top of page

Генеалагічны блог прафесійнага архівіста

Тут змешчаны фатаграфіі дакументаў, старых здымкаў, гісторыя маёй сям'і, парады як пачаць/працягнуць вашы даследаванні, інфармацыя пра спецыфіку працы ў архівах Усходняй Еўропы, як зрабіць даархіўны пошук і г.д.

Аб паходжанні Галі(ны) Мікалаеўны Клумавай – жонкі слыннага мінскага доктара

  • 16 hours ago
  • 6 min read

24-гадовы студэнт медыцынскага факультэта Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта Яўген Уладзіміравіч Клумаў (1876–1944), у будучым выбітны лекар, пакараны ўдзельнік Мінскага падполля і Герой Савецкага Саюза пасмяротна, 8 студзеня 1901 г., паспеўшы атрымаць блаславенне свайго цяжкахворага бацькі, абвянчаўся з Галі Мікалаеўнай Андрэевай, 19-гадовай дачкой ганаровага міравога суддзі, надворнага саветніка, у Маскоўскай царкве ў імя Неапалімай Купіны паблізу Дзявочага поля (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 2125. Воп. 2. Спр. 77. Арк. 365 адв.–366. № 2). Праз тры тыдні, 31 студзеня, бацька жаніха – 65-гадовы падольскі мешчанін Маскоўскай губерні Уладзімір Львовіч Клумаў – пойдзе з жыцця, сканаўшы «ад прагрэсіўнага паралічу», і будзе пахаваны на Маскоўскіх Увядзенскіх (Іншаверскіх, Нямецкіх) могілках, аб чым сведчыць запіс у метрычнай кнізе Маскоўскай царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца на Трох Гарах у Новым Ваганькаве (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 203. Воп. 776. Спр. 641. Арк. 158 адв.–159. № 15-муж).

Актавы запіс у метрычнай кнізе Маскоўскай царквы ў імя Неапалімай Купіны паблізу Дзявочага поля аб шлюбе (8 студзеня 1901 г.) Яўгена Уладзіміравіча Клумава і Галі Мікалаеўны Андрэевай (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 2125. Воп. 2. Спр. 77. Арк. 365 адв.–366. № 2)

Яўген Уладзіміравіч і Галі Мікалаеўна Клумавы, 1910-я гг. (Архіў Дзяржаўнага Дарвінаўскага музея, г. Масква). Крыніца лічбавай копіі
Яўген Уладзіміравіч і Галі Мікалаеўна Клумавы, 1910-я гг. (Архіў Дзяржаўнага Дарвінаўскага музея, г. Масква). Крыніца лічбавай копіі

У губернскім Мінску доктар Яўген Клумаў жыў і працаваў з пачатку 1915 г., калі ён скончыў службу ўчастковага земскага ўрача ў Рэчыцкім павеце і быў прызначаны на пасаду малодшага ардынатара Мінскага [хірургічнага] шпіталя Чырвонага Крыжа ваеннага часу. Там жа ў наступным годзе ён атрымаў чын тытулярнага саветніка. Затым Клумаў узначальваў хірургічнае аддзяленне Мінскай губернскай бальніцы (у 1919–1920 гг.), служыў старшым хірургам у палявых франтавых шпіталях Чырвонай Арміі (у 1920–1921 гг.), а з 1921 г. загадваў хірургічным аддзяленнем 1-й савецкай бальніцы ў Мінску…

У сталіцы Савецкай Беларусі Галі Клумава, жонка доктара, працавала кіраўніком спраў Цэнтральнага камітэта Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У траўні 1923 г. яна звярнулася да начальніка Мінскай гарадской рабоча-сялянскай міліцыі з заявай аб выдачы ёй пашпарта:

«Прошу Вас выдать мне паспорт, ввиду того, что все последние года я не имею другого вида на жительство, как удостоверение по службе.

Мой же личный прежний паспорт давно затерян, да и раньше уже утратил силу, так как был просрочен».

Заява Галі Мікалаеўны Клумавай у Мінскую гарадскую рабоча-сялянскую міліцыю аб выдачы ёй пашпарта, 26 траўня 1923 г. (з далейшай рэзалюцыяй ад 27 траўня 1923 г.) (Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 88). Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski

Да гэтай заявы яна прыклала тры дакументы.

1.

Натарыяльна завераную копію пасведчання аб яе нараджэнні, выдадзенага Маскоўскай духоўнай кансісторыяй 12 сакавіка 1886 г.

Крыніца: Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 89–89 адв. Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski
Крыніца: Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 89–89 адв. Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski

2.

Натарыяльна завераную копію пасведчання аб яе службе ў Цэнтральным камітэце Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, выдадзенага ў студзені 1923 г. (з пазнейшай рэзалюцыяй аб падаўжэнні тэрміну яго дзеяння да 1 чэрвеня 1923 г.).

Крыніца: Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 90. Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski
Крыніца: Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 90. Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski

3.

Пасведчанне, выдадзенае Мінскім губернскім аддзелам Усерасійскага аб’яднанага саюза работнікаў хімічнай прамысловасці 26 траўня 1923 г., аб яе пражыванні ў г. Мінску па адрасе: вул. Валадарскага (былая вул. Серпухаўская), д. 21, кв. 9.

Крыніца: Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 91. Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski
Крыніца: Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 91. Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski

На наступны дзень на яе заяве была пастаўлена ў міліцыі рэзалюцыя:

«Для служащих <…> учреждения паспорта необязательны. Если же Вы хотите получить паспорт, представьте копию брачной метрики».

Чым скончылася гэтая задума з пашпартам, да канца незразумела. Але, хутчэй за ўсё, заява прасіцелькі была задаволена, паколькі ў той жа нарад заяў, пасведчанняў і пашпартоў грамадзян горада Мінска з прозвішчамі на літару «К» за 1922–1923 гг. амаль на 900 аркушах, што захоўваецца ў фондзе Упраўлення Мінскай гарадской рабоча-сялянскай міліцыі (Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27), асобна была падшыта і копія пасведчання аб шлюбе Клумовых, неабходная для атрымання пашпарта.

Галі Мікалаеўна Андрэева нарадзілася 20 кастрычніка 1881 г. у Маскве ад змяшанага шлюбу праваслаўнага і лютэранкі і была ахрышчана 28 кастрычніка ў Маскоўскай царкве святога Мікалая Цудатворца на Студзянцы (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 203. Воп. 776. Спр. 723. Арк. 122 адв.–123. № 81-жан). Натарыяльна завераная савецкая копія яе пасведчання аб нараджэнні, выдадзенага Маскоўскай духоўнай кансісторыяй у 1886 г., адрозніваецца ад арыгінальнага метрычнага запісу па сутнасці свайго зместу толькі адсутнасцю ўдакладняльнай пазнакі пра тое, што ў Маскве нованароджаная дзяўчынка з’явілася на свет у доме Файдыша (Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 398. Воп. 2. Спр. 27. Арк. 89).

Актавы запіс у метрычнай кнізе Маскоўскай царквы святога Мікалая Цудатворца на Студзянцы аб нараджэнні (20 кастрычніка 1881 г.) і хрышчэнні (28 кастрычніка 1881 г.) Галі Мікалаеўны Андрэевай – будучай жонкі доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 203. Воп. 776. Спр. 723. Арк. 122 адв.–123. № 81-жан)

Маскоўская царква свяціцеля Мікалая Цудатворца на Студзянцы ў год нараджэння (1881) ахрышчанай у ёй Галі Мікалаеўны Андрэевай – будучай жонкі доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава. Фотагравюра. Крыніца

Дарэчы, афіцыйнай формай імя жонкі доктара Клумава была менавіта «Галі» (назоўны склон), не «Галіна» і не «Галя». Так яна не толькі запісаная ў царкоўнай метрычнай кнізе, але і называецца ў дакументах савецкага часу. Хаця ва ўсемагчымых публікацыях працягвае ўжывацца больш звыклая форма – «Галіна».

Калегі са «Скарба» неяк апублікавалі бланк абследавання жылога памяшкання доктара Яўгена Клумава, запоўнены 7 лютага 1925 г. паводле вусных паказанняў яго жонкі. Сярод асоб, што пражывалі ў гэтай кватэры па вуліцы Валадарскага ў Мінску, была зафіксавана 30-гадовая дзяўчына «Андреева Вероника» з прамым указаннем яе адносін да галавы сям’і як «св.», то бок «свояченица», сястра жонкі. Аказваецца, малодшая сястра Галі Клумавай Вераніка (1894 г. нар.) у сярэдзіне 1920-х гг. жыла разам з імі ў беларускай сталіцы, дзе яна была ўладкавана (відаць, не без садзейнічання самога доктара Клумава) у савецкія ўстановы на пасаду машыністкі.

Адваротны бок бланка абследавання кватэры доктара Яўгена Клумава па вуліцы Валадарскага ў г. Мінску з пералікам усіх яе жыхароў, 7 лютага 1925 г. (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 93. Воп. 3. Спр. 431. Арк. 55 адв.). Крыніца лічбавай копіі

Бацькі Галі – Мікалай Міхайлавіч Андрэеў (1844–1902), прадстаўнік дваранскага роду, унесенага ў 3-ю частку дваранскай радаводнай кнігі Разанскай губерні, дасведчаны юрыст, ганаровы міравы суддзя горада Масквы, які даслужыўся да чына калежскага саветніка, памешчык Саратаўскай губерні, і Юлія Андрэеўна (Генрыхаўна) Аўэрбах (каля 1852 – не раней за 1917), папячыцелька 2-га Грузінскага гарадскога жаночага вучылішча ў Маскве. Пасля шлюбу Галі яе бацька не нашмат перажыў бацьку яе мужа Клумава. Выяўлены намі запіс у метрычнай кнізе Маскоўскай царквы ў імя Неапалімай Купіны паблізу Дзявочага поля сведчыць, што 2 кастрычніка 1902 г. 55-гадовы (у сапраўднасці – 58-гадовы) Мікалай Міхайлавіч Андрэеў памёр «ад хваробы галаўнога мозга» і быў пахаваны на могілках Новадзявочага манастыра (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 2125. Воп. 2. Спр. 77. Арк. 432 адв.–433. № 9-муж).

Актавы запіс у метрычнай кнізе Маскоўскай царквы ў імя Неапалімай Купіны паблізу Дзявочага поля аб смерці (2 кастрычніка 1902 г.) і пахаванні (4 кастрычніка 1902 г.) ганаровага міравога суддзі горада Масквы калежскага саветніка Мікалая Міхайлавіча Андрэева – цесця доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 2125. Воп. 2. Спр. 77. Арк. 432 адв.–433. № 9-муж)

Аб продках жонкі доктара Клумава можна распавесці шмат цікавага. Але пакуль спынімся на тым, што сярод іх, як па бацькавай, так і па матчынай лініях, нямала выдатных асоб з асяроддзя служылага дваранства. Больш далёкія продкі Галі па маці – Аўэрбахі – былі купцамі з Саксоніі, што атабарыліся ў Эстляндыі. Яе прадзед Андрэй (Генрых) Якаўлевіч Аўэрбах (1776–1845) вядомы не толькі як аптэкар і памешчык, але і як паспяховы прадпрымальнік, уладальнік фаянсавай фабрыкі ў Карчаўскім павеце Цвярской губерні. Менавіта ён стаў заснавальнікам галіны роду Аўэрбахаў, унесенай у 1840-я гг. у 2-ю частку дваранскай радаводнай кнігі Цвярской губерні.

Дзед Галі – Андрэй Андрэевіч (Генрых Генрыхавіч) Аўэрбах, лютэранін, кашынскі павятовы лекар Цвярской губерні і ганаровы інспектар школ Карчаўскога павета, які даслужыўся да чына калежскага асэсара. Яго малодшай дачкой была Юлія, таксама лютэранка, якая, абвянчаўшыся 26 верасня 1877 г. у Маскоўскай царкве Іаана Багаслова на Броннай з прысяжным павераным Мікалаем Міхайлавічам Андрэевым (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 203. Воп. 776. Спр. 85. Арк. 231 адв.–232. № 7), і стала маці Галі.

Актавы запіс у метрычнай кнізе Маскоўскай царквы Іаана Багаслова на Броннай аб шлюбе (26 верасня 1877 г.) будучых цесця і цешчы доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 203. Воп. 776. Спр. 85. Арк. 231 адв.–232. № 7)

Жонка (злева) і цешча (справа) доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава. Крыніцы: тут і тут
Жонка (злева) і цешча (справа) доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава. Крыніцы: тут і тут

Сярод найбольш знакамітых нямецкіх продкаў жонкі доктара Яўгена Клумава неабходна таксама назваць дзвюх дачок памешчыка Саратаўскай губерні Фёдара Пятровіча фон Бергхольца (Берхгольца) – яе бабулю Анастасію, памерлую ў 1891 г., і Юлію (1827–1871). Абедзве сястры – замужам за братамі Аўэрбахамі (сынамі Андрэя Якаўлевіча Аўэрбаха) і абедзве – пісьменніцы.

Сын Анастасіі Фёдараўны, то бок дзядзька Галі, Аляксандр Андрэевіч Аўэрбах (1844–1916), быў вельмі выбітных горным інжынерам і буйным прадпрымальнікам, чыноўнікам горнага ведамства, даслужыўся да чына правадзейнага стацкага саветніка, першым у Расійскай імперыі ўжыў метад мікраскапічнага даследавання мінералаў, а таксама наладзіў вытворчасць ртуці, заснаваўшы руднік і ртутны завод у Бахмуцкім павеце Екацярынаслаўскай губерні, паблізу Горлаўкі, і за свае дасягненні ў гэтай галіне меў рэпутацыю «ртутнага караля».

Вялікім вучоным стаў і стрыечны брат дзеда Галі – Іван Багданавіч Аўэрбах (1815–1867), геолаг і мінеролаг, прафесар кафедры геалогіі Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі, член Маскоўскай гарадской думы.

Аўэрбахі – продкі Галі Мікалаеўны Клумавай па маці: дзед Андрэй Андрэевіч = Генрых Генрыхавіч (злева), прадзед Андрэй = Генрых Якаўлевіч (у цэнтры) і прапрадзед Якаў Іяганавіч-Генрыхавіч (справа). Крыніца

І, канешне жа, кідаецца ў вочы, што ў сацыяльным вымярэнні продкі Галі Мікалаеўны Андрэевай значна больш высокага палёту, чым Клумавы: калі па мужчынскай і жаночай лініях яна з’яўляецца нашчадкам дваран, буйных памешчыкаў і прадпрымальнікаў, то яе муж – сын усяго толькі мешчаніна (падольскага), які працаваў у Маскве, паводле неправераных звестак, прысяжным павераным (адвакатам).

Дарэчы, продкі Яўгена Уладзіміравіча Клумава з боку яго маці, Даратэі Васільеўны, як і продкі яго жонкі з боку яе маці Аўэрбахі і Бергхольцы (лютэране), былі іншаземнага паходжання. Ды вось толькі маці доктара па веравызнанні – рэфарматка (кальвіністка) і паходзіла, хутчэй за ўсё, не з немцаў, а з нямецкамоўных швейцарцаў. Зрэшты, гэтае пытанне мы яшчэ пастараемся праясніць у асобным допісе.

Актавы запіс у метрычнай кнізе Маскоўскай царквы Георгія Пераможца на Усполлі паблізу Кудрына аб нараджэнні (5 снежня 1876 г.) і хрышчэнні (2 студзеня 1877 г.) Яўгена Уладзіміравіча Клумава (Цэнтральны дзяржаўны архіў горада Масквы. Ф. 203. Воп. 756. Спр. 22. Арк. 215 адв.–216. № 1-муж). Маці будучага доктара па сваёй канфесійнай прыналежнасці пазначана як кальвіністка (рэфармацкага веравызнання)

Comments

bottom of page