top of page

Генеалагічны блог прафесійнага архівіста

Тут змешчаны фатаграфіі дакументаў, старых здымкаў, гісторыя маёй сям'і, парады як пачаць/працягнуць вашы даследаванні, інфармацыя пра спецыфіку працы ў архівах Усходняй Еўропы, як зрабіць даархіўны пошук і г.д.

«За вароты яўрэйскага сэрца…» Мінскі паэт Веніямін Блажэнны і таямніцы яго радаводу (заканчэнне)

Updated: Jan 26

ГЛЯДЗІЦЕ ПАЧАТАК, ПРАЦЯГ.


Шклоў і яўрэі. Крыніцазнаўчы

і гістарыяграфічны постскрыптум


Наколькі магчымы выхад на больш раннія пакаленні продкаў Веніяміна Блажэннага па прамой мужчынскай лініі? Пра абмежаванні рэканструкцыі генеалогіі Айзенштадтаў па масавых генеалагічных крыніцах я ўжо казаў. Дакументы НГАБ пацвердзілі шклоўскае паходжанне прозвішча паэта і дазволілі прасачыць яго радавод да пятага калена. Аднак любы спецыяліст па генеалогіі засведчыць, што дарэвалюцыйныя метрычныя кнігі, рэвізскія сказкі і пасямейныя спісы – гэта не адзіны комплекс крыніц для генеалагічных даследаванняў. Толькі ў выпадку са шклоўскімі Айзенштадтамі ўсе спробы прасунуцца на некалькі пакаленняў углыб толькі за кошт «пасуючых» імёнаў, без дадатковага дакументальнага абгрунтавання генеалагічнай сувязі з іх носьбітамі, дапамогуць выйсці хіба што на гіпатэтычных продкаў.


І хоць прозвішча «Айзенштадт», як мы ўбачылі, у сярэдзіне 1870-х гг. у мястэчку Шклове не была моцна распаўсюджаным, я не сумняваюся ў тым, што яно – карэннае, шклоўскае. Прычым некаторыя яго носьбіты яшчэ ў першай чвэрці ХІХ ст. карысталіся там вялікім аўтарытэтам. Так, у «Электронной еврейской энциклопедии» (удасканаленай версіі 11-тамовай «Краткой еврейской энциклопедии») у артыкуле, прысвечаным Шклову, мы сустракаем нават цёзку бацькі паэта: «У першай палове 19 ст. у Шклове жылі вядомыя мецэнаты Міхл Эйзенштадт, які быў абраны «дэпутатам яўрэйскага народа» ў 1818 г. і выконваў свае абавязкі ў Пецярбургу да 1825 г. <…>» (Шклов). Відаць, пра яго ж ідзе гаворка ў дакументах НГАБ і Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (РГИА):

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 461. Дело Канцелярии генерал-губернатора витебского, могилёвского, смоленского и калужского по отношению министра народного просвещения о продлении срока отпуска еврейским депутатам Айзенштату и Файтельсону от Шклова и Лепеля для пребывания в Комитете по разработке нового устава о положении евреев при Главном управлении духовных дел (07.08.1825–17.08.1825).

  • РГИА. Ф. 1526 (Комиссия для рассмотрения и уплаты долгов бывших владельцев Шкловского имения). Оп. 1. Д. 156–158. Дело по претензии шкловского жителя еврея Михеля Айзенштата к покойному владельцу Шкловского имения генерал-лейтенанту Семёну Зоричу на 768 руб. 59 коп. (03.02.1819). 75 л.

  • РГИА. Ф. 1526. Оп. 1. Д. 835. Дело по претензии шкловского жителя еврея Михеля Айзенштата к капитану Семёну Павловичу Черноевичу по расписке на 1000 руб. (17.09.1817). 20 л.

  • РГИА. Ф. 1526. Оп. 1. Д. 1014. Дело по производству попечителя Д.С. Ланского по изветам еврея Александра Цетлина на поверенных Шкловского еврейского общества Михеля И. Айзенштата и Пинуса Шика в недействительности данной им от еврейского общества доверенности (05.06.1819). 33 л.


Гістарыня Вольга Мінкіна ў сваім цікавым даследаванні «“Сыны Рахили”. Еврейские депутаты в Российской империи. 1772–1825» піша пра асобу і дзейнасць гэтага Міхеля Айзенштадта (Міхла Эйзенштадта) больш разгорнута, галоўным чынам на аснове архіўных крыніц:


«<…> Міхель Айзенштадт, заможны маскіл са Шклова <…>, належаў да плыні, вядомай у гістарыяграфіі як «шклоўская Хаскала»: руху за распаўсюджванне сярод яўрэяў свецкай культуры, памяркоўнай еўрапеізацыі, развіцця старажытнаяўрэйскай як літаратурнай мовы. <…> К моманту абрання дэлегатам на сход у Вільні (дзе ў 1818 г. праходзілі выбары яўрэйскіх дэпутатаў у Санкт-Пецярбург. – RadioSnapkouski) яго кар’ера ў якасці паверанага па справах шклоўскіх і магілёўскіх яўрэяў, паводле яго ўласных слоў, налічвала больш за трыццаць гадоў. Увесну 1817 г. ён, разам з <…> Пінхасам Шыкам (таксама дэлегаваным на сход выбаршчыкаў у 1818 г. у Вільні. – RadioSnapkouski), быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург у якасці паверанага яўрэяў Магілёўскай губерні. Згодна з выдадзенай ім шклоўскім кагалам даверанасцю, яны павінны былі дамагацца дазволу яўрэйскім купцам ажыццяўляць гандаль на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі, а таксама выступаць у абарону яўрэяў, што жывуць на памешчыцкіх землях і ўціскаюцца памешчыкамі. Акрамя таго, яны мусілі абараняць інтарэсы шклоўскіх яўрэяў у Камісіі па даўгах шклоўскага маёнтка» (Минкина О.Ю. «Сыны Рахили». Еврейские депутаты в Российской империи. 1772–1825. Москва: «Новое литературное обозрение», 2011. С. 166, 168).


Аўтарка кнігі таксама звяртае ўвагу на канфесійную ідэнтычнасць Айзенштадта як міснагіда і выразна адмяжоўвае яго (разам з Лейзерам Дылонам з Нясвіжа, Зундэлем Зонэнбергам з Гродна і Шмуэлем Эпштэйнам, «віленскім талмудыстам і грамадскім дзеячам») ад «хасідскага лагера» яўрэйскай дэпутацыі ў Санкт-Пецярбургу, які прадстаўлялі Бейнуш Лапкоўскі («віцебскі хасід і былы гарадскі галава») і Мардэхай-Маркус Файтэльсан («першай гільдыі купец і вядомы хасід з Лепеля», «належаў да ліку вядомых паслядоўнікаў хасідскага лідэра Шнеура Залмана»). У сувязі з гэтым Мінкіна робіць важную заўвагу: «Пры вызначэнні кандыдатуры яўрэйскага дэпутата браліся пад увагу ў першую чаргу яго маёмасны статус, сувязі з прадстаўнікамі ўлады і здольнасць размаўляць на яе мове, тады як рэлігійная арыентацыя магла ігнаравацца. Гэтымі каштоўнаснымі ўстаноўкамі маглі тлумачыцца такія феномены, як выпадак з віленскім сходам 1818 г., калі сход выбаршчыкаў, што складаўся з прадстаўнікоў міснагідской рабінскай эліты, абраў у якасці выразнікаў яўрэйскіх інтарэсаў двух вядомых дзеячаў хасідскага руху: Лапкоўскага і Файтэльсана» (Минкина О.Ю. «Сыны Рахили». Еврейские депутаты в Российской империи. 1772–1825. Москва: «Новое литературное обозрение», 2011. С. 171).


Верагодна, гэтага самага дэпутата Айзенштадта гісторык Саўл Гінзбург згадвае ў сваёй вядомай кнізе «Отечественная война 1812 года и русские евреи» ў якасці яўрэйскага пісьменніка (называючы яго «М. Айзенштадт»), які склаў для імператара Аляксандра I оду на перамогу ў вайне пад назвай «Schir thilo» («Песнапенне»), выдадзеную ў ІІІклове ў 1814 г., гэта значыць на замову Шклоўскага кагала (Гинзбург С.М. Отечественная война 1812 года и русские евреи. Санкт-Петербург: «Разум», 1912. С. 124). Прынамсі, Мінкіна ў сваім даследаванні гэтыя дзве асобы атаясамлівае.


Але хто быў гэты павераны Шклоўскай яўрэйскай грамады багач Міх(е)л(ь) Айзенштадт (Эйзенштадт), набліжаны да сталічных урадавых колаў эпохі Аляксандра I, ды яшчэ і одапісец? Продак (скажам, прапрапрадзед) Веніяміна Блажэннага? Ці хтосьці з яго больш далёкіх сваякоў? Пры адсутнасці «злучальных» крыніц гэтыя пытанні так і застануцца адкрытымі. Тое ж самае можна сказаць адносна разнастайных «спісаў» і эпізадычных згадак у архіўных дакументах па мястэчку Шклове асоб з прозвішчам «Айзенштадт».


Інвентары Шклоўскага графства за XVIII ст., што захоўваюцца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве (BCz) і Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх ва Уроцлаве (BZNiO), нам таксама не дапамогуць паглыбіцца. Па-першае, занадта шырокая храналагічная прорва паміж імі і выяўленымі продкамі паэта. А па-другое, у дакументах гаспадарча-адміністрацыйнага ўліку перыяду Рэчы Паспалітай у яўрэяў замест спадчынных прозвішчаў у большасці выпадкаў ужываліся патронімы (гэта значыць іх фіксавалі толькі па імені і імені па бацьку). Менавіта з гэтай прычыны інвентары, хоць і з’яўляюцца ў цэлым даволі інфарматыўнай гістарычнай крыніцай, утрымліваючы ў сабе ў тым ліку імянныя спісы жыхароў-яўрэяў, моцна ўскладняюць даследаванні па яўрэйскай генеалогіі. Можна казаць пра адсутнасць у той час у яўрэйскага насельніцтва пастаянных прозвішчаў, якія пачалі фармавацца толькі з правядзеннем народных перапісаў (рэвізій) у Расійскай імперыі.


Інвентар Шклоўскага графства за 1727 г., тытульны аркуш і фрагмент з пералікам мяшчан-яўрэяў і -хрысціян (BZNiO. Dział rękopisów. Sygn. 5167/II. K. 1, 25). Крыніца лічбавай копіі
Інвентар Шклоўскага графства за 1727 г., тытульны аркуш і фрагмент з пералікам мяшчан-яўрэяў і -хрысціян (BZNiO. Dział rękopisów. Sygn. 5167/II. K. 1, 25). Крыніца лічбавай копіі
Інвентар Шклоўскага графства за 1776–1777 гг., тытульны аркуш і фрагмент з пералікам яўрэйскіх і хрысціянскіх жыхароў (BCz. Archiwum i Zbiór Rękopisów. Sygn. 9271. K. 2, 18). Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski
Інвентар Шклоўскага графства за 1776–1777 гг., тытульны аркуш і фрагмент з пералікам яўрэйскіх і хрысціянскіх жыхароў (BCz. Archiwum i Zbiór Rękopisów. Sygn. 9271. K. 2, 18). Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski

У беларуска-літоўскіх губернях пры правядзенні 4-й і 5-й рэвізій строгасці ва ўліку яўрэяў па прозвішчах яшчэ не было. У гэтых ранніх перапісах у пераважнай большасці яўрэйскага насельніцтва прозвішчы адсутнічалі. І толькі пасля прыняцця палажэння «О устройстве евреев», зацверджанага імператарам 9 снежня 1804 г., якое на агульнадзяржаўным узроўні прама прадпісвала кожнаму яўрэю пры пастаноўцы на саслоўны ўлік «иметь или принять известную свою наследственную фамилию или прозванье, которое и должно уже быть сохраняемо во всех актах и записях без всякой перемены, с присовокуплением к оному имени, данного по вере или при рождении» (Полное собрание законов Российской империи, с 1649 года / Собрание 1-е. СПб., 1830. Т. XXVIII. № 21547. С. 734. § 32), пры правядзенні чарговай – 6-й – рэвізіі (1811 г.) у яўрэяў Беларусі і Літвы сталі масава з’яўляцца прозвішчы ў рэвізскіх сказках. Менавіта гэтае пытанне закранаў, разважаючы аб узнікненні свайго прозвішча, генерал-лейтэнант Міхаіл Уладзіміравіч Грулёў (хрышчаны яўрэй), чые продкі-яўрэі паходзілі з былога Полацкага намесніцтва, калі напрыканцы 1920-х гг. пісаў у сваіх успамінах: «Ці насіў мой дзед і прадзед прозвішча Грулёў, я не ведаю, таму што ніякіх аксамітных ці каленкоравых кніг у яўрэяў, вядома, не было. Ды і прозвішчы, увогуле, сярод яўрэяў уведзены былі толькі гадоў сто таму, адначасова з так званай «першай рэвізскай сказкай». Тады ад яўрэяў запатрабавалі, каб галава сям’і, акрамя імя, меў і прозвішча» (Грулев М. Записки генерала-еврея. Париж: Imprimerie «Pascal», 1930. С. 18).


Гісторыя яўрэйскага Шклова, канешне, вельмі займальная, асабліва яе саракагадовы перыяд паміж першым падзелам Рэчы Паспалітай і вайной 1812 года, калі гэтае мястэчка з’яўлялася, паводле выразу гісторыка Дэвіда Фішмана, «культурнай сталіцай расійскага яўрэйства» (Фишман Д. Шкловцы: первые российские евреи Нового времени / Пер. с англ. А. Фруман. Москва: «Книжники», 2020. С. 23), у тым ліку цэнтрам Ѓаскалы і барацьбы мітнагедаў і хасідаў. Аднак роля і месца прамых продкаў Веніяміна Блажэннага ў гэтых бурлівых працэсах наўрад ці даступныя для разумення. Хіба што захоўваецца некаторая інтрыга адносна асобы шклоўскага адукаванага «арыстакрата» і «песняра імперыі» Міхла (Міхеля) Айзенштадта, які прадстаўляў яўрэйскую дэпутацыю ў Санкт-Пецярбургу ў 1818–1825 гг. (чыста храналагічна ён нават падыходзіць пад бацьку прапрадзеда паэта). Рэха тых гістарычных выклікаў, з якімі сутыкалася шклоўскае яўрэйства, у тэкстах і маналогах Веніяміна Блажэннага калі і можна ўлавіць, то, бадай, з вялікай цяжкасцю.


Часам Веніямін Міхайлавіч задумваецца аб сваім манументальна гучным «тапанімічным» яўрэйскім прозвішчы і, нібы спрабуючы хоць неяк запоўніць генеалагічны вакуум, «геаграфізуе» яго паходжанне. З аднаго боку, будучы чалавекам з гістарычнай адукацыяй і некаторым прафесійным бэкграўндам школьнага настаўніка гісторыі, якому не павінны быць чужыя асновы анамастыкі, а з другога боку, давяраючыся сваёй паэтычнай інтуіцыі, не грэбуючы мастацкай выдумкай і, магчыма, звяртаючыся да нейкага сямейнага падання, 63-гадовы аўтар піша яшчэ адзін, яркі і прыгожы, верш з «генеалагічнага» цыклу:


* * *

Айзенштадт – это город австрийский,

И мне думать об этом занятно:

Может быть, продают в нём сосиски,

Может, слушают музыку Гайдна.


Может быть, в этом городе следом

За маэстро прославленным Гайдном

Проживал незаметный мой предок –

И судьбе был за то благодарен.


С отрешённою робкой улыбкой

И доверчивыми глазами

Проходил он неспешно со скрипкой –

И прислушивался к мирозданью.


И играл он в каком-то трактире,

Но, однако, он знал непреложно,

Что и я буду жить в этом мире

И печальную песню продолжу.

(9 сентября 1984 // Вениамин Блаженный. Стихи из тетрадей / Ред.-сост. Д. Строцев. [Минск]: «Новые Мехи», 2021. С. 125)


Айзенштадт, адміністрацыйны цэнтр федэральнай зямлі ў Аўстрыі, канешне, не настолькі малавядомы тапонім, каб не быць на слыху ў адукаванага чалавека, тым больш які носіць такое ж прозвішча. Але наколькі паэтычнае чуццё Веніяміна Блажэннага гістарычна рэлевантнае? Зразумела, прамога масавага перасялення яўрэяў з Аўстрыі ў Шклоў і яго наваколлі гісторыя не ведае. Аднак ускосная такая сувязь, гэта значыць храналагічна – праз некалькі пакаленняў, а тэрытарыяльна – праз Карону Польскую і заходнія землі Вялікага Княства Літоўскага, можа быць дапушчальная. Бо шклоўскія яўрэі лінгвістычна і культурна належалі да ўсходняй галіны ашкеназаў – выхадцаў з Цэнтральнай Еўропы. У XVI–XVII ст. Карона Польская стала цэнтрам прыцягнення для многіх яўрэяў, што перасяляліся пасля вялікіх выгнанняў з Аўстрыі. Затым праз адно ці больш пакаленняў частка з іх перасялілася яшчэ далей – у Літву і Беларусь. Так што далёкі «аўстрыйскі след» у генеалогіі шклоўскіх яўрэяў, уключаючы Айзенштадтаў, сапраўды можа прысутнічаць, але не як вынік прамога перасялення, а, хутчэй, як частка больш шырокай ашкеназскай міграцыі на ўсход. Толькі, безумоўна, гаворка ідзе пра аўстрыйскіх перасяленцаў значна ранейшага часу, чым той, калі жыў кампазітар Франц Іозеф Гайдн (1732–1809).


Выяўленае мной кола архіўных крыніц (спраў), звязаных са Шкловам, прадстаўляе сабой патэнцыйны «эмпірычны матэрыял», які пры непасрэднай працы з ім дае магчымасць персаніфікаваць фігурантаў гэтых дакументаў (спісаў, ведамасцяў, прашэнняў і інш.). Не выключана, што там сярод яўрэйскіх жыхароў Шклова апынуцца носьбіты прозвішча «Айзенштадт» і нават прамыя продкі паэта, хоць, як я ўжо казаў, генеалагічную сувязь з імі абгрунтаваць будзе няпроста (справы, са зместам якіх мне ўжо ўдалося азнаёміцца, я ў гэты пералік не ўключаў):

  • НИАБ. Ф. 1297 (Канцелярия генерал-губернатора витебского, могилёвского и смоленского). Оп. 1. Д. 346. Дело по жалобам жителей местечка Шклова о чрезмерном обременении их воинским постоем (14.10.1824–13.12.1826).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 1473. Дело о денежной претензии могилёвского мещанина Александрова к Шкловскому еврейскому кагалу (06.10.1826–30.10.1826).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 2436. Дело по отношению начальника Императорского Главного штаба о скорейшем окончании дела о нанесении евреями побоев часовому в местечке Шклове (24.10.1827–03.12.1827).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 7448. Дело по отношению генерал-адъютанта графа Бенкендорфа о евреях Шклова, составляющих молитвы против императора за издание манифеста о наборе рекрут (04.05.1833–21.07.1837).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 12449. Дело по прошениям шкловских жителей о выдаче им заграничных паспортов на выезд в Пруссию, Саксонию и Лондон (11.01.1840–13.03.1840).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 12945. Дело по рапорту чиновника особых поручений при министре внутренних дел Ф.И. Кельчевского об осмотре им еврейских кагалов в Орше и Шклове (30.03.1841–26.11.1841).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 13504. Дело по записке о существующих злоупотреблениях в Могилёвском и Шкловском еврейских кагалах по сбору общественных денег (23.08.1842–11.10.1845).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 13957. Дело по просьбе членов Шкловского еврейского кагала об обременительном назначении для их общества к исправлению дорожного участка (15.03.1843–10.05.1844).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 14044. Дело по отношению могилёвского гражданского губернатора о задержании контрабандных товаров в местечке Шклове (02.04.1843–02.04.1843).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 15350. Дело по отношению Министерства внутренних дел о рассрочке недоимок, числящихся на Шкловском еврейском обществе (03.04.1845–31.08.1846).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 16697. Дело по отношению Министерства внутренних дел о доставлении заключения по просьбе Шкловского еврейского общества об облегчении им по свечному сбору (16.12.1846–05.08.1847).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 18612. Дело по отношению Министерства финансов о дозволении евреям, записанным при местечке Шклове, торговать в городе Могилеве (23.09.1847–05.11.1847).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 19672. Дело по просьбе рекрутского старосты Шкловского еврейского общества Берки Пригожина об освобождении очередных семейств от поставки в настоящее время недоимочных рекрут за прошлые наборы (07.06.1848–03.11.1849).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 20808. Дело по отношению Министерства внутренних дел по просьбе поверенных Шкловского еврейского общества о дозволении им содержать заезжие дома (09.09.1849–25.11.1849).

  • НИАБ. Ф. 1297. Оп. 1. Д. 23347. Дело по жалобе шкловских евреев о взятии их в рекруты за недоимки (21.03.1852–17.03.1855).

  • НИАБ. Ф. 2001. Оп. 1. Д. 1780. Дело Канцелярии могилёвского губернатора по жалобе мещан местечка Шклова об утверждении членов мещанской управы (19.03.1899–11.02.1900). 216 л.

  • НИАБ в г. Гродно. Ф. 2. Оп. 20. Д. 26. Дело Гродненского губернского правления о расследовании факта беспатентной торговли мещанами в местечке Шклове Могилёвской губернии (22.11.1820–16.05.1821). 16 л.

  • РГИА. Ф. 980 (Кельчевский Феликс Иванович, чиновник особых поручений при министре внутренних дел). Оп. 1. Д. 6. Рапорт Гомельского еврейского общества Белицкой городской думе, выпись из журнала заседания думы, ведомости и другие документы о состоянии коробочного сбора с еврейских обществ городов Чернигова, Орши, Шклова, Гомеля и Суража (23.02.1840–24.04.1841).  В деле имеется список евреев местечка Шклова, находившихся в отлучке на момент правительственной инспекции Шкловского кагала.

  • РГИА. Ф. 1526 (Комиссия для рассмотрения и уплаты долгов бывших владельцев Шкловского имения). Оп. 1. Д. 904. Дело об уничтожении по решению Правительствующего Сената контрактов на винный откуп и провиантовый сбор в местечке Шклове, заключённых опекунами того имения с евреями: Гилимом Казаном с прочими его товарищами (09.08.1820). 26 л.


Перспектывы паглыбленага генеалагічнага пошуку па продках маці паэта Шэршэверах выглядаюць не лепш, чым па Айзенштадтах. Метрычныя кнігі, асноўныя рэвізскія сказкі, пасямейныя і прызыўныя спісы Копыскай яўрэйскай грамады не захаваліся ўвогуле, а ў захаваных дадатковых рэвізскіх сказках мяшчан Копыскай яўрэйскай грамады за 1874–1876 гг. (НГАБ. Ф. 2151. Воп. 1. Спр. 104, 105) носьбіты прозвішча «Шэршэвер» не фігуруюць. Магчыма, копыскія Шэршэверы мелі магілёўскае паходжанне і, пасяліўшыся ў Копысі (дзесьці ў 1870–1880-я гг.), былі запісаныя там у купецкі аклад. Але гэтае пытанне патрабуе дадатковага даследавання і, адпаведна, выяўлення новых крыніц. Пакуль магу толькі сказаць, што ў шматлікіх архіўных дакументах раней за 1880-я гг. сярод яўрэяў Копысі прозвішча «Шэршэвер» мне не траплялася ўвогуле, што дае ўскосную падставу лічыць яе носьбітаў некарэннымі жыхарамі гэтага заштатнага горада.


Аднак нават выбудаваны мной генеалагічны ланцуг Айзенштадтаў з рэальных і гіпатэтычных продкаў паэта сам па сабе – толькі «шкілет», які нічога не кажа пра саміх людзей і іх эпоху. Зазірнуць за заслону ўнутранага свету і грамадскага жыцця шклоўскіх яўрэяў, а разам з тым, магчыма, і кантэксту ўзнікнення некаторых матываў паэзіі Веніяміна Блажэннага дапамагае мемуарная і мастацкая літаратура, публіцыстыка і некалькі навуковых прац. Назаву зараз толькі асноўнае і самае яркае.


Больш за ўсіх пісаў (на ідышы і іўрыце) аб дарэвалюцыйным Шклове і яго яўрэйскіх жыхарах некалі папулярны паэт і празаік Залман Шнеур (сапраўдныя імя і прозвішча – Шнеер Залкінд; 1886/1887 – 1959), ураджэнец гэтага мястэчка і сваяк любавіцкіх цадзікаў, які адносіўся да пакалення бацькоў Веніяміна Блажэннага. Ён рана захапіўся літаратурнай творчасцю (дарэчы, таксама насуперак чаканням бацькі) і, інтэлектуальна скаваны традыцыйным укладам яўрэйскай сям’і, 13-гадовым падлеткам пакінуў родны Шклоў, у далейшым апынуўся на эміграцыі ў Германіі, затым у Францыі і ЗША. Падзеі Першай сусветнай вайны пераключылі яго ўвагу на непазбежныя працэсы знікнення старой яўрэйскай цывілізацыі Усходняй Еўропы і садзейнічалі наданню яго літаратарскай дзейнасці новых формы і сэнсу. У 1920-я гг. Шнеур саспявае для грандыёзнага антымадэрнісцкага творчага праекта па мастацкай рэканструкцыі «патанулага» яўрэйскага свету беларускіх мястэчак на прыкладзе свайго роднага Шклова, які разлічвае ўваскрэсіць сілай памяці і ўяўлення.


На шляху да ажыццяўлення гэтых задум шмат у чым стала вырашальнай яго сустрэча з яшчэ адным «літваком» – вядомым журналістам Эйбам Каханам (Аўраамам Каганам), заснавальнікам і рэдактарам «Forverts», самай масавай яўрэйскай газеты ў ЗША таго часу. Кахан прапанаваў Шнеуру штотыдзень друкаваць у яго газеце свае новыя мастацкія творы за добры ганарар. Бакі хутка дамовіліся – і на зыходзе 1920-х гг. Залман Шнеур зарабіў сабе рэпутацыю майстра захапляючай яўрэйскай прозы. Гэта быў цэлы цыкл бліскуча напісаных апавяданняў і замалёвак, прысвечаных побыту і ўнутранаму свету звычайнай яўрэйскай сям’і сярэдняга класа ў Шклове канца ХІХ ст. – якім гэтае мястэчка засталося ў памяці і свядомасці аўтара (і геаграфічна, і храналагічна, і сацыяльна перад чытачом прыкладна такія ж колы грамадства, да якіх належала сям’я Ошэра Айзенштадта, дзеда Веніяміна Блажэннага). Творы Шнеура, шмат у чым аўтабіяграфічныя і са сваімі гістарычнымі прататыпамі, бадай, нават можна аднесці да жанру белетрызаванай мемуарыстыкі. Паралельна ён іх друкаваў у папулярнай варшаўскай яўрэйскай газеце «Der Moment». Гісторыі пра шклоўскіх яўрэяў, захапляльныя, дасціпныя і кранальныя, асабліва былі запатрабаваныя сярод яўрэйскіх імігрантаў на Захадзе, для якіх шлях у саветызаваныя іх родныя мястэчкі быў назаўжды зачынены і ажыццяўляемае Шнеурам «падарожжа ў мінулае» як нельга дарэчы адпавядала іх настальгічнаму настрою.


Літаграфічны партрэт Залмана Шнеура, 1922 г. (мастак – Герман Штрук). Крыніца
Літаграфічны партрэт Залмана Шнеура, 1922 г. (мастак – Герман Штрук). Крыніца

Але, як вядома, апетыт прыходзіць падчас ежы. З аднаго боку, ашаламляльны поспех, якім карысталася проза Шнеура, а з другога – узрастаючая ў ім творчая энергія, мабілізаваная пульсуючымі ўспамінамі аб рана страчаным родным мястэчку, прывялі яго да думкі аб стварэнні маштабнага мастацкага цыклу з апавяданняў і раманаў, у якіх Шклоў прысутнічае не толькі фактычна, але і экзістэнцыяльна, як унутраны ландшафт памяці аўтара. Гэтаму Шнеур і прысвяціў апошнія трыццаць гадоў свайго жыцця, на працягу якіх ён быў самым папулярным празаікам на ідышы.


Перш за ўсё, Шнеур аб’ядноўвае свае разрозненыя газетныя апавяданні пра шклоўскіх яўрэяў і выдае іх у дзвюх кнігах: першую – у 1929 г. у Вільні пад назвай «Shḳloṿer Yiden» (Chneour S. Szkłower Iden. Wilno: Drukarnia «Wyd. Wileńskie» B. Kleckina, 1929. 340 s.; рускае выданне: Шнеур З. Шкловцы. Рассказы / Пер. с идиша под ред. В. Дымшица. Москва: «Книжники»; «Текст», 2012. 288 с. (Серия «Блуждающие звезды»); скан арыгінальнага выдання на ідышы гл. тут), другую – у 1930 г. там жа пад назвай «Fetẹr Zshome» (Szniur Z. Feter Żome. Wilno: Drukarnia «Wydawnictwo Wileńskie», 1930. 320 s.; рускае выданне: Шнеур З. Дядя Зяма / Пер. с идиша под ред. В. Дымшица. Москва: «Книжники»; «Текст», 2015. 288 с. (Серия «Блуждающие звезды»); скан арыгінальнага выдання на ідышы гл. тут). Першую сваю кнігу апавяданняў – «Шклоўцы» – сам аўтар назваў «надмагіллем над тым, што было і мінула» (Шнеур З. Шкловцы. Рассказы / Пер. с идиша под ред. В. Дымшица. Москва: «Книжники»; «Текст», 2012. С. 15). Яго Шклоў – гэта «святая супольнасць», якой больш няма, якая жыве толькі ў яго творчай памяці. Замалёўкі Шнеура эмацыйныя і настальгічныя, але пры гэтым цвярозыя і рэалістычныя, без залішняга эстэтызавання яўрэйскага жыцця мінулага. Другі зборнік апавяданняў – «Дзядзька Зяма» – пашырае галерэю персанажаў, пераносячы ўвагу на лёсы іншых выхадцаў з той жа самай яўрэйскай сям’і.


Вокладка, тытульны аркуш і змест 1-га выдання кнігі Залмана Шнеура «Шклоўцы» на ідышы (Chneour S. Szkłower Iden. Wilno: Drukarnia «Wyd. Wileńskie» B. Kleckina, 1929. 340 s.). Крыніца лічбавай копіі
Вокладка, тытульны аркуш і змест 1-га выдання кнігі Залмана Шнеура «Шклоўцы» на ідышы (Chneour S. Szkłower Iden. Wilno: Drukarnia «Wyd. Wileńskie» B. Kleckina, 1929. 340 s.). Крыніца лічбавай копіі

Услед за гэтымі кнігамі Шнеур, працягваючы адлюстроўваць насельнікаў Шклова, напрыклад, у навэле «Der shḳloṿer ger» [«Шклоўскі празеліт»] (Shneour Z. Der shḳloṿer ger. Dertseylung. Paris: Farlag Pariz, 1934. 58 p.), паступова звяртаецца ад некалькі замкнёнага свету «сытага» сярэдняга класа (у прыватнасці, яўрэйскіх гандляроў, з сям’і якіх паходзіў сам аўтар) да больш стракатага, жывога і дынамічнага свету амерацым (ам-хаарэцым), гэта значыць «нявеж», «прастакоў», «просталюдзінаў» ці, калі заўгодна, «убогіх» (на сучасным слэнгу гэта б гучала прыкладна як «темнота» або «деревня», толькі без залішніх сарказму і пагарды), якія звычайна складалі сацыяльную катэгорыю простых рамеснікаў, рабочых, дробных крамнікаў, парабкаў і г.д. Да гэтага асяроддзя, звернем увагу, адносіўся і малапісьменны рабочы Міхл Айзенштадт, бацька Веніяміна Блажэннага.


Менавіта такіх людзей Залман Шнеур робіць героямі сямейнай сагі, дзе цэнтральнай фігурай з’яўляецца бравы яўрэйскі рамізнік Ноах Пандрэ – чалавек з народа, яркая, моцная і супярэчлівая асоба, што жыве ў свеце, які яшчэ поўны традыцый, рамёстваў, сямейных кланаў і патрыярхальных нораваў, але ўжо адчувае першыя штуршкі новага часу, мадэрнізацыі, рэвалюцыі і распаду старога ўкладу. Англійскія крытыкі нават ставілі таленавіта напісаную эпапею пра Ноаха Пандрэ на адзін узровень з раманамі Чарлза Дзікенса. Гэты манументальны твор (на беларускую, рускую і, здаецца, любыя іншыя славянскія мовы дагэтуль не перакладзены) налічвае пяць асобных кніг, выдадзеных напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Варшаве (1938) і Вільні (1939) і аб’яднаных пад агульнай умоўнай назвай «Ameratsim» («Ame-haarcim») ці «Ignoramuses», хаця часта ўсю эпапею называюць – па першай кнізе – проста як «Ноах Пандрэ»:

  1. «Noah ̣Pandre» [«Ноах Пандрэ»] (Szneur Z. Noach Pandre / Wyd. Komitetu Jubileuszowego. Warszawa: Druk «Renoma», 1938. 416 s.; амерыканскае выданне: Schneour S. Noah Pandre / Translated by Joseph Leftwich. New York: Lee Furman, Inc., 1936. 318 p.; скан арыгінальнага выдання на ідышы гл. тут);

  2. «Baym Dnyeper» [«На Дняпры»] (Szneur Z. Bajm Dnieper. Wilno: Wydawnictwo «Tomor», 1939. 454 s.; скан арыгінальнага выдання на ідышы гл. тут);

  3. «Tsurik ̣fun Ostṛog» [«Вяртанне з Астрога»] (Szneur Z. Curik fun ostrog. Wilno: Wydawnictwo «Tomor», 1939. 450 s.; скан арыгінальнага выдання на ідышы гл. тут);

  4. «Di ṿanṭ» [«Cцяна»] (Szneur Z. Di want. Wilno: Wydawnictwo «Tomor», 1939. 356 s.; скан арыгінальнага выдання на ідышы гл. тут);

  5. «Pandres anṭloyfn» [«Уцёкі Пандрэ»] (Szneur Z. Pandres antlojfen. Wilno: Wydawnictwo «Tomor», 1939. 308 s.; скан выдання на ідышы 1970 г. гл. тут).


Увесь гэты шнеураўскі «шклоўскі эпас» уяўляе сабой адзіную, шматслойную мастацкую хроніку, дзе тры творы натуральна працягваюць адзін аднаго і ахопліваюць паслядоўна змяняючыся свет яўрэйскага мястэчка. У «Шклоўцах», прысвечаных перыяду двух апошніх дзесяцігоддзяў XIX ст., аўтар малюе шырокі, амаль дакументальны партрэт Шклова, уводзіць тыпажы, рытм вуліц, бытавую камедыю і сацыяльныя кантрасты. У кнізе «Дзядзька Зяма», дзе дзеянні разгортваюцца ўжо на мяжы стагоддзяў, паказаны той жа свет, але больш блізка – праз лёс моцнага і каларытнага героя, на фоне паступовых, яшчэ ледзь заўважных пераменаў. Эпапея ж пра Ноаха Пандрэ вядзе далей і даводзіць гісторыю да рэвалюцыйнага 1905-га года, ператвараючы яе ў паўнавартасны раман сталення і ўнутранага пералому: тут важныя не толькі побыт і характары, але і адчуванне надыходзячых перамен, унутраны рост героя, сутыкненне старых традыцый з новым часам. Разам гэтыя тры творы ўтвараюць суцэльны, бесперапынны аповед пра Шклоў ад амаль «застылых» 1880-х гадоў да пераломнага 1905-га года, паказваючы, як маленькае мястэчка становіцца вобразам цэлай эпохі.


Паралельна, на працягу пяці гадоў перад Другой сусветнай вайной, Шнеур працаваў над вялікім і кампазіцыйна складаным гістарычным раманам «Ḳeyser un rebi» [«Імператар і рэбэ»], апрабуючы яго на старонках вядомых яўрэйскіх газет Амерыкі і Еўропы. У гэтым творы, прысвечаным перыяду паміж першым паздзелам Рэчы Паспалітай і вайной 1812 года, аўтар уключае ў сістэму геаграфічных арыенціраў не толькі Шклоў, але і Санкт-Пецярбург і Парыж, знаёмячы чытачоў з унушальнай галерэяй персанажаў (больш за сто чалавек) і спрабуючы злучыць гісторыю ўзнікаючага любавіцкага хасідскага руху ў асобе яго заснавальніка рэбэ Шнеўра Залмана з Лядаў (з ім, дарэчы, звязаны псеўданім пісьменніка, які складаецца з перастаўленых месцамі двух імёнаў), ваенна-палітычную кар’еру Напалеона Банапарта і інтрыгуючую гісторыю адной уплывовай яўрэйскай сям’і са Шклова. Для Шнеура яго мастацкая задума шмат у чым мела асабісты характар, паколькі імпульсам да стварэння рамана сталі ўражвальныя сямейныя гісторыі, якія ён дзіцем і падлеткам чуў ад сваіх шклоўскіх родных. Пры гэтым аўтар імкнецца заставацца рэалістычным апавядальнікам, праводзячы выразную мяжу паміж асобамі і падзеямі гістарычна дакладнымі і тымі, якім дало жыццё яго ці чужое творчае ўяўленне. Сам Шнеур у прадмове да свайго рамана пісаў: «Кожны мастацкі твор, у тым ліку гістарычны раман, павінен, на маю думку, па-рабску прытрымлівацца ўсіх фактаў без выключэння. Я лічу, што неабходна пісаць, як было, а не як магло быць. Карэнні павінны моцна трымацца ў глебе рэальных падзей, але ўсе рамантычныя парасткі, галіны і лісце – у свабодным паэтычным бачанні».


Канчатковая рэдакцыя рамана «Імператар і рэбэ» была аформлена ў пяці кнігах, якія ўбачылі свет у Нью-Ёрку ўжо напрыканцы і пасля Другой сусветнай вайны (Schneour Z. «Keyser un Rebe». The Emperor and the Rabbi. (A Novel of the Napoleonic Era). New York: «CYCO» Bicher-Farlag, 1944–1952. Vol. 1–5; рускае выданне ў серыі «Блуждающие звезды»: Шнеур З. Император и ребе. Роман в 5-ти книгах / Пер. с идиша В. Чернина. Москва: «Книжники», 2018. Т. 1: Книги 1 и 2. 720 с.; Т. 2: Книги 3, 4 и 5. 1072 с.):

  • Vol. 1. «Der Neder» [«Зарок»]. 1944. 352 p.;

  • Vol. 2. «Der Vilner Gaon» [«Віленскі гаон»]. 1945. 232 p.;

  • Vol. 3. «Di Katastrofe» [«Катастрофа»]. 1947. 290 p.;

  • Vol. 4. «Tsvey Tsarn» [«Два цары»]. 1949. 260 p.;

  • Vol. 5. «Di Akede» [«Закланне»]. 1952. 342 p.


Пазней з’явілася яшчэ некалькі твораў Шнеура, тэматычна звязаных з яго родным мястэчкам: зборнік апавяданняў «Дзеці Шклова» (Shneour Z. Shkḷovẹr kịnder. Dertseylungen / Children of Shklov. Stories. New York: CYCO Bikher Farlag, 1951. 312 p.) і 1-ы том («У завулку») рамана «Выгнаннік» (Shneour Z. Der mamzer / The Illegitimate Child. Vol. 1: In zavulek. New York: Marstin Press, Inc., 1957. 334 p.; скан арыгінальнага выдання на ідышы гл. тут).


Рынак у Шклове, 1920-я гг. (YIVO Institute for Jewish Research). Крыніца лічбавай копіі
Рынак у Шклове, 1920-я гг. (YIVO Institute for Jewish Research). Крыніца лічбавай копіі

Паводле агульных падлікаў, Шнеур прысвяціў яўрэйскаму свету Шклова больш за тысячу старонак сваёй прозы на ідышы (частка яе так і засталася ў выглядзе разрозненых газетных публікацый 1930-х і 1940-х гг.), а ў паралельна ствараемых ім жа яе іўрыцкіх версіях ён перапрацоўваў, скарачаў і пераасэнсоўваў ужо напісанае. Аўтар прадстаўляе чытачу Шклоў як асобную прастору памяці – не проста геаграфічную кропку, а ўнутраны свет, у якім захоўваюцца галасы, звычкі, трывогі і радасці яго жыхароў. Усё напісанае ім пра Шклоў працуе як адзіная, звязаная тканіна: апавяданні і раманы пераклікаюцца паміж сабой, працягваюць адны і тыя ж лёсы, вяртаюць да адных і тых жа вуліц і галасоў, так што асобныя тэксты складваюцца ў суцэльную карціну жыцця мястэчка. Таму шклоўскі корпус Шнеура – гэта не проста мастацкая фантазія і не выпадковы набор уражанняў, а паўнавартасны, створаны знутры партрэт яўрэйскага мястэчка канца XIX – пачатку XX ст. Яго творы можна і трэба выкарыстоўваць у якасці адной з самых дакладных і сапраўдных крыніц аб тым, як думалі, казалі і што адчувалі яўрэйскія жыхары Шклова (асабліва местачковыя прасталюдзіны – амерацым), чый свет Шнеур не рэканструюе звонку, а выводзіць яго з уласнай памяці, моўнага асяроддзя і перажытага досведу.


Таму мне падаецца, што даследчыкам жыцця і творчасці Веніяміна Блажэннага, якія (за)хочуць лепш зразумець асяроддзе, з якога паэт выйшаў генеалагічна і якое было яму блізкае – праз бацьку – духоўна, а магчыма, і зірнуць на яго паэтычную спадчыну ў новым ракурсе, варта заняцца ўважлівым вывучэннем шырокага «шклоўскага цыклу» Залмана Шнеура. Дарэчы, Копысь, радзіма Веніяміна Блажэннага і яго маці, у творах Шнеура таксама фігуруе (суседскія мястэчкі Шклоў і Копысь былі звязаныя паміж сабой не толькі сухапутнымі і воднымі (дняпроўскімі) зносінамі, але і сямейнымі повязямі іх яўрэйскіх жыхароў).


Перац Смаленскі. Паштоўка выдавецтва «Jehudia». Крыніца лічбавай копіі
Перац Смаленскі. Паштоўка выдавецтва «Jehudia». Крыніца лічбавай копіі

Другім вядомым яўрэйскім пісьменнікам, што яскрава апісаў жыццё яўрэйскага насельніцтва Шклова, толькі ўжо больш ранняга часу, быў Перац Смаленскі (1842–1885), які хоць і не з’яўляўся ўраджэнцам гэтага мястэчка, але вучыўся там у 1850-я гг. у ешыбоце і паспеў дэталёва азнаёміцца з побытам і норавамі шклоўскіх яўрэяў. Яго нашумелая аповесць на іўрыце «Kvurát ḥamór: o midḥi el daḥi» [«Аслінае пахаванне, або З аднаго падзення ў другое»] публікавалася часткамі на старонках заснаванага ім жа ў Вене літаратурнага часопіса «Ha‑Shaḥar» за 1873 г. (скан гэтага выдання гл. тут). У 1881 г. на старонках пецярбургскага штотыднёвіка «Рассвет» быў надрукаваны рускі пераклад першых васьмі раздзелаў (з дванаццаці) гэтай аповесці, хоць першапачаткова яе нібыта планавалі апублікаваць у перакладзе цалкам (Смоленский П. Ослиное погребение / Пер. с древнеевр. М. Кагана // Рассвет. 1881):

  • № 1 (1 января). Стб. 30–33 (гл. I);

  • № 2 (8 января). Стб. 69–72;

  • № 4 (22 января). Стб. 149–156;

  • № 6 (5 февраля). Стб. 232–236 (гл. II);

  • № 8 (19 февраля). Стб. 310–314 (гл. III);

  • № 12 (19 марта). Стб. 475–480 (гл. IV);

  • № 13 (26 марта). Стб. 511–518 (гл. V);

  • № 17 (23 апреля). Стб. 673–677 (гл. VI);

  • № 25 (19 июня). Стб. 991–998 (гл. VII);

  • № 28 (10 июля). Стб. 1113–1118 (гл. VIII);

  • № 29 (17 июля). Стб. 1152–1156 («Продолжение будет»).


Вокладка, тытульны аркуш і фрагмент асобнага выдання аповесці Пераца Смаленскага «Аслінае пахаванне, або З аднаго падзення ў другое» на іўрыце, 1874 г. Крыніца лічбавай копіі
Вокладка, тытульны аркуш і фрагмент асобнага выдання аповесці Пераца Смаленскага «Аслінае пахаванне, або З аднаго падзення ў другое» на іўрыце, 1874 г. Крыніца лічбавай копіі

У гэтым творы Смаленскі паказвае, як замкнёная яўрэйская грамада, што жыве па інерцыі і паступова губляе сувязь з сапраўднымі духоўнымі і маральнымі ідэаламі, спараджае людзей, пазбаўленых унутранага стрыжня і чалавечай годнасці. У такім асяроддзі вонкавае захаванне рытуалу і звычаяў падмяняе жывую этыку, а страх выйсці за межы звыклага аказваецца мацнейшы за здаровы сэнс. Аповесць адрозніваецца тонкай сатырычнай інтанацыяй і шырокім мастацкім ахопам жыцця яўрэяў Шклова, пра характар і норавы якіх аўтар узнаўляе поўнае ўражанне праз разнастайнасць персанажаў і побытавых сцэн. Разам з тым, твор тонка раскрывае супярэчлівую прыроду сацыяльных і супольнасных межаў, калі колы прыналежнасці могуць адчыняць дзверы для аддаленых і ўмоўна «сваіх» людзей, але пры гэтым пакідаць у баку тых, хто, здавалася б, павінен быць бліжэй за ўсіх. Праз камічную, але адначасова горкую гісторыю, у аснову якой пакладзеныя рэальныя падзеі ў Шклове, аўтар падводзіць чытача да думкі аб неабходнасці ўнутранага абнаўлення і вяртання да каштоўнасцяў, якія здольныя надаць традыцыі сапраўдны сэнс.


Важным сведкам эпохі для нас таксама з’яўляецца ўжо згаданы і цытаваны выхадзец з мяшчан-яўрэяў Шклова Павел Барысавіч Аксельрод, адзін са стваральнікаў РСДРП і лідэр меншавікоў. У 1-й (і адзінай) кнізе сваіх успамінаў «Пережитое и передуманное», выдадзенай у 1923 г. у Берліне, ён прыкладна на 20 старонках характарызуе жыццё шклоўскіх яўрэяў 1850–1860-х гг., пераважна ў сацыяльным ракурсе і скрозь прызму асабістага досведу камунікацыі (Аксельрод П.Б. Пережитое и передуманное. Кн. 1. Берлин: Издательство З.И. Гржебина, 1923. С. 17–18, 21–33, 49–52, 61–64).


Вокладка 1-й кнігі ўспамінаў Паўла Барысавіча Аксельрода «Пережитое и передуманное» (Берлин: Издательство З.И. Гржебина, 1923. 440 с.)
Вокладка 1-й кнігі ўспамінаў Паўла Барысавіча Аксельрода «Пережитое и передуманное» (Берлин: Издательство З.И. Гржебина, 1923. 440 с.)

Яго ж аўтарству належыць цікавы артыкул у неафіцыйнай частцы газеты «Могилевские губернские ведомости» пад назвай «Падение еврейского кагала в м. Шклове» (1870), які адначасова з’яўляецца яго першай публікацыяй у прынцыпе, дзе ён выступіў пад псеўданімам «Могилевский еврей» і стаў на бок прыгнечаных заможнымі вярхамі «нізоў» Шклоўскай яўрэйскай грамады, з якіх сам выйшаў (Могилевский еврей. Падение еврейского кагала в м. Шклове // Могилевские губернские ведомости. 1870. № 59 (29 июля). Часть неофиц. С. 199). Дарэчы, шматлікія артыкулы і допісы (як аўтарскія, так і ананімныя) на старонках гэтай газеты, асабліва ў яе неафіцыйнай частцы, наогул уяўляюць сабой бясцэнную гістарычную крыніцу, якая характарызуе самыя розныя бакі грамадскага жыцця яўрэяў Шклова (адукацыя, выбары службовых асоб, дабрачыннасць, рытуальныя практыкі, рэвалюцыйныя хваляванні і г.д.), напрыклад, публікацыі такога кшталту:

  • Кром Л. Письмо из м. Шклова, Могилевской губернии // Могилевские губернские ведомости. 1869. № 43 (25 октября). Часть неофиц. С. 306–307.

  • Островский В. Из м. Шклова // Могилевские губернские ведомости. 1870. № 70 (5 сентября). Часть неофиц. С. 243.

  • [Нам пишут]. Из Шклова // Могилевские губернские ведомости. 1898. № 14 (18 февраля). Часть неофиц. С. 60.

  • М. Шклов. (Проездом) // Могилевские губернские ведомости. 1898. № 98 (9 декабря). Часть неофиц. С. 412–413.

  • [Корреспондеции]. Шклов. (Из местной старины) // Могилевские губернские ведомости. 1900. № 21 (15 марта). Часть неофиц. С. 102.

  • [Корреспондеции]. Шклов. (Из местной старины) // Могилевские губернские ведомости. 1900. № 27 (5 апреля). Часть неофиц. С. 126–127.

  • Шклов. (Из еврейского быта) // Могилевские губернские ведомости. 1902. № 65 (17 августа). Часть неофиц. С. 263.

  • Беспорядки в м. Шклове // Могилевские губернские ведомости. 1905. № 140 (26 ноября). Часть неофиц. С. 558.


Будынак былой ратушы ў горадзе Шклове ў 1939 г., фота Аляксея Вінэра (Царкоўна-гістарычны музей пры Мінскай духоўнай акадэміі). Крыніца лічбавай копіі: НГАБ. Калекцыя лічбавых копій № 19. Воп. 1. Спр. 30. Арк. 20
Будынак былой ратушы ў горадзе Шклове ў 1939 г., фота Аляксея Вінэра (Царкоўна-гістарычны музей пры Мінскай духоўнай акадэміі). Крыніца лічбавай копіі: НГАБ. Калекцыя лічбавых копій № 19. Воп. 1. Спр. 30. Арк. 20

Больш ранняя гісторыя шклоўскіх яўрэяў (апошняя трэць XVII ст. – першыя дзве дэкады XIX ст.) разгледжана ў некалькіх расійскіх публікацыях дарэвалюцыйнага і міжваеннага часу, але галоўным чынам ёй прысвечаныя ўжо сучасныя навуковыя працы наступных аўтараў:

амерыканскага даследчыка Дэвіда Фішмана:

  • Fishman D.E. Russia’s First Modern Jews: The Jews of Shklov. New York: New York University Press, 1995. 196 p. (рускае выданне: Фишман Д. Шкловцы: первые российские евреи Нового времени / Пер. с англ. А. Фруман. Москва: «Книжники», 2020. 320 с., [6] л. ил.);

масквіча Дзмітрыя Фельдмана:

  • Фельдман Д. Из истории шкловских евреев (По материалам Российского государственного архива древних актов) // Вестник Еврейского университета в Москве. 1994. № 3. С. 28–38;

  • Фельдман Д.З. Первый еврейский погром в Российской империи? (К событиям в Шклове 1798–1799 гг.) // Параллели. Русско-еврейский историко-литературный и библиографический альманах. 2004. № 4–5. С. 11–18;

  • Фельдман Д.З. Документы о евреях Шклова – одного из центров еврейской жизни России // Фельдман Д.З. Страницы истории евреев России XVIII–XIX веков. Опыт архивного исследования. Москва: «Древлехранилище», 2005. Гл. II. § 2. С. 200–213;

  • Фельдман Д.З. Шкловские евреи в Московском государстве и Российской империи (по архивным документам XVII – начала XIX в.) // Шклоў і Шклоўскі раён. Зборнік навуковых артыкулаў / Уклад. А.Б. Доўнар; навук. рэд. В.Ф. Голубеў; рэдкал.: В.В. Даніловіч (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: «Беларуская навука», 2020. С. 100–118);

і мінчука Яўгена Анішчанкі:

  • Анішчанка Я.К. Шклоўскія фальшываманетчыкі // Беларуская мінуўшчына. 1995. № 2. С. 48–51;

  • Анищенко Е.К. А в Шклове конца не сыскать // Анищенко Е.К. Черта оседлости (Белорусская синагога в царствование Екатерины II). Минск: «Арти-Фекс», 1998. Ч. 6. С. 97–114;

  • Анішчанка Я.К. Шклоўскія яўрэі і афармленне мяжы аселасці // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2002. № 2. С. 69–74).



* * *

За апошнія два дзесяцігоддзі на прасторах Інтэрнэта з’явілася мноства публікацый, прысвечаных жыццю і творчасці Веніяміна Блажэннага. Гэта – як перадрукі з ужо выдадзеных часопісаў і кніг ці дакладныя лічбавыя копіі саміх выданняў («pdf-кі» і сканы), так і арыгінальны матэрыял, які існуе толькі ў выглядзе інтэрнэт-публікацый (тое, што ў палякаў складае «нэтаграфію»). Ніжэй даю пералік, на мой погляд, самых важных з іх (разам з гіперспасылкамі, якія актуальныя па стане на 5 студзеня 2026 г.).



Сведчанні і разважанні аўтараў, якія асабіста ведалі Веніяміна Блажэннага






Роланд Б. И горестным перстом его пометил Бог // Мишпоха. 2011. № 29 (успаміны пра Веніяміна Блажэннага з падборкай яго фотаздымкаў і вершаў).


Артханов Г. Поэт, беседующий с богами. Записки о Вениамине Блаженном (падрабязнае апісанне сустрэч аўтара з Веніямінам Блажэнным у 1980–1990-я гг. і яго апошніх дзён жыцця).






Поташников Д. Облечённый даром чудодейства. Ноябрь 2021 г. (у т.л. запісаныя аўтарам цытаты і думкі Веніяміна Блажэннага з яго слоў).


Гутарка Веніяміна Блажэннага з Юрыем Шаўчуком. Кадр з фільма-інтэрв’ю рэжысёра Сяргея Галавецкага «Блаженный Вениамин» (1998)
Гутарка Веніяміна Блажэннага з Юрыем Шаўчуком. Кадр з фільма-інтэрв’ю рэжысёра Сяргея Галавецкага «Блаженный Вениамин» (1998)

Вершы, проза, лісты і маналогі Веніяміна Блажэннага




Вениамин Блаженный. Бог да грешник / Авторизованная запись и публикация Дмитрия Тонконогова // Арион. 1999. № 2 (маналог Веніяміна Блажэннага – «не мемуары, не интервью, но лишь фрагменты разговора за чашкой чая, записанного у него дома в Минске весной 1998 года»).



Айзенштадт В. Поэт – вечно на пороге своего «я» // Мишпоха. 2001. № 10 (радкі з «Записных книжек» Веніяміна Блажэннага).











Веніямін Блажэнны. «І вечны толькі шлях, і вечны толькі пошук...» / Прадмова і пераклад Насты Кудасавай // Дзеяслоў. 2019. № 6. С. 187–194 (публікацыя ў перакладзе на беларускую мову 13 вершаў Веніяміна Блажэннага).




Некралог паэта Веніяміна Айзенштадта, 1999 г. (БДАМЛіМ. Ф. 460. Воп. 1. Спр. 105. Арк. 1). Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski
Некралог паэта Веніяміна Айзенштадта, 1999 г. (БДАМЛіМ. Ф. 460. Воп. 1. Спр. 105. Арк. 1). Крыніца лічбавай копіі – архіў RadioSnapkouski

Артыкулы, нарысы, допісы аб творчасці і жыцці Веніяміна Блажэннага













Шапран С. «Борис Пастернак сказал мне: “Я в Москве так же одинок, как вы в Минске”». 12 августа 2019 г. (у т.л. падборка зробленых аўтарам фотаздымкаў Веніяміна Блажэннага).




Турбина Л. Библейские мотивы в поэзии Вениамина Блаженного. 15 октября 2023 г. (артыкул у сеткавым літаратурным і гістарычным часопісе «Камертон»).



Артыкулы пра Веніяміна Блажэннага ў «Вікіпедыі» на беларускай, рускай і англійскай мовах.




Частка 1. «О мудрости, печали и радости» – паэты Веніямін Блажэнны і Вольга Седакова гутараць і чытаюць свае вершы (знята восенню 1996 г. і вясной 1997 г.).


Частка 2. «Время и место» – відэаманалогі Веніяміна Блажэннага, якія даюць унікальную магчымасць убачыць яго твар, пачуць яго голас і дэкламацыю, адчуць яго эмоцыі, агледзець яго хатні побыт. Асабліва каштоўнымі гэтыя запісы, зробленыя ў 1995 г., з’яўляюцца для тых, каму не было наканавана сустрэцца з Веніямінам Блажэнным пры яго жыцці.


Частка 3. «Встреча» – Веніямін Блажэнны чытае свае вершы (8 ліпеня 1997 г.).






ЗАКАНЧЭННЕ. ГЛЯДЗІЦЕ ПАЧАТАК, ПРАЦЯГ.

Comments


bottom of page