Але былі і тры інжынеры-тэхнолагі Корзаны – родныя браты. Ну а марскі кот у выглядзе герба, вядома ж, быў адзін на ўсіх. Пры гэтым Тадэвуш-інжынер ні сынам, ні сваяком Тадэвушу-гісторыку не даводзіўся: акрамя прозвішча, імя і марскога ката, іх аб’ядноўвала хіба што любоў да роднага горада (гісторык нам пакінуў вельмі цікавыя ўспаміны пра Мінск, а інжынер – згаданы гістарычны план Мінска). На шчасце, сучасныя навуковыя публікацыі разам з некаторым дадатковым вывучэннем крыніц дапамагаюць паспяхова прайсці гэты генеалагічны квэст.




Comments