«За вароты яўрэйскага сэрца…» Мінскі паэт Веніямін Блажэнны і таямніцы яго радаводу
- radiofono1
- Jan 6
- 53 min read
Updated: Jan 26
Мой отец, мой святой, мой пророк и апостол,
Мой напутственный перст, мой пожизненный бред, –
Жить бы нам, горемыкам, с тобою лет до ста,
Жить бы нам, старикам, хоть до тысячи лет…
(Веніямін Блажэнны, 8 красавіка 1999 г.)
Імя Веніяміна Міхайлавіча Айзенштадта (15.10.1921 – 30/31.07.1999), больш вядомага пад паэтычным псеўданімам «Веніямін Блажэнны», я ўпершыню (здаецца, што ўпершыню) пачуў крыху больш за пяць гадоў таму ад яго малодшага калегі, іншага мінскага паэта – Дзімы Строцава, які ў сувязі з надыходзячымі мерапрыемствамі вакол 100-годдзя з дня нараджэння Веніяміна Блажэннага прапанаваў мне як чалавеку, што мае дачыненне да генеалагічных пошукаў у архівах, заняцца даследаваннем радаводу Айзенштадта. Ад яго ж я тады даведаўся, што Айзенштадт – ураджэнец Копысі (у той час гэта быў заштатны горад Горацкага павета Гомельскай губерні РСФСР, а цяпер – гарадскі пасёлак Аршанскага раёна Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь). Мабыць, гэта мая зыходная цікавасць да Веніяміна Блажэннага паўстала менавіта як да земляка маіх бабулі і таты, таксама ўраджэнцаў Копысі, а не як да цудоўнага паэта і чалавека.
Прозвішча «Айзенштадт» я ніколі не чуў ад саміх жыхароў Копысі, а таксама не сустракаў яго ў архіўных дакументах па гэтым населеным пункце, ні ў больш позніх, ні ў больш ранніх. Ды і ў плеядзе вядомых ураджэнцаў Копысі яно раней неяк не фігуравала. Таму пасля размовы з Дзімам Строцавым у мяне ў галаве адразу прамільгнула, што прозвішча быццам не мясцовае, не копыскае. Тым не менш, у мяне тады пачалі ўзнікаць думкі, а раптам з бацькамі Веніяміна Айзенштадта былі знаёмыя бацькі маёй бабулі, а раптам ён з ёй вучыўся ў адной школе і г.д. Скажам, праяўленая мною цікавасць мела ў пэўнай ступені і асабісты характар. Але ў рэчаіснасці ўсё тут аказалася нашмат складаней. Уяўныя мною перапляценні лёсаў у тую даўно мінулую эпоху, былі, бадай, крыху далёкімі ад рэальных.

Адразу хачу ад усяго сэрца выказаць падзяку Дзіму Строцаву за тое, што не толькі ласкава прыцягнуў маю ўвагу да асобы Веніяміна Блажэннага, але і прадставіў мне ў карыстанне ксеракопіі некаторых асабістых дакументаў сям’і Айзенштадт з Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтвы (РДАЛіМ) і, у меншай ступені, з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Усё гэта дапамагло адразу ж паставіць мае даследаванні на канкрэтную дакументальную глебу (зрэшты, архіўныя шыфры на гэтых ксеракопіях прастаўлены не былі, што крыху ўскладніла працу з імі, але з дапамогай вопісаў дакументаў фондаў пытанне, у цэлым, было вырашана). Потым ужо быў зварот да арыгінальных дакументаў асабістага фонду Веніяміна Блажэннага ў БДАМЛіМ, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ), Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці (ДАВц) і шэрагу іншых крыніц. Як я зразумеў у хуткім часе, хатні архіў паэта, у 1990-я – пачатку 2000-х гг. раззасяроджаны па РДАЛіМ (фонд 3144, 297 адзінак захоўвання за 1915–1999 гг.) і БДАМЛіМ (фонд 460, 202 адзінкі захоўвання за 1900–1919, 1940–1999 гг.), хоць і ўтрымлівае некаторыя важныя зачэпкі для даследавання яго радаводу, сам па сабе з’яўляецца малаінфарматыўным, з генеалагічнага пункту гледжання, дакументальным комплексам.
Папярэднія вынікі маіх пошукаў па генеалогіі Айзенштадтаў мною былі коратка прадстаўлены 14 кастрычніка 2021 г. на Другіх Міжнародных навукова-паэтычных чытаннях, прысвечаных 100-годдзю Веніяміна Блажэннага, якія праходзілі ў Мінску. Матэрыялы гэтых чытанняў у хуткім часе былі выдадзены асобнай кнігай («Моя судьба, безумье, бытие…». Материалы Вторых международных научно-литературных чтений, посвященных 100-летию поэта Вениамина Блаженного. Минск, 14–15 октября 2021 г. / Редкол.: У.Ю. Верина (гл. ред.), Л.Л. Авдейчик, В.Ю. Жибуль. Минск: БГУ, 2021. 144 с.). Кніга рыхтавалася хутка і выйшла без майго матэрыялу, паколькі адаптаваць яго пад паўнавартасную навуковую публікацыю я па аб’ектыўных прычынах тады не паспяваў. Таму я адклаў яго да лепшых часоў і цяпер вырашыў вярнуцца да яго, аформіўшы ўсё ў выглядзе інтэрнэт-публікацыі. У пэўнай ступені гэтаму пасадзейнічала тое, што генеалогія вядомых ураджэнцаў Беларусі – асабліва яўрэйская – зараз у нейкім асаблівым трэндзе (дзякуючы шмат у чым медыярэсурсам маіх калег – «Скарб» і «ПОИСК ПРЕДКОВ»). Такім чынам, перад вамі – усё тое, што ўдалося даведацца і высветліць на падставе крыніц адносна паходжання і радаводу ўпадабанага мною паэта Веніяміна Міхайлавіча Айзенштадта, якога толькі за некалькі гадоў да яго смерці пачалі адкрываць як прафесійныя даследчыкі, так і шырокая грамадскасць.

Айзенштадты
З чаго пачаліся мае пошукі? Як я ўжо сказаў, прозвішча «Айзенштадт» з яўрэйскім насельніцтвам мястэчка Копысь у мяне ніяк не асацыявалася. Я моцна сумняваўся, што ў дачыненні да Копысі яно мясцовае ці карэннае. Таму зварот да спісу гаспадарак мястэчка Копысь на 1 студзеня 1925 г. толькі пацвердзіў мае сумневы: Айзенштадтаў там не аказалася ўвогуле (НАРБ. Ф. 30. Воп. 2. Спр. 1522. Арк. 51–67 адв.). Само гэтае прозвішча – даволі распаўсюджанае сярод беларускіх яўрэяў. Але дзе канкрэтна шукаць зачэпку для пошуку «родавога гнязда» продкаў паэта? Партал «JewishGen», які дазваляе ажыццяўляць аўтаматычны пошук па выбарачна праіндэксаваных крыніцах яўрэйскай генеалогіі, па адной толькі Магілёўскай губерні выдае мноства запісаў: Магілёў, Гомель, Сянно, Орша, Мсціслаў, Рагачоў, Чэрыкаў – Айзенштадты сустракаюцца ў губернскім і амаль ва ўсіх павятовых гарадах, не кажучы ўжо пра асобныя мястэчкі (Копысь, дарэчы, там не фігуруе).


Таму было зразумела, што перш за ўсё мэтазгодна ўважліва вывучыць усе магчымыя дакументы бацькоў паэта. Сярод копій дакументаў з РДАЛіМ і БДАМЛіМ, якія мне прадаставіў Дзіма Строцаў, якраз меўся адпаведны сегмент: працоўная і разліковая кніжкі, прафсаюзны білет, пасведчанні аб узнагароджанні медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і аб смерці бацькі паэта – Міхаіла Восіпавіча/Ошэравіча Айзенштадта, памерлага ад застойнай правабаковай пнеўманіі, распіска аб прыняцці заявы аб прызначэнні пенсіі маці – Любе Шлеймаўне Айзенштадт. Аднак, акрамя года нараджэння (1883), даты смерці (3 траўня 1953 г.) і двух варыянтаў (рускага/яўрэйскага) імя па бацьку яго бацькі, гэтыя дакументы нічога не давалі.
Дарэчы, сумную гісторыю пра тое, як Міхаіл Айзенштадт памёр, запісаў са слоў яго сына Веніяміна вядомы віцебскі пісьменнік і журналіст Аркадзь Шульман (Шульман А. Когда немым лучше молчать // Мишпоха. 2002. № 12):
«Бацька выдатнага паэта Веніяміна Блажэннага Міхл Айзенштадт быў чалавекам далёкім ад прыгожага пісьменства і нават вершы свайго сына ён успрымаў як нейкае дзівацтва. Але здарылася так, што да яго смерці мае, няхай і ўскоснае, але дачыненне, спрэчка на філалагічную тэму.
У 1953 годзе знаўца ўсіх навук, вялікі кормчы Іосіф Сталін, які гаварыў на рускай мове з вялікімі агрэхамі, вырашыў паставіць на месца «зухаватага акадэміка» М. Мара і растлумачыць яму сутнасць вялікай і магутнай рускай мовы. Сталінскія думкі з гэтай нагоды, вядома ж, транслявалі па радыё. І рабочых мінскай шчацінна-шчоткавай фабрыкі, дзе працаваў Міхл Айзенштадт, вывелі на вуліцу, каб яны ўважліва слухалі гучнагаварыцелі і не прапусцілі ніводнага геніяльнага слова.
Ішоў дождж са снегам. Дзьмуў рэзкі вецер. Але людзі нават баяліся варухнуцца. А раптам у гэтым убачаць непавагу да правадыра ці нават варожую вылазку.
Міхл Айзенштадт прадрог і застудзіўся... Лекары не змаглі яму дапамагчы».
...И когда мой отец умирал,
От сверканья высот оробев,
Сам Господь на трубе заиграл,
На продавленной старой трубе.
(«...И когда мой отец умирал…», 17 января 1993 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 330)
Сярод дакументаў і рукапісаў самога Веніяміна Міхайлавіча быў адзін цікавы і важны з пункту гледжання генеалогіі і біяграфікі машынапіс – даведка аб ім, складзеная з яго слоў у 1994 г. галоўным спецыялістам аддзела камплектавання асабістых фондаў РДАЛіМ Віктаравай (шыфр захоўвання арыгінала: РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 264). Гэта невялікі, менш за паўстаронкі, тэкст, але вельмі інфарматыўны і ёмісты. У ім, акрамя звестак уласна пра паэта, прыведзеныя імёны і даты жыцця яго бацькоў і старэйшага брата, бацькоў яго жонкі (Клаўдзіі Цімафееўны Чумаковай) і, што асабліва важна, яўрэйскія формы імёнаў яго бацькоў і нават дзявочае прозвішча маці. Цяпер ужо было вядома, што яго бацька Міхаіл Восіпавіч – гэта некалі Міхл Ошэравіч, маці – Любоў Саламонаўна (Шлеймаўна) Шэршэвер (1886 – кастрычнік 1958), старэйшыя браты – Іосіф (1916–1934), член камсамола і студэнт Камуністычнага інстытута журналістыкі БССР, даведзены да самагубства падчас палітычнага цкавання супраць яго («И брат порешил себя милостью божьей, // Сволок своё тело на крюк…»), і Ісак, памерлы немаўлём ад хваробы і няправільнага лячэння.
Такі быў інфармацыйны генеалагічны патэнцыял «строцаўскага» сегмента дакументальнай спадчыны сям’і Айзенштадт. Не хапала яшчэ якога-небудзь дакумента, звязанага з яго бацькам Міхаілам Восіпавічам (Міхлам Ошэравічам), дзе б меліся звесткі аб яго паходжанні, месцы нараджэння і г.д. На жаль, лакалізацыя ранняй (да-віцебскай) гісторыі сям’і Веніяміна Блажэннага ў яго цікавых і глыбокіх відэаманалогах, запісаных у 1995 г. і аформленых у выглядзе 2-й часткі (пад назвай «Время и место») дакументальна-мастацкага фільма Дзмітрыя Строцава і Сяргея Паўленкі «Вениамин Блаженный и его поэзия», дзе ён распавядае, апроч іншага, пра сваё дзяцінства і блізкіх сваякоў старэйшых пакаленняў, ніяк не была пазначана. Але звычайна такая інфармацыя бывае ў дакументах, звязаных з працоўнай дзейнасцю чалавека, напрыклад, у асабовым лістку па ўліку кадраў ці аўтабіяграфіі ў складзе ягонай асабовай справы. Таму далей мой шлях ляжаў у БДАМЛіМ, дзе я азнаёміўся з асабістым фондам паэта Веніяміна Блажэннага. Сярод гэтых дакументаў я хутка знайшоў жаданае – асабовы лісток па ўліку кадраў на яго бацьку – рабочага-шчаціншчыка Міхаіла Восіпавіча Айзенштадта за 1951 г. (БДАМЛіМ. Ф. 460. Воп. 1. Спр. 191. Арк. 1–3 адв.).

Увогуле гэта аказалася вялікім поспехам, бо асабовы лісток па ўліку кадраў – зусім не тыповая крыніца для хатніх архіваў, гэта значыць збораў дакументаў, якія маюцца «на руках», а ў БДАМЛіМ ён трапіў з кватэры паэта пасля яго смерці. Дадзеную акалічнасць разам з наяўнасцю выпраўленняў і адсутнасцю асабістага подпісу, а таксама з выбіральнасцю і фрагментарнасцю запаўнення фармуляра асабовага лістка па ўліку кадраў Міхаіла Восіповіча Айзенштадта падштурхоўваюць да думкі, што гэта толькі чарнавы варыянт дакумента, што ўзнік за два гады да яго смерці (датаваны 22 лютага 1951 г.). Тым не менш, патрэбная канкрэтыка там прысутнічала. Самае галоўнае, было названа яго месца нараджэння – мястэчка Шклоў. Год нараджэння быў пазначаны ўжо не 1883, а 1884. Меліся таксама наступныя звесткі:
нацыянальнасць – яўрэй;
былое саслоўе (званне) бацькоў – рабочыя (што, як мы ўбачым ніжэй, выявіцца няпраўдай);
асноўная прафесія (занятак) – шчаціншчык (маецца на ўвазе Мінская шчотачная фабрыка імя Н.К. Крупскай);
сацыяльнае становішча – рабочы;
беспартыйны;
адукацыя – «7 класаў» (тут гэта, хутчэй, проста сімвалічная формула, абагульненае абазначэнне базавай пісьменнасці на бюракратычнай мове савецкіх анкет, а не літаральнае ўказанне на школу, аналагічную савецкай «сямігодцы»);
у рэвалюцыйным руху да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. не ўдзельнічаў;
хатні адрас – вул. Розы Люксембург, 48 (маецца на ўвазе горад Мінск);
маленькае партрэтнае фота на дакументы.
З дакументаў генеалагічнага характару ў гэтым жа фондзе БДАМЛіМ было яшчэ хіба што пасведчанне аб смерці маці паэта – Любы Шлеймаўны Айзенштат, якая памерла 1 кастрычніка 1958 г. у горадзе Мінску ад кардыясклерозу (БДАМЛіМ. Ф. 460. Воп. 1. Спр. 192. Арк. 1).
И вспомнил я, как хоронил я маму:
Стояли сосны грозные вдали
И все стенанья уходили в яму,
Всё состраданье позднее земли.
(«Я никогда не видел Бога ближе…», 19 августа 1980 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 241)
У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці я таксама знайшоў невялікую (на 6 аркушах) студэнцкую (або лепш сказаць, абітурыенцкую) асабовую справу Веніяміна Міхайлавіча Айзенштадта, які паступіў у 1940 г. на гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (ДАВц. Ф. 204. Воп. 2. Спр. 23). Але якой-небудзь новай генеалагічнай інфармацыі яна не давала. Можна было толькі прыняць да ўвагі пазнаку Веніяміна Міхайлавіча пра тое, што яго «сям’я сваякоў за мяжой не мае», ну а таксама, чыста дзеля цікавасці, даведацца яго дакладны віцебскі адрас – вул. Вялікая Жарэса, д. 9/13, кв. 1 (Там жа. Арк. 4).
Бродим по небу – по витебской улочке,
Молодо время, мы молоды сами,
Дом наш стоит возле маленькой булочной,
Где-то шагает Шагал с чудесами...
(«Бродим по небу – по витебской улочке…», 28 сентября 1987 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 299)

Але вернемся да тых новых звестак пра бацьку паэта. У выніку, пра Міхаіла Восіповіча (Міхла Ошэравіча) Айзенштадта мне цяпер было вядома: 1883/1884 г. нар., выхадзец з мястэчка Шклова (11 км на поўдзень ад Копысі) Шклоўскай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні, яўрэй, «спадчынны» рабочы, меў «7 класаў» адукацыі. Тое, што я атрымаў новы геаграфічны арыенцір – Шклоў, было найбольш каштоўным. Пакуль нават не мела асаблівага значэння, з’яўлялася гэтае мястэчка фактычным месцам нараджэння бацькі паэта ці толькі месцам прыпіскі, ці і тым, і другім. Неабходна было адпрацаваць у НГАБ корпус захаваных генеалагічных крыніц па гэтым рэгіёне. А вось з імі аказалася бяда. Метрычных кніг па Шклоўскай яўрэйскай грамадзе не захавалася ўвогуле (кнігі адной з сінагог Шклова згарэлі яшчэ ў канцы XIX ст.), пасямейных спісаў – таксама.
![Будынак былой сінагогі ў горадзе Шклове ў 1937 г., фота Аляксея Вінера. Крыніца: Кукуня В. Сінагогі Беларусі. Інвентарызацыйныя матэрыялы 1945–1949 гг. // Бюлетэнь маніторынгу гістарычнай прасторы = Biuletyn Monitoryngu przestrzeni historycznej. Сшытак 1/2016: [Сінагогі Беларусі]. Warszawa: Fundacja European Urban Institute, 2017. С. 142](https://static.wixstatic.com/media/86b020_26959d0686254c5784342afc78bb7b28~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_721,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_26959d0686254c5784342afc78bb7b28~mv2.jpg)
Уся надзея ўскладалася на «Кнігу перапісу яўрэяў-мужчын Шклоўскай яўрэйскай грамады» за 1874 г., якая была створана ў межах агульнадзяржаўнага перапісу яўрэяў мужчынскага полу, праведзенага ў лістападзе 1874 г. І хоць на той момант Міхл Ошэравіч яшчэ не нарадзіўся, у гэтым перапісе мог фігураваць яго бацька, гэта значыць нам былі цікавыя ўсе Айзенштадты з імем «Ошэр».
З 2176 сем’яў Шклоўскай яўрэйскай грамады (уключаючы тыя, якія фактычна пражывалі па-за межамі Магілёўскай губерні) толькі 10 былі зафіксаваны з прозвішчам «Айзенштадт» (у перапісе – «Айзинштат» і «Айзенштат»). То бок сярод шклоўскіх яўрэяў яно не было моцна распаўсюджанае. Сярод жа саміх Айзенштадтаў імя «Ошэр» фігуруе толькі адзін раз і тое ў якасці складовай часткі падвойнага імя. У ліку яўрэяў, што прыпісаныя да яўрэйскай грамады мястэчка Шклова і пражываюць у межах Магілёўскай губерні (зразумела, такіх была пераважная большасць), пад № 25 мы бачым сям’ю 46-гадовага Міхоэла Моўшавіча Айзінштата («Михоела Мовшовича Айзинштата»), які мае двух сыноў – 20-гадовага Ошэра-Моўшу і 14-гадовага Шолама і пражывае ў Шклове па Прабойнай вуліцы (сёння – вуліца Ленінская) у «д[оме] мещ[анина] Айзинштата», гэта значыць, відаць, у сваім уласным (НГАБ. Ф. 2151. Воп. 1. Спр. 134. Арк. 5). У графе «Примечание» маецца важнае ўдакладненне: «Ошер-Мовша живёт на Зоречьи Горец[кого] уезда особым семейством, по заявлению отца его».

Значыць, Ошэр-Моўша, рана аддзяліўшыся ад сям’і бацькі, к канцу 1874 г. стварыў сваю сям’ю і пражываў у суседнім мястэчку Зарэчча (настолькі суседнім, што іншай яго назвай было «Зарэчны Шклоў»), праўда, прыналежнага ўжо да Любініцкай воласці Горацкага павета Магілёўскай губерні (да нядаўняга часу гэта была вёска Вялікае Зарэчча Гарадзецкага сельсавета Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, за 2 км на ўсход ад горада Шклова, у склад якога яна ўвайшла ў 2013 г.). Відаць, гэты ж чалавек праз траціну стагоддзя будзе фігураваць як «Айзенштат Ошер Михелев» у дадатковым спісе асоб, што маюць права ўдзелу ў выбарах у Дзяржаўную думу, ад 29 жніўня 1907 г. сярод плацельшчыкаў кватэрнага падатку па мястэчку Шклове Магілёўскага павета (Могилевские губернские ведомости. 1907. № 68 (29 августа). Часть офиц. Прибавление. С. 3. № 123). Атрымліваецца, меркаваны дзед паэта праз нейкі час вярнуўся з Зарэчча ў родны Шклоў і ў 1907 г. быў яшчэ жывы.

Зразумела, я цалкам усведамляю, што ідэнтыфікацыя канкрэтнай персоны ў якасці бацькі толькі на падставе пасуючага – хай і адносна рэдкага для пэўнага рэгіёну – імя ставіць высновы даследчыка генеалогіі на даволі хісткую глебу. Напрыклад, у перапіс яўрэяў-мужчын Шклоўскай яўрэйскай грамады за 1874 г. маглі трапіць не ўсе Айзенштадты, паколькі «евреи всячески и непреоборимо противятся какому бы то ни было счислению своего населения» (Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях / Под ред. А.С. Дембовецкого. Могилев-на-Днепре: Типография губернского правления, 1882. Кн. 1. С. 712). Альбо продкі паэта маглі аказацца зусім іншымі Айзенштадтамі, некарэннымі жыхарамі Шклова і са сваімі носьбітамі імя «Ошэр», пасяліўшыся ў гэтым мястэчку ўжо пасля перапісу 1874 г. (хаця гэтая версія выглядае найменш верагоднай). І тым не менш, я з высокай доляй упэўненасці (скажам, на працэнтаў 95, калі заўгодна) схільны лічыць, што менавіта выяўлены Ошэр-Моўша Айзенштадт – дзед паэта. Ускоснымі сведчаннямі на карысць гэтай версіі з’яўляюцца, па-першае, рэлевантная геаграфія, па-другое, досыць вузкае кола носьбітаў у межах гэтай геаграфіі шуканага прозвішча, а па-трэцяе, сам «вандроўны» лад жыцця шуканай і выяўленай сем’яў. Менавіта гэтая вандроўніцкая парадыгма існавання характэрная для некалькіх пакаленняў Айзенштадтаў, калі пошукі лепшага жыцця вымушаюць бацьку паэта мяняць адно месца працы на іншае ў розных мястэчках, а ў жыцці сына выходзяць на новы ўзровень, пераламляючыся ў шуканне Бога і «тулянне духу». Вось і атрымліваецца тады, што ад’езд меркаванага дзеда паэта, Ошэра-Моўшы Айзенштадта, у Зарэчча з бацькавага дому таксама меў характар нейкага адыходнага промыслу.
Важна падкрэсліць, што іншых версій генеалогіі бацькі паэта, якія маглі б супярэчыць бягучай, у нас няма, і малаверагодна, што яны ўвогуле з’явяцца, паколькі фактычная аснова для іх вельмі абмежаваная. Крыніцамі па генеалогіі насельніцтва Магілёўскай губерні раскідвацца не даводзіцца. Пра захаванасць патрэбных метрычных кніг і пасямейных спісаў я ўжо сказаў. Асноўных рэвізскіх сказак Шклоўскай яўрэйскай грамады таксама не захавалася, а па дадатковых Айзенштадты не праходзяць. Не фігуруе гэтае прозвішча і ў дадатковым прызыўным спісе Шклоўскай яўрэйскай грамады за 1877–1884 гг. (НГАБ. Ф. 2054. Воп. 1. Спр. 13). Генеалагічны партал «JewishGen» пасуючых вынікаў таксама не выдае – толькі выхадцаў з іншых сем’яў шклоўскіх Айзенштадтаў.
Вяртаючыся да маналогаў Веніяміна Блажэннага, запісаных у 1995 г. для дакументальна-мастацкага фільма пра яго, варта спыніцца на сцісла ўзноўленых ім паводле ўласнай памяці расповядах яго таты пра сваіх бацькоў (Вениамин Блаженный и его поэзия. [Часть 2.] Время и место; тэкставае афармленне фрагмента відэаманалога – RadioSnapkouski):
«Дедушка мой по отцовской линии в еврейском училище – я не знаю, как это называется, бешмедрэш (скажоная форма слова «бэт-мідраш». – RadioSnapkouski), что ли – был учителем. А бабушка держала лавчонку, корчму, что ли. И вот она обнаружила пропажу серебряных вилок и ложек. И бросилась к своему мужу Óшеру (отец мой – Михаил Óшерович / Михаил Осипович): вот, такое дело, вор объявился! И вот, отец рассказывал, что реб Ошер сказал:
— Обожди, обожди… Кто взял? – Я взял! Ты же понимаешь, [Сёма и Зяма] – это же светлые головы, и у них нету денег! Ну, и хорошо, мы никогда не едим этими вилками».

Цудоўнае пацверджанне некаторых з гэтых фактаў, у прыватнасці, выканання дзедам Веніяміна Блажэннага настаўніцкіх абавязкаў, мы знаходзім у выглядзе некалькіх згадак на старонках газеты «Могилевские губернские ведомости» пра Ошэра Айзенштата (Айзінштата), які як мінімум двойчы – у 1901 і 1907 гг. – абіраўся на трохгадовы тэрмін на пасаду члена-настаўніка духоўнага праўлення «Груневай» яўрэйскай малітоўнай школы ў мястэчку Шклове (Могилевские губернские ведомости. 1901. № 34 (28 апреля). Часть офиц. С. 82; 1908. № 14 (16 февраля). Часть офиц. С. 37). Такі грамадскі статус дзеда паэта сведчыць не толькі пра тое, што ён быў адукаваны і паважаны чалавек, але і пра тое, што ён сапраўды пасяліўся ў мястэчку Зарэчча не назаўжды і вярнуўся ў родны Шклоў, тым больш што там яму павінен быў застацца ў спадчыну ад бацькі жылы дом. Таму Шклоў у біяграфіі бацькі Веніяміна Блажэннага цалкам мог быць не проста саслоўна-геаграфічнай прыпіскай, але фактычным месцам нараджэння. А геаграфія жыццёвых тулянняў некалькіх пакаленняў нашых Айзенштадтаў у храналагічнай паслядоўнасці тады будзе выглядаць так: Шклоў — Зарэчча — Шклоў — Копысь — Віцебск — Горкаўская вобласць — Мінск.


Дзеля цікавасці, я вырашыў таксама праверыць ступень распаўсюджанасці прозвішча «Айзенштадт» (ва ўсіх яго мадыфікацыях) у паслярэвалюцыйным Шклове па масавых крыніцах. Так, паводле спісу гаспадарак на 1 студзеня 1925 г., у самім мястэчку Шклове (НАРБ. Ф. 30. Воп. 2. Спр. 1506. Арк. 113–133), калі не лічыць ферму фабрыкі «Спартак», паселішчы чыгуначнікаў і пасёлак фабрыкі «Барацьба», з 914 гаспадароў (то бок асобаў, на якіх былі зарэгістраваныя гаспадаркі/сем’і) гэтае прозвішча было толькі ў трох:
«Айзенштат Григорий», вул. 1-я Савецкая, служачы (арк. 119, № 297);
«Айзенштат Беля Берков[на]», вул. Дняпроўская, гандлярка (арк. 126 адв., № 631);
«Айзенштат Дреизя Ш.», вул. Ленінская (арк. 131 адв., № 855).
Відавочна, што асноўная маса шклоўскіх Айзенштадтаў, уключаючы бацьку і сваякоў паэта, раз’ехалася па свеце. На фоне агульных тэндэнцый таго часу гэта не выглядае дзіўным, паколькі за тры дзесяцігоддзі – паміж перапісамі 1897 і 1926 гг. – яўрэйскае насельніцтва Шклова скарацілася амаль на 40%, што было звязана, перш за ўсё, з працоўнай міграцыяй і пераездам маладых сем’яў у буйнейшыя гарады, асабліва пасля 1917 г. Дарэчы, у спісе гаспадарак на 1 студзеня 1925 г. па сяле Зарэчны Шклоў (былым мястэчку) Шклоўскага раёна Айзенштадты не фігуруюць (НАРБ. Ф. 30. Воп. 2. Спр. 1506. Арк. 69–72 адв.).

Шэршэверы
Цяпер трэба сказаць пра продкаў Веніяміна Блажэннага з боку маці – Шэршэверах (Шэршоверах). Гэтае яўрэйскае прозвішча, у прынцыпе, даволі рэдкае, а генеалагічны партал «JewishGen» па ўлічаных крыніцах паказвае яго распаўсюджанасць на тэрыторыі Магілёўскай губерні толькі ў трох гарадах – Магілёве, Горках і Копысі (паўсюль адзінкавыя выпадкі). Шэршэверы з Копысі нам найбольш цікавыя, бо менавіта там нарадзіўся будучы паэт. Не кранаючы пакуль архіўных дакументаў, яго меркаванага дзеда, бацькі Любы Шлеймаўны Шэршэвер, мы неаднаразова сустракаем на старонках дзвюх друкаваных крыніц – газеты «Могилевские губернские ведомости» і даведніка «Вся Россия».
Імя мешчаніна Шлёмы Лейбавіча Шэршэвера ўпершыню з’яўляецца ў аб’яве судовага прыстава пры Горацкім з’ездзе міравых суддзяў аб прызначаным на 12 чэрвеня 1889 г. публічным продажы наяўнай у заштатным горадзе Копысі нерухомай маёмасці (участак зямлі з каменнай крамай) мяшчан Гурэвічаў, супраць якіх Шэршэвер падаў пазоў на суму 200 руб. за пазыкі. Пры гэтым, Шэршэвер быў не толькі пазыкадаўцам Гурэвічаў, але і арандаваў у іх выстаўленую на продаж нерухомасць тэрмінам на 12 гадоў (Могилевские губернские ведомости. 1889. № 42 (27 мая). Часть офиц. С. 184; № 43 (31 мая). Часть офиц. С. 190; № 44 (3 июня). Часть офиц. С. 194).

Падставай для чарговай згадкі гэтага чалавека на старонках губернскай газеты стаў праз 10 гадоў, 30 красавіка 1899 г., пажар у Копысі, падчас якога згарэў яго пашпарт, выдадзены яму павятовай паліцыяй 31 жніўня 1895 г. тэрмінам на 5 гадоў. У гэтай аб’яве Шлёма Лейбавіч Шэршовер названы ўжо не мешчанінам, а копыскім купцом 2-й гільдыі (Могилевские губернские ведомости. 1900. № 10 (5 февраля). Часть офиц. С. 24):

У далейшым з’яўленне яго імя ў друкаваных крыніцах звязана са складаннем спісаў асоб, якія маюць права ўдзелу ў з’ездзе гарадскіх выбаршчыкаў у Дзяржаўную думу Расійскай імперыі II–IV скліканняў па Горацкім павеце. У спісах ад 20 лістапада 1906 г. і 11 ліпеня 1907 г. ён фігуруе як жыхар Копысі Шэршэвер Шлема Лейбавіч, які валодае нерухомай маёмасцю на суму 180 руб., па нацыянальнасці – яўрэй (Могилевские губернские ведомости. 1906. № 91 (20 ноября). Часть офиц. Прибавление. С. 43. № 2781; 1907. № 54 (11 июля). Часть офиц. Прибавление. С. 32. № 1574). У аналагічныя спісы ад 4 жніўня 1912 г. ён унесены ўжо па двух розных выбарчых цэнзах – як уладальнік нерухомай маёмасці, ацэненай у 880 руб. (Могилевские губернские ведомости. 1912. № 61 (4 августа). Часть офиц. Прибавление. С. 7. № 433), і як уладальнік гандлёвага прадпрыемства 3-га разраду (Там жа. С. 28. № 1256).


Паралельна мешчанін Шэршэвер Шлёма Лейбавіч (у адным выпадку, відавочна памылкова, пазначаны як «кр[естьянин]», у іншым – з імем па бацьку «Мееревич», што, хутчэй за ўсё, таксама памылка) штогод фігуруе ў спісах асоб, якія маюць права быць прысяжнымі засядацелямі па Горацкім павеце на 1910–1916 гг. (Могилевские губернские ведомости. 1909. № 87 (4 ноября). Часть офиц. С. 274; 1910. № 89 (10 ноября). Часть офиц. С. 298; 1911. № 76 (24 сентября). Часть офиц. С. 194; 1912. № 87 (3 ноября). Часть офиц. С. 273; 1913. № 88 (6 ноября). Часть офиц. С. 228; 1914. № 93 (22 ноября). Часть офиц. С. 248; 1915. № 81 (19 декабря). Часть офиц. С. 319).

На старонках «Могилевских губернских ведомостей» маецца яшчэ адна цікавая згадка пра Шлему Шэршэвера, які, як і дзед паэта па бацьку, Айзенштадт, абіраўся ў члены духоўнага праўлення яўрэйскай малітоўнай школы. У сакавіку 1911 г. ён быў зацверджаны магілёўскім губернатарам на пасадзе «учёного» (настаўніка) яўрэйскай малітоўнай школы «Пеэль-Цэдэк» у Копысі на трохгоддзе з 1910 г. (Могилевские губернские ведомости. 1911. № 23 (19 марта). Часть офиц. С. 50). Гэты факт сведчыць пра тое, што Шэршэверы карысталіся пэўным уплывам і павагай у яўрэйскай грамадзе.

Даведнік «Вся Россия» на 1911/1912 г. некалькі канкрэтызуе прадпрымальніцкую дзейнасць Шлемы Шэршэвера, звязваючы яе з гандлем півам (уладальнік «піўнога склада» ў Копысі) (Вся Россия. Справочная книга российской промышленности, торговли, сельского хозяйства, администрации, представителей общественной и частной служебной и экономической деятельности и пр. 1911–1912 год. Киев: Издание Товарищества Л.М. Фиш, [1911]. Отд. III. Стб. 1595–1596). Там жа мы бачым, верагодна, кагосьці з ягоных дзяцей, чыё імя прадстаўлена ў скарочанай форме («Л. Шлем.»), што само па сабе не дазваляе ідэнтыфікаваць нават пол: зразумела толькі, што гэты чалавек займаецца гандлем аптэкарскімі таварамі ў Копысі. Ім мог быць, напрыклад, сын Шлемы Шэршэвера з якім заўгодна імем на літару «Л» (Лейба? Лейзер?) або нават дачка Люба (Ліба) – будучая маці паэта.
Падняўшы ўжо архіўныя дакументы па Копысі і Горацкім павеце (у НГАБ), я з некаторым здзіўленнем выявіў, што менавіта апошняе маё меркаванне аказалася правільным. Сярод шматлікіх заяў (запоўненых бланкаў анкет) на атрыманне прамысловага пасведчання, пададзеных уладальнікамі гандлёвых прадпрыемстваў у Горацкую раскладачную прысутнасць на працягу першага квартала 1908 г., адна была ад імя копыскай мяшчанкі Лібы Шлёмаўны Шэршэвер, прычым напісаная (запоўненая), мяркуючы па ўсім, яе ўласнай рукой і завізаваная падатным інспектарам 4 лютага 1908 г. (НГАБ. Ф. 2441. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 657–658 адв.). Дзякуючы гэтаму важнаму дакументу, цяпер мы ведаем, што 22-гадовая яўрэйская дзяўчына ўтрымлівала ў горадзе Копысі на вуліцы Школьнай у здымным памяшканні невялікую аптэкарскую краму, дзе сама і адпускала тавар. Пазначана таксама, што за мінулы, то бок 1907-ы, год абарачэнне гэтай крамы склала 1500 руб., а прыбытак – 225 руб. Калі перавесці гэта на мову працэнтных суадносін, то прыбытак склаў 15% ад гадавога абароту, што для таго часу было, з большага, у межах нормы. Іншымі словамі, установа не з’яўлялася стратнай, але і не была моцна паспяховай, дэманструючы сярэдні, трывалы ўзровень рэнтабельнасці для дробнага рознічнага гандлю пачатку XX ст. Аптэкарская крама Лібы Шэршэвер – прыклад тыповай устойлівай гандлёвай установы, якая забяспечвала яго гаспадыні пражытковы даход, але пры гэтым не давала прыкметнага назапашвання капіталу. Аб такіх людзях звычайна казалі – «не бядуе, але і не разжываецца».
![Маці (Ліба Шлемаўна Шэршэвер) і дзед (Шлема Лейбавіч Шэршэвер) Веніяміна Блажэннага сярод уладальнікаў гандлёва-прамысловых устаноў па заштатным горадзе Копысі Горацкага павета, 1911 г. (Вся Россия. Справочная книга российской промышленности, торговли, сельского хозяйства, администрации, представителей общественной и частной служебной и экономической деятельности и пр. 1911–1912 год. Киев: Издание Товарищества Л.М. Фиш, [1911]. Отд. III. Стб. 1595–1596). Крыніца лічбавай копіі](https://static.wixstatic.com/media/86b020_74dd1df74c654a17bbe8eb6a476759ff~mv2.jpg/v1/fill/w_848,h_1987,al_c,q_85,enc_avif,quality_auto/86b020_74dd1df74c654a17bbe8eb6a476759ff~mv2.jpg)


Цяжка сказаць, да якога дакладна часу будучая маці паэта гандлявала ў Копысі аптэкарскімі таварамі. Атрымліваецца, як мінімум да 1911 г. уключна (а ў суме – не менш за пяць гадоў). Але ў паслярэвалюцыйны час яна гэтым, хутчэй за ўсё, ужо не займалася, паколькі, паводле расповеда Веніяміна Міхайлавіча, калі яе сярэдні сын Ісак (то бок які нарадзіўся паміж 1917 і 1920 гг.) паміраў ад дыфтэрыту, будучы немаўлём, яна «ноччу пабегла да аптэкара» за лекамі (РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 264. Арк. 1), гэта значыць цяпер сама мела патрэбу ў аптэкарскіх таварах. На жаль, ні ў РДАЛіМ, ні ў БДАМЛіМ яе працоўнай кніжкі няма (а ці была яна ўвогуле ў яе?), каб можна было ўбачыць, як яе працоўны шлях адлюстроўваўся ў савецкіх дакументах.

Але мне падаецца, утрыманне Лібай Шэршэвер «пры царызме» гандлёвай установы (хай і за некалькі гадоў да рэвалюцыі) лічылася б у савецкі час даволі заганнай старонкай яе біяграфіі, за што маглі нават запісаць у «лішэнцы» (катэгорыю асоб, пазбаўленых выбарчых правоў і шэрагу сацыяльных ільгот), паколькі былых прыватных гандляроў і прадпрымальнікаў адносілі да «эксплуататарскіх элементаў». Менавіта таму яе сын Веніямін у сваёй аўтабіяграфіі, прадстаўленай пры паступленні ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут у 1940 г. (ДАВц. Ф. 204. Воп. 2. Спр. 23. Л. 4), кажа аб пралетарскім мінулым яго бацькі да рэвалюцыі, але пра маці, маючы на ўвазе пераважна ўжо савецкі перыяд, піша, што яна «спачатку была хатняй гаспадыняй». І нягледзячы на гэта, дарэвалюцыйны досвед гандлю аптэкарскімі таварамі спатрэбіўся яго маці як раз у савецкі час, бо невыпадкова, пра што Веніямін піша далей, у 1935 г. яна ўладкавалася працаваць прадаўшчыцай (хаця сам тут паралельна ўжывае менавіта «буржуазнае» слова, якое на той час ужо гучала архаічна, – «дрогистка»!) у «санларёк» (верагодна, там ажыццяўляўся продаж мыла і сродкаў дэзінфекцыі) на Полацкім рынку ў горадзе Віцебску, у сувязі з чым належала да прафсаюза медсанработнікаў. А калі Ліба Шэршэвер некалі і сапраўды працавала мыйшчыцай падлог, то было гэта дакладна не да рэвалюцыі.
Мёртвая мама была поломойкой.
Был полоумным мой бедный отец…
(«Мертвая мама едет в карете…», 8–9 марта 1968 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 26)
У пасляваенныя гады сацыяльнае вымярэнне гэтага кантрасту паміж «старым», дарэвалюцыйным, і «новым», савецкім, часам у асобна ўзятым лёсе – маці паэта – стала яшчэ больш выразным. У савецкім грамадстве, тым больш прайшоўшым праз жорны рэпрэсій і вайны, такім быў лёс многіх людзей, якія калісьці зведалі калі і не багацце, то пэўны дастатак і, у рэшце рэшт, апусціліся да адкрыта бядняцкага існавання. Вось які сацыяльна-драматычны вобраз сваёй маці і адначасова самога сябе (гаворка ідзе аб пасляваенным Мінску) Айзенштадт малюе ў рукапісе невялікага эсэ «Я гляжу в себя» (БДАМЛіМ. Ф. 460. Воп. 1. Спр. 59. Арк. 2):
«Как гордо несла она свою отчуждённость, свою нищету.
— Мне ничего не надо, – это был приказ, ибо она была добра и гневлива. Давно истёрлась и истрепалась её шуба; в лютый мороз ходила она в старом неопределённого цвета пальто; такие пальто бедняки называют серо-буро-малиновыми. С ветхой, где-то подобранной сумкой в руках была она похожа на нищенку, из сумки извлекалось что-то проданное ей на базаре к концу дня по дешёвке. Однажды купила она репу. «Вот, ешь», – сказала она, словно врубила мне репой между глаз: ведь я не мог заработать даже на репу. (Это были годы, когда я начертил для себя в тетради план своих поисков работы; я обошёл свыше двухсот мест, меня никуда не брали. «Ты же поэт», – мягко говорила мать, так говорят о ком-то, болеющем проказой.)».
Гэты журботны вобраз маці Веніяміна Блажэннага арганічна дапаўняюць яго ж вусныя расповеды пра яе ў сціслым пераказе Аркадзя Шульмана:
«Мама, якая страціла дваіх дзяцей (Ісака і Іосіфа. – RadioSnapkouski), забітая горам і цяжкімі буднямі, шукала супакою ў Богу. Яна стала хадзіць у сінагогу, ці, правільней сказаць, у малітоўны дом, які быў тады ў Мінску» (Шульман А. Скиталец духа, или Две жизни Айзенштадта).

Але цяпер вернемся да заяваў уладальнікаў гандлёвых прадпрыемстваў Горацкага павета на атрыманне прамысловага пасведчання ў 1908 г. У той жа справе адразу пасля заявы Лібы Шлёмаўны Шэршэвер ідуць дзве заявы яе бацькі (завізаваныя падатным інспектарам таксама 4 лютага 1908 г.), які падаваў звесткі аб двух асобных прадпрыемствах. Гэтыя дакументы ў значнай меры пашыраюць нашы ўяўленні аб яго піўным бізнэсе ў Копысі, згаданым у даведніку «Вся Россия» на 1911/1912 г. Аказваецца, копыскі мешчанін Шлема Лейбавіч Шэршэвер валодаў і загадваў не толькі аптовым складам піва, адкрытым у канцы 1907 г. ці ў самым пачатку 1908 г. (НГАБ. Ф. 2441. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 661–662 адв.), але і піўной крамай, дзе продаж ажыццяўляўся «разлівачна і на вынас» самім гаспадаром (Там жа. Арк. 659–660 адв.). Пазначана, што гадавы абарот яго крамы складае 1000 руб., а прыбытак – 200 руб. Гэта 20% прыбытку ад абароту. Такі паказчык сведчыць пра тое, што рознічны гандаль півам быў пастаўлены Шлемам Шэршэверам даволі ўдала: яго тавар стабільна запатрабаваны, выдаткі памяркоўныя, страт няма.


Што важна, краму і склад ён утрымліваў у Копысі на Шклоўскай вуліцы ва ўласных памяшканнях, не наёмных. У іншым архіўным дакуменце – спісе ўладальнікаў нерухомай маёмасці ў горадзе Копысі, складзеным у 1906 г. станавым прыставам для падатнага інспектара Горацкага павета, – я выявіў, што мешчанін Шлема Лейбавіч Шэршэвер валодаў уласным домам якраз на гэтай вуліцы, а дакладней – па правым баку Мала-Шклоўскай вуліцы (НГАБ. Ф. 2172. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 14). Дом быў зарэгістраваны пад № 13, а на ўліку ў Копыскай гарадской управе састаяў пад № 296, знаходзячыся практычна ў цэнтры горада, недалёка ад будынка самой гарадской управы. Таксама там пазначана, што дом новы, а ўвесь участак зямлі меў плошчу 104 кв. сажні (то бок каля 473,5 м2 ці 4,7 соткі) і ацэньваўся ў 880 руб. Падобна, піўныя крама і склад размяшчаліся побач з гэтым домам на агульным участку, утвараючы адзіны комплекс пабудоў. Хіба ці не той самы ўчастак зямлі з каменнай крамай Шэршэвер калісьці арандаваў у мяшчан Гурэвічаў, якіх прымусіў прадаць яго за даўгі ў 1889 г.?

Апошняя згадка імя гэтага прадпрымальнага дзеда Веніяміна Блажэннага ў даступных мне крыніцах зроблена ўжо з даволі сумнай нагоды. Падобна, к пачатку Першай сусветнай вайны або на працягу яе першага года Шлёма Шэршэвер збанкрутаваў. У канцы траўня 1917 г. на старонках «Могилевских губернских ведомостей» была апублікавана аб’ява судовага прыстава пры Магілёўскім акружным судзе аб прызначаным на 4 верасня 1917 г. публічным продажы па стартавым кошце ў 500 руб. яго нерухомай маёмасці ў горадзе Копысі «на рагу Малой Шклоўскай вуліцы і завулка, што ідзе ад гэтай вуліцы да кірмашовай плошчы», якая складалася «з драўлянага дому, надворных пабудоў і з ўласнай зямлі мераю 111 кв. сажняў» (Могилевские губернские ведомости. 1917. № 21 (27 мая). Часть офиц. С. 2/68). Там таксама тлумачылася, што Шэршэвер пазычыў грошы ў Стэфана Яніка і Ермы Пеўзнера, а сваю нерухомасць у Копысі заклаў у забеспячэнне гэтай пазыкі. Са сваімі крэдыторамі ён разлічыцца так і не змог, чаму член Магілёўскага акружнога суда В.Я. Какашынскі 24 жніўня 1915 г. пастанавіў спагнаць з Шэршэвера на карысць Магілёўскага гарадскога грамадскага банка неабходную суму (611 руб. 45 кап. з працэнтамі) за кошт продажу яго нерухомасці з публічных таргоў. Па іроніі, абсалютна такім жа шляхам гэты ўчастак зямлі (толькі з меншай колькасцю пабудоў) у Копысі каля 30 гадоў таму дастаўся самому Шэршэверу.
Пасля 1917 г. сляды Шлёмы Шэршэвера ў даступных крыніцах губляюцца. Яго фатаграфічная выява ёсць у асабістым фондзе Веніяміна Блажэннага ў РДАЛіМ (Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 286). Але дакладнае датаванне гэтага фотаздымка пад пытаннем. Складальнікі архіўнага вопісу мяркуюць, што ён быў зроблены ў 1920-я гг.

Хтосьці з блізкіх сваячак Шлёмы Шэршэвера – хутчэй за ўсё, яго старэйшая дачка – згадана без імя ў газетным допісе як ахвяра страшнага пажару, што адбыўся ў Копысі 30 красавіка 1899 г. і «прынёс фабрыкантам вялікія страты, а многіх жыхароў давёў да галечы» і падобнага да якога «не ўспомняць старажылы гор[ада] Копысі» ([Корреспонденции]. Обыватель. Г. Копысь. (Пожар.) // Могилевские губернские ведомости. 1899. № 36 (5 мая). Часть неофиц. С. 151; [Корреспонденции]. Обыватель. Г. Копысь. (Еще о пожаре.) // Могилевские губернские ведомости. 1899. № 37 (8 мая). Часть неофиц. С. 154). Вось што з ёй тады здарылася: «…моцна пацярпела 17-гадовая дзяўчына Шэршэвер, якую ахапіла полымя, калі яна ратавала рэчы. Уся вопратка згарэла на ёй, і жыццё яе выратавана толькі дзякуючы ўмелай і своечасова пададзенай дапамозе мясцовым доктарам» ([Корреспонденции]. Обыватель. Г. Копысь. (Еще о пожаре.) // Могилевские губернские ведомости. 1899. № 37 (8 мая). Часть неофиц. С. 154). У выніку гэтага пажару нерухомай маёмасці сям’і Шэршэвер, відаць, таксама нанесены значны матэрыяльны ўрон. Менавіта тады згарэў і пашпарт Шлёмы Шэршэвера, пра што я ўжо згадваў раней. Зыходзячы з пазначанага ўзросту, безназоўная абгарэлая дзяўчына была прыблізна 1882 г. нараджэння, што схіляе лічыць яе, хутчэй, старэйшай сястрой маці Веніяміна Блажэннага (якая нарадзілася, нагадаю, у 1886 г., паводле савецкіх дакументаў), а не самой Лібай Шэршэвер. Але адхіленне ад сапраўднага ўзросту можа мець месца і ў газетным допісе, і ў савецкіх дакументах, у агульнай суме складаючы некалькі гадоў. Таму пытанне аб тоеснасці гэтых дзвюх асоб, бадай, лепш пакінуць адкрытым. Дарэчы, не ведаю, выпадкова гэта ці не, але агонь – часты вобраз (сімвал разбурэння, смерці, ачышчэння, нараджэння новага свету і блізкасці з Богам), які прысутнічае як у сямейнай гісторыі Веніяміна Блажэннага, пажарам пераследуючы Шэршэвераў у Копысі, так і ў яго паэтычных зносінах з бацькамі:
МАТЬ
Ты горишь. Я не смею к тебе подойти.
На тебе сыновей твоих муки горят.
Материнская скорбь – твой горящий наряд.
Ты горишь. Я не смею к тебе подойти.
(Июнь 1941 // Вениамин Блаженный. Стихи из тетрадей / Ред.-сост. Д. Строцев. [Минск]: «Новые Мехи», 2021. С. 29)
А слова мои были словами соблазна,
Пролетали жар-птицей, паря над горами,
И горели оранжево и ярко-красно,
И внезапно в своём же сияньи сгорали...
(«...А слова мои были такими словами…», 28 июля 1984 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 208)
А сколько собак и замученных кошек –
Горящий и праведный круг!..
Собаки сгорают на небе кусками
Своих окровавленных тел,
И кошки летят, как горящие камни,
Мяуча про страшный удел...
И вот я стою в ожидании смерти –
Пожаром объятый овин –
И вот я шепчу, что когда-то на свете
Я назван был Вениамин.
А Вениамин – это «в муках рождённый», –
На муки рождённый, стою,
Уже и умерший, уже и сожжённый, –
У смерти на самом краю...
(«Хочу попрощаться с моими смертями…», 12 марта 1985 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 136)
Рассудку вопреки, я жил в огне и громе
И грыз свой чёрствый мозг, как хлеб с сухой руки,
Когда вокруг меня горели стены в доме
И пламенел рассвет – рассудку вопреки.
(«Устами Иова и Лазаря устами…», 1 августа 1985 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 217)
У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці ўдалося выявіць цікавыя звесткі пра малодшага брата маці паэта – Аляксандра Саламонавіча Шэршэвера, фармацэўта (а разам з тым, даведацца і пра яго існаванне). Уласна, у такім, русіфікаваным, варыянце яго імя і імя па бацьку ў нешматлікіх крыніцах і выкарыстоўваюцца. Як і сям’я яго сястры, Айзенштадты, у першай палове 1920-х гг. ён не затрымаўся ў Копысі. Сваім новым месцам жыхарства і прафесійнай дзейнасці Шэршэвер у 1924 г. абраў мястэчка Лёзна, якое толькі што стала райцэнтрам, дзе загадваў аптэкай. У 1930 г. у народным судзе Лёзненскага раёна Віцебскай акругі на яго была заведзеная цэлая крымінальная справа (ДАВц. Ф. 1820. Воп. 1. Спр. 208). У чым ён абвінавачваўся? У злоўжыванні сваім службовым становішчам загадчыка аптэкі. Яму ставілі ў віну захоўванне дробнай разменнай срэбнай манеты ў колькасці 17 руб. 90 кап. і забеспячэнне самога сябе 36 кавалкамі сунічнага мыла, што пацягнула на 196-ы артыкул Крымінальнага Кодэкса (далей – цытытата на мове арыгінала, з захаваннем усіх стылістычных і арфаграфічных асаблівасцяў):
«…як упаўне сазнацельны пісмены з вышэйшай адукацыяй і добра ведае цяжкасці ў напрамку з разменнай манетай з прычыны таго, што рознымі кулакамі, таргоўцамі, варожымі ліцамі Савецкай Уладдзе затрымліваецца сярэбраная дробная манета, у зварот іх ня выпускае, <…> у час ашчушчэньня дэфіцыту ў снабжэньні насельніцтва мылам займаўся самаснабжэньнем сябе мылам <…>, як сябра [прафесійнага] саюза павінен быў ведаць, што справа дробнай манеты і снабжэньне насельніцтва дэфіцытнымі таварамі на сеньнешні дзень з’яўляецца задачай палітычнай, таму ў гэтым напрамку павінен быў быць першым ударнікам у снабжэньні насельніцтва рэгулярна дэфіцытнымі таварамі – мылам, а не застаўляць у сябе для свайго асабістага карыстаньня» (ДАВц. Ф. 1820. Воп. 1. Спр. 208. Арк. 29).
У выніку, у кастрычніку 1930 г. народны суд прыгаварыў Шэршэвера да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 месяцаў умоўна з забаронай на працягу аднаго года займаць адказныя пасады. Дарэчы, сам ён сябе вінаватым не прызнаў і нават падаваў касацыйную скаргу ў Вярхоўны Суд БССР, але беспаспяхова.
Аднак гэтая крымінальная справа Шэршэвера нам цікавая нават не столькі характарам яго абвінавачання, колькі наяўнасцю там шэрагу важных дакументаў, што праліваюць святло на некаторыя старонкі яго біяграфіі. З пратакола яго допыту ад 23 жніўня 1930 г. мы даведваемся, што ён нарадзіўся ў 1892 г. у Копысі, меў вышэйшую адукацыю (фармацэўт), быў беспартыйным і членам прафсаюза медыцынскіх і санітарна-працоўных работнікаў («Медсантруд»), утрымліваў сям’ю з чатырох человек (ДАВц. Ф. 1820. Воп. 1. Спр. 208. Арк. 5–5 адв.). У іншай яго анкеце ўдакладняецца, што ён адслужыў тры гады ў Чырвонай Арміі і меў двух дзяцей (Там жа. Арк. 12). У справе таксама маюцца копіі некалькіх цікавых пасведчанняў, выдадзеных яму: 13 ліпеня 1920 г. – Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам горада Копысі (Там жа. Арк. 28) і ў жніўні 1929 г. – Віцебскім акруговым аддзяленнем прафсаюза «Медсантруд» Беларусі (Там жа. Арк. 28а). З іх вынікае, што Шэршэвер загадваў Копыскай савецкай аптэкай і ў сярэдзіне 1920 г., захоўваючы за сабой гэтую пасаду, добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію і адправіўся на фронт, з 1925 да 1929 гг. быў старшынёй Лёзненскага раённа-гарадскога камітэта прафсаюза «Медсантруд» (паралельна, з 1928 да 1929 гг. – членам Віцебскага акруговага бюро аптэчнай секцыі), а затым – старшынёй рэвізійнай камісіі гэтага ж камітэта, «праявіў сябе актыўным грамадскім работнікам».
Акрамя крымінальнай справы, у ДАВц у фондзе Віцебскага акруговага бюро прафсаюзаў удалося выявіць уліковыя дадзеныя Шэршэвера па стане на студзень 1925 г., калі ён быў яшчэ кандыдатам у члены Лёзненскага раённага камітэта прафсаюзаў (ДАВц. Ф. 1292. Воп. 1. Спр. 69. Арк. 168. № 7). У агульным, гэтыя кароткія звесткі аб ім супадаюць з інфармацыяй з крымінальнай справы. Толькі замест вышэйшай адзначана сярэдняя адукацыя (магчыма, вышэйшую ён атрымаў паміж 1925 і 1930 гг., калі, канешне, гэтыя звесткі не з’яўляюцца памылковымі), а таксама пазначаны яго службовыя абавязкі першых паслярэвалюцыйных гадоў (без якіх-небудзь дат): адказны сакратар саюза аховы здароўя ў Дзвінску (відаць, у снежні 1917 г. – лютым 1918 г.), загадчык аддзела аховы здароўя і сабеса ў Коўна (відаць, у студзені-лютым 1919 г.).

Згаданы факт працы Шэршэвера ўжо ў савецкі час аптэкарам у Копысі мімаволі вяртае нас да расповеду Веніяміна Міхайлавіча пра тое, як яго старэйшы брат, немаўля Ісак (народжаны паміж 1917 і 1920 гг.), захварэў на дыфтэрыт, а яго маці «ўначы пабегла да аптэкара і той спрасонку даў не тыя лекі», з-за чаго немаўля памёр (РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 264. Арк. 1).
* * *
Дети, умирающие в детстве,
Умирают в образе зайчат,
И они, как в бубен, в поднебесье
Маленькими ручками стучат.
«Господи, на нас не видно раны
И плетей на нас не виден след…
Подари нам в небе барабаны,
Будем барабанить на весь свет.
Мы сумели умереть до срока –
Обмануть сумели палачей…
Добрести сумели мы до Бога
Раньше дыма газовых печей.
Мы сумели обмануть напасти,
Нас навеки в небо занесло…
И ни в чьей уже на свете власти
Причинять нам горести и зло».
(26 октября 1984 // Вениамин Блаженный. Стихи из тетрадей / Ред.-сост. Д. Строцев. [Минск]: «Новые Мехи», 2021. С. 127)
Але ці не быў гэтым аптэкарам, што здзейсніў фатальную памылку, родны брат маці паэта, сам Аляксандр Шэршэвер? Бо каго чалавек можа так лёгка патурбаваць у начны час, як не блізкага сваяка ці вельмі добрага знаёмага? Больш за тое, ці не перайшоў гэты «аптэчны бізнэс» у Копысі ад сястры да малодшага брата? Бо з чаго раптам Ліба Саламонаўна пакінула свой гандаль аптэкарскімі таварамі, а Аляксандр Саламонавіч менавіта гэтым і заняўся? Здагадкі, вядома. Але не пазбаўленыя падставы, як мне падаецца.
Да гэтага пытання прымыкае яшчэ адно. Аляксандр Шэршэвер, як я высветліў з яго крымінальнай справы, працаваў у Лёзне з 1924 г., а раней ён на працягу трох гадоў служыў у Чырвонай Арміі. Атрымліваецца, пасля вайсковай службы ён мог вярнуцца ў Копысь у 1923 г., а адтуль потым патрапіць у Лёзна. Характэрна, што недзе ў гэты ж час, «у годзе 1923-24», як піша Веніямін Міхайлавіч у сваёй абітурыенцкай аўтабіяграфіі ў 1940 г., і сям’я Айзенштадт пераехала з Копысі ў Віцебск (ДАВц. Ф. 204. Воп. 2. Спр. 23. Арк. 4). Выходзіць, дзве роднасныя сем’і паралельна раз’ехаліся з Копысі: Айзенштадты – у акруговы цэнтр Віцебск, а Шэршэверы – у раённы цэнтр Лёзна той жа акругі. Як бачна са спісу гаспадарак на 1 студзеня 1925 г. па мястэчку Копысь, на той час носьбітаў прозвішчаў «Айзенштадт» і «Шэршэвер» там ужо не было. Аднак у 1930-я гг. шляхі гэтых сем’яў, падобна, зноў перасекліся – цяпер у Віцебску.
Мы не ведаем, дзе менавіта жыў і чым займаўся Аляксандр Шэршэвер пасля заканчэння тэрміна прысуду Лёзненскага народнага суда, але яго сям’я «ўсплывае» ў дакументах ужо як ахвяры Халакоста ў Віцебску. Сярод шматлікіх «Лісткоў сведкавых паказанняў» на партале «Yad Vashem» маюцца асобныя анкеты на яго, яго жонку і дзвюх дачок, датаваныя адным днём – 4 чэрвеня 1955 г. (бланкі такога тыпу актыўна запаўняліся менавіта ў сярэдзіне 1950-х гг. – у першую хвалю масавай падачы сведчанняў аб ахвярах Халакоста). З гэтых крыніц вынікае, што Шэршэвер Аляксандр (ужытковая форма імя: Саша) быў ураджэнцам Копысі, працаваў фармацэўтам у Віцебску і загінуў там падчас нямецкай акупацыі ва ўзросце 50–55 гадоў (https://collections.yadvashem.org/ru/names/664976), а яго жонку клікалі Іда (Іта, Ідэле) Шэршэвер (у дзявоцтве – Тарагін), якая была дачкой Іягуды-Цві і Леі Тарагіных, нарадзілася ў горадзе Дзвінску Віцебскай губерні, працавала зубным лекарам у Віцебску і таксама там загінула, будучы прыкладна аднаго ўзросту з мужам (https://collections.yadvashem.org/ru/names/3908953). Разам з імі загінулі ў Віцебску дзве іх дарослыя дачкі – 27-гадовая Рахель (Розачка, Роза) і 25-гадовая Лія (Леечка, Лізачка, Лея), абедзве незамужнія (выходзіць, менавіта гэтыя дзеці не былі названыя па імені ў дакументах той крымінальнай справы іх бацькі за 1930 г.). Верагодна, сям’я Шэршэвер знаходзілася сярод яўрэяў шматтысячнага Віцебскага гета (каля 20.000 чалавек), знішчанага нацыстамі к канцу 1941 г.

* * *
Ещё не убитые узники гетто,
Подростки и старики…
Нет Бога над Вами, судьба без просвета –
Охранники, немцы, штыки.
Зачем столько извести свезено в кучу,
Сожгла она жадно траву…
Нас будут пытать, издеваться и мучить,
Потом расстреляют во рву.
Быть может, раввину в потёртой ермолке,
Тому, кто тщедушен и сед,
Под жёлтые ногти загонят иголки –
И щёлкнет курком пистолет...
Быть может, прикажут подростку Симону,
Тому, чей беспомощен взгляд,
Сапог целовать солдафону-тевтону, –
А с ним и ораве солдат...
Быть может, пятнадцатилетнюю Раю
Приметит подвыпивший чин
И будет пытать её в старом сарае
Особою пыткой мужчин.
«О, девочка, должен же я убедиться
За несколько райских минут,
Что ты сохранила невинность для Фрица,
Что всё у тебя зеер гут...»
Он будет давить её, как гробовая
Плита – и раздавит живот,
И встанет испуганно мёртвая Рая,
И кровь свою в горсть соберет...
А позже – а позже внезапные залпы,
Какой сногсшибательный цирк!..
Внезапно-внезапно-внезапно-внезапно
Подпрыгивают мертвецы!..
(5 июля 1979 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 113–114)
Як бачым, родны дзядзька і стрыечныя сёстры Веніяміна Блажэннага – Шэршэверы – загінулі ў акупаваным Віцебску, а сям’я Айзенштадт паспела эвакуіравацца з горада разам з прадпрыемствам, дзе працаваў бацька паэта. Але таксама вядома, што ў Веніяміна Міхайлавіча была стрыечная сястра Ліна Аляксандраўна Шэршэвер, якая, як сказана ў прадмове да вопісу спраў яго асабістага фонду ў БДАМЛіМ, у 2004 г. завяршыла працу па перадачы туды архіва, што застаўся пасля смерці паэта. Значыць, у Аляксандра Шэршэвера была яшчэ адна дачка, якая нарадзілася, верагодна, у 1930-я гг. і выжыла падчас вайны (напрыклад, эвакуіравана разам з іншымі сваякамі або выратавана членамі падпольных груп Віцебска)? Але, падобна, са сваёй стрыечнай сястрой Веніямін Міхайлавіч (ці яна – з ім) сувязь не падтрымліваў, паколькі, паводле сведчання галоўнага рэдактара мінскага часопіса «Монолог» Аляксея Андрэева, паэт на яго «неаднаразовыя роспыты адказваў коратка і адназначна: “У нас няма ніякіх сваякоў”» (Андреев А. «Беспризорные вещи, что помнят живых...». Посмертная судьба наследия Вениамина Блаженного). А калі сваякі і былі, напрыклад, у Маскве, то адносіны з імі не задаліся яшчэ ў пасляваенныя гады. Вось што пра іх не без крыўды ён пісаў сваёй маці 29 верасня 1946 г. (РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 118):
«Я продолжаю пребывать в Москве, причем любезные родственники интересуются, скоро ли я уеду. Катин муж собственноручно запирает все комнаты в квартире, так что доступ мне открыто только в небольшую коморку, где я сплю. Дяде Яше отдан приказ не отлучаться из дому ни на минуту и сторожить их имущества. Такова степень уважения, которой мы здесь пользуемся. Ем я тоже впроголодь, да и неудивительно: все уходят на службу и обедают в столовых. В результате такого гостеприимства у меня голова побаливает, а на улице пошатываются ноги, так что я почти никуда не хожу».
Айзенштадты & Шэршэверы
Зварот да генеалогіі Веніяміна Блажэннага па бацькавай і матчынай лініях нам паказвае, што яго нараджэнне ў мястэчку Копысі было невыпадковым. Гэта радзіма яго маці, якая пражыла там першую палову свайго жыцця.
Ещё молоко на губах не обсохло –
Зачем же ему обсыхать так поспешно? –
И мать протирает оконные стёкла,
А я в колыбельке лежу безмятежно.
(«Еще молоко на губах не обсохло…», 15 января 1984 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 272)
Хаця сам Веніямін Міхайлавіч аддае перавагу, хутчэй, не геаграфіі, але часу свайго нараджэння, які меў для яго глыбока сімвалічнае значэнне. На схіле жыцця, у 1991 г., у сваім маленькім эсэ «Силуэт автобиографии» ён пісаў: «Я родился в 1921 году – в этом году казнили Гумилева, а в октябре месяце, месяце моего рождения, на церковных дверях распят был епископ Вениамин (маецца на ўвазе мітрапаліт Петраградскі і Гдоўскі Веніямін (Казанскі), расстраляны бальшавікамі ў жніўні 1922 г., звесткі аб забойстве якога да многіх дайшлі толькі ў кастрычніку. – RadioSnapkouski). Вот и я, Вениамин («В муках рожденный», Библия), претворился в рожденного на муки» (РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 110).

Сям’я Айзенштадт назаўжды пакінула мястэчка Копысь, як я ўжо сказаў, прыкладна ў 1923–1924 гг., пераехаўшы ў губернскі/акруговы цэнтр – горад Віцебск, дзе галава сям’і ўладкаваўся працаваць на шчацінную фабрыку. Веніямін Міхайлавіч быў тады яшчэ зусім маленькім хлопчыкам і наўрад ці паспеў захаваць у сваёй памяці Копысь, якая для яго хутчэй уяўляла не мястэчка, не прастору – але час, імгненні страчанага раю несвядомага дзяцінства:
* * *
Я хочу возвратиться в тот праздничный миг,
Где ещё не знаком был с собой,
Где ещё я не знал, что я буду старик,
И бродил по земле голубой.
Где ещё я не знал, что я буду раним
Этой памятью трепетных лет,
И не знал, что я буду повсюду гоним
И во тьме оборвётся мой след...
Я хочу возвратиться однажды туда,
Где когда-то сошлись все лучи,
Где в ладонях моих согревалась звезда,
Как озябший котёнок в ночи.
(1 декабря 1992 // Блаженный В.М. Сораспятье. Москва: «Время», 2009. С. 323–324)
Свядомае дзяцінства Айзенштадта большай часткай прайшло ўжо ў Віцебску, дзе яно «было бясхмарна-радасным, сагрэтым дабрынёй маці» (РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 110). І ўсё ж, трэба думаць, ён быў абавязаны Копысі не толькі сваім нараджэннем і спляценнем лёсаў яго будучых бацькоў, але і пэўнаму ўкладу і духоўнаму настрою сям’і, у якой ён нарадзіўся і рос. Не будзем забываць, што мястэчка Копысь (а афіцыйна – павятовы, затым заштатны горад) у свой час стала адным з цэнтраў хасідызму. Яшчэ ў першай чвэрці ХІХ ст. там дзейнічала яўрэйская друкарня, што выдавала хасідскую літаратуру, а ў паслярэформенны час Копысь стала рэзідэнцыяй (адной з дзвюх на ўсю Магілёўскую губерню) хасідскіх цадзікаў (двор «Хабад-Копуст»), якую ў 1866 г. пасля смерці свайго бацькі, 3-га любавіцкага рэбэ Менахема-Мендэля Шнеерсона (1789–1866), заснаваў рабін Іягуда-Лейб Шнеерсон (1811–1866), сам неўзабаве памерлы. Пераемнік апошняга, яго старэйшы сын Шлома-Залман Шнеерсон (1830–1900), «спадчынны ганаровы грамадзянін», быўшы копыскім цадзікам, стаў даволі ўплывовым хасідскім лідэрам і, як і бацька, знайшоў у Копысі свой апошні зямны прытулак. Адна з трох яўрэйскіх малітоўных школ, што дзейнічалі ў Копысі ў пачатку 1910-х гг., наўпрост называлася «Хасідскай» па сваёй прыналежнасці, а шматгадовым рабінам у паслярэвалюцыйнай Копысі – з 1918 да 1935 гг. – быў любавіцкі хасід Шмуэль Ноцік (1890–1949), пакуль яго не арыштавалі і не саслалі.
![Агульны выгляд заштатнага горада Копысі Горацкага павета, [1901 г.]. Фота Мікалая Астанковіча (Россия. Полное географическое описание нашего отечества: Настольная и дорожная книга для русских людей. Т. IX: Верхнее Поднепровье и Белоруссия / Сост. В.П. Семенов, М.В. Довнар-Запольский, Д.З. Шендрик, А.К. Кабанов, А.П. Сапунов; под ред. В.П. Семенова. Санкт-Петербург: Издание А.Ф. Девриена; Типолитография «Евг. Тиле преемн.», 1905. С. 467)](https://static.wixstatic.com/media/86b020_5f5514a2e7c2461d92342d4e29fc6078~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_619,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_5f5514a2e7c2461d92342d4e29fc6078~mv2.jpg)
Дарэчы, з расповедаў маёй бабулі, якая нарадзілася ў Копысі і пражыла там усё сваё жыццё, я добра памятаю, як яе дзіцячую ўвагу зачароўвалі хасідскія «вялікія чорныя каўпакі» ў малельнікаў у Копыскай сінагозе. Маленькай дзяўчынкай, на мяжы 1920–1930-х гг., улетку яна часта бегала з вядром за вадой да студні каля гэтай сінагогі, з адчыненых высокіх вокнаў якой раз-другі даносілася пявучая эмацыйная яўрэйская малітва. Тады цікаўная дзяўчынка, бывала, падыдзе да вакна, устане на сваё пустое вядро, перавярнуўшы яго дном дагары, і назірае за хісткімі фігурамі малельнікаў у «чорных каўпаках». Але не заўсёды ёй удавалася застацца незаўважанай – і ў адказ на гэтае нявіннае дзіцячае зазіранне «чужых вачэй», як бы парушаючае святасць, нечакана ад кагосьці з хасідскіх малельнікаў яна магла пачуць у свой адрас «יידעלע, וואָס איז?» (маю бабулю ў дзяцінстве каротка стрыглі, «пад хлопчыка», з-за чаго яе часта ўспрымалі адпаведным чынам). І тады збянтэжаная і крыху спалоханая дзяўчынка кідалася наўцёкі.
Цяжка ўявіць, каб канфесійная абстаноўка ў Копысі абыйшла ўплывам яўрэйскую сям’ю, з якой выйшаў Веніямін Блажэнны. Тым больш, пра свайго бацьку ён сам сведчыць: «Он был философ, и, как я понимаю, в его философии были элементы хасидизма» (Вениамин Блаженный и его поэзия. [Часть 2.] Время и место). Зразумела, уплыў хасідызму пры гэтым не мог быць абсалютным. Тут, хутчэй, даводзіцца казаць аб некаторай сінкрэтычнасці мыслення, сфармаванага разнастайным і часта супярэчлівым канфесійным яўрэйскім асяроддзем. Дзіма Строцаў, які блізка ведаў Веніяміна Блажэннага ўжо ў шаноўным узросце, шмат гутарыў з ім і шчыльна вывучаў яго паэтычную спадчыну, кажа з гэтай нагоды наступнае (цыт. паводле: «Есть поэты, которым не надо на стадионы». Вениамин Блаженный и его Встреча):
«Будучы паэт нарадзіўся ў 1921 годзе ў мястэчку Копысь, на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Тады яшчэ Копысь была адным з важных цэнтраў беларуска-літоўскага хасідызму, адной з плыняў у юдаізме. Бацька паэта, нягледзячы на свой рэвалюцыйна-камуністычны выбар, захоўваў у сабе, мяркуючы па расповедах Веніяміна Міхайлавіча, рысы хасідскага прасцячка-мудраца і ў гэтай сваёй ролі аказаў на сына парадаксальнае фармавальнае ўздзеянне. Паэт прыводзіў такія словы бацькі: «Сёння ў нас будзе цудоўная жабрацкая вячэра», «Навошта табе вучыцца? – пойдзеш па жабраках», «Знайшоў пятак – з чаго ты радуешся? Бо хтосьці яго згубіў».
Відавочна, што Веніямін Айзенштадт даведаўся пра Бога ў самым раннім дзяцінстве, даведаўся ў сям’і. І, бадай, можна дапусціць, што ўяўленне маленькага Вені пра Бога ўжо спачатку не было абсалютна суцэльным і несупярэчлівым. Веніямін Міхайлавіч успамінаў, як яшчэ дзіцём хадзіў з бацькам у сінагогу, і што бацька звяртаў яго ўвагу на дэманстратыўную пабожнасць рабіна: «Глядзі-глядзі, як ён бараду-та задзірае!»
Хутчэй за ўсё, у свядомасці хлопчыка мяшаліся два ўяўленні пра Бога: пра Таго, Чыю ўвагу і прыхільнасць можна заслужыць толькі шляхам асаблівай вывучкі – выканання строгіх прадпісанняў, прытрымлівання пастоў і здзяйснення рытуалаў, і пра Таго, Хто як агонь, святло і міласць прысутнічае ў кожным побытавым паўсядзённым дзеянні чалавека. Першае ўяўленне звязанае з уплывам традыцыйнага юдаізму – мітнагдым. Другое – з памкненнямі хасідаў, чыё вучэнне ўзнікла даволі позна, якраз на землях Украіны і Беларусі, і было сустрэта артадаксальнымі юдэямі як ерась, што патрабуе вынішчэння. <…>
Таму я б казаў <…> аб глыбока ўкаранёным у яго свядомасці непрыманні ўяўлення пра Бога, асобнага ад чалавека, ад яго патрэб і смуткаў, які патрабуе ахвяр, выканання рэгламенту ў адносінах. Больш за тое, я б сказаў, што ён у такога Бога не верыў.
Разам з тым, з традыцыйнага юдаізму паэт узяў саму магчымасць дыялогу і нават спрэчкі з Богам і, больш за тое, уяўленне аб тым, што чалавек-спрачальнік Богу якраз больш даспадобы, чым рабалепны і бяздумны».

Што менавіта прымусіла Айзенштадтаў змяніць Копысь на Віцебск, сказаць цяжка. Але іх ад’езд, з большага, упісваецца ў міграцыйныя тэндэнцыі таго часу, асабліва сярод яўрэяў, на фоне эканамічнай разрухі і заняпаду, пакінутымі Першай сусветнай і Грамадзянскай войнамі. Копысь была ў ліку тых гарадскіх паселішчаў і мястэчак, адкуль адбываўся масавы адток працаздольнага насельніцтва ў больш буйныя гарады і прамысловыя цэнтры. Да таго ж, час пераезду Айзенштадтаў у Віцебск прыпадае менавіта на перыяд імклівага скарачэння яўрэйскага насельніцтва Копысі, дзе з 1923 да 1926 гг. яно паменшылася амаль удвая. Невыпадкова прадстаўнікі яўрэйскай дабрачыннай арганізацыі «Джойнт», якія абследавалі Копысь у сярэдзіне 1923 г., у сваёй справаздачы адлюстравалі горад ранняга дзяцінства Веніяміна Блажэннага (пакуль ён афіцыйна – яшчэ нават не мястэчка) даволі змрочнымі фарбамі: «Горад, некалі гандлёвы і ажыўлены цэнтр, цяпер выглядае вымерлым і занядбаным, пакідаючы вельмі прыгнятальнае ўражанне. Колькасць беспрацоўных вялікая і дасягае 300 чалавек (прыкладна 9% насельніцтва Копысі. – RadioSnapkouski). У сувязі з вялікай колькасцю яўрэяў, якія маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе, неабходна адкрыць у горадзе касу ўзаемадапамогі…» (Report on Kopis, Smolensk Gubernia). Таксама прадстаўнікі «Джойнта» паведамлялі, што ў Копысі дзейнічалі чатыры школы з вельмі нязначным працэнтам яўрэйскіх вучняў, паколькі мясцовыя яўрэі неахвотна аддавалі сваіх дзяцей у «рускія школы», і, да таго ж, большасць бацькоў з-за сваёй беднасці былі не ў стане аплаціць навучанне дзяцей (Report on Kopis, Smolensk Gubernia). Цалкам магчыма, што школьнае пытанне таксама мела месца ў рашэнні Айзенштадтаў пераехаць у Віцебск, бо даляглядныя і клапатлівыя бацькі, напэўна, жадалі даць сваім дзецям адукацыю ў добрай школе буйнога горада, а іх старэйшаму сыну Іосіфу на той момант якраз было 7–8 гадоў (я думаю, што бацькоўская фраза «Навошта табе вучыцца? – пойдзеш па жабраках», звернутая ў адрас Веніяміна, была звязаная з жаданнем апошняга паступаць у інстытут, а не з яго падрыхтоўкай да школы, і мае некаторае іранічнае адценне). Варта прыняць да ўвагі яшчэ адзін важны фактар, які моцна азмрочыў і без таго невясёлае эканамічнае становішча Копысі і які мог узмацніць адток насельніцтва адтуль, у тым ліку паўплываць на ад’езд Айзенштадтаў і Шэршэвераў. Гэта – вялікі пажар 1924 г., калі быў знішчаны агнём увесь цэнтр Копысі. Айзенштадты цалкам маглі аказацца пагарэльцамі, што вырашылі пачаць новае жыццё ў губернскім/акруговым горадзе Віцебску.

Але мяне таксама не пакідае думка, што сям’я маёй бабулі (то бок яе бацькі, мае прадзед і прабабка) магла быць знаёмая з бацькамі і сваякамі Веніяміна Блажэннага, паколькі пражывала ў Копысі на вуліцы Шклоўскай – будучай Ленінскай (менавіта ў той яе частцы, што бліжэй да цэнтра мястэчка), дзе, як я высветліў, пражывалі і Шэршэверы (а разам ці побач з імі, магчыма, і Айзенштадты). Ва ўсялякім выпадку, яны былі суседзямі, а дзядзька паэта Аляксандр Шэршэвер як загадчык Копыскай савецкай аптэкі, напэўна, з’яўляўся там публічна пазнавальнай асобай. Сама мая бабуля Айзенштадтаў і Шэршэвераў памятаць не магла, а вось яе старэйшая сястра (1913 г. нар.) цалкам магла іх заспець у свядомым узросце.
Як доўга, то бок з якога часу, сям’я Айзенштадт пражывала ў Копысі, незразумела. Тут усё ўпіраецца ў абставіны і час з’яўлення ў гэтым горадзе самога Міхла Айзенштадта, бацькі паэта. Але той факт, што менавіта там ужо пражывалі носьбіты рэдкага яўрэйскага прозвішча «Шэршэвер», становіцца адным з ключавых фрагментаў, з якіх складаецца мазаіка гісторыі сям’і Веніяміна Блажэннага. З архіўных дакументаў вынікае, што «агульны стаж [працы] па найме» Міхла Айзенштадта налічваўся прыкладна ад мяжы 1890–1900-х гг., а яго «вытворчы стаж» рабочага-шчаціншчыка – ад 1905 г. (РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 292; Спр. 293; ДАВц. Ф. 204. Воп. 2. Спр. 23. Арк. 4). Улічваючы ўсё гэта разам з узростам яго старэйшага сына Іосіфа (1916 г. нар.), застаецца выказаць меркаванне, што ён альбо апынуўся ў Копысі па працы як «вандроўны» пралетарый і бліжэй да пачатку Першай сусветнай вайны сустрэў там сваю будучую жонку Любу Шлеймаўну Шэршэвер, альбо пазнаёміўся з ёй у іншым месцы (напрыклад, у родным Шклове), а ў Копысь патрапіў, пайшоўшы ў прымакі, і там ужо працаўладкаваўся. Першае маё меркаванне выглядае найбольш верагодным, паколькі ў той час Копысь як гандлёвы і прамысловы цэнтр засяроджвала вакол сябе працоўную сілу з навакольных вёсак і мястэчак і нават з суседніх губерняў.
![Высадка пасажыраў на прыстань у заштатным горадзе Копысі Горацкага павета, [1910-я гг.] (Архіў Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры). Крыніца лічбавай копіі](https://static.wixstatic.com/media/86b020_6b73c66f40ca449d89c76052698d34ae~mv2.jpg/v1/fill/w_960,h_647,al_c,q_85,enc_avif,quality_auto/86b020_6b73c66f40ca449d89c76052698d34ae~mv2.jpg)
Але ва ўсёй гэтай гісторыі дзіўным з’яўляецца іншае – сам факт узнікнення сямейнага саюза паміж Міхлам Айзенштадтам і Лібай Шэршэвер, які меў усе прыкметы «няроўнага шлюбу». Бо яўрэйскае насельніцтва таксама не з’яўлялася сацыяльна аднастайным, і на розных яго палюсах знаходзіліся шклоўскія Айзенштадты, прынамсі, у асобе бацькі паэта, і копыскія Шэршэверы. Што магло быць агульнага ў малаадукаванага вандроўнага рабацягі і ўтрымальніцы аптэчнай крамы ў горадзе, ды яшчэ і дачкі паспяховага прадпрымальніка, які гандляваў півам оптам і ў розніцу?
Зразумела, у мяне няма падстаў сцвярджаць, што ў Шклове сям’я, з якой выйшаў бацька паэта, адносілася да колаў тыповай яўрэйскай местачковай беднаты. Хутчэй нават, гэтых Айзенштадтаў варта было б аднесці да сярэдняга класа. Бо яны, як я высветліў паводле крыніц, былі ў Шклове домаўладальнікамі на адной з цэнтральных вуліц, дзед паэта Ошэр Айзенштадт абіраўся ў члены духоўнага праўлення яўрэйскай малітоўнай школы, што сведчыць хоць і не пра багацце, але пра пэўнае грамадскае прызнанне гэтай сям’і, а бабуля паэта ўтрымлівала ў мястэчку «крамку» ці «карчму» і мела назапашанае багацце са срэбных відэльцаў і лыжак. Словам, людзі гэта былі далёка не самыя апошнія ў яўрэйскай грамадзе.
Дарэчы кажучы, Ошэр-Моўша Айзенштадт (каля 1854 г. нар.) адносіўся да пакалення аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў шклоўскага яўрэйства – Паўла Барысавіча (Пінхуса Барухавіча) Аксельрода, дзеяча сусветнай сацыял-дэмакратыі, які ўдзельнічаў у стварэнні РСДРП, лідэра меншавікоў і сур’ёзнага апанента Леніна.

Аксельрод пакінуў даволі цікавыя ўспаміны, што прыадкрываюць заслону над жыццём і лёсамі найбяднейшых слаёў яўрэйскага насельніцтва Шклова, з якіх ён сам выйшаў. Яго бацька, рана асірацелы, з-за сваёй крайняй патрэбы пакінуў родны Шклоў і наняўся чорнарабочым да нейкага яўрэя-арандатара ў раёне мястэчка Почапа Мглінскага павета Чарнігаўскай губерні, а праз некаторы час сам стаў арандаваць шынок у навакольнай вёсцы (прычым жыў там, верагодна, нелегальна), дзе напрыканцы 1840-х гг. і нарадзіўся будучы лідэр меншавікоў. Калі Аксельроду было гадоў дзевяць (другая палова 1850-х гг.), яго сям’я вярнулася ў Шклоў і ў хуткім часе там зусім апусцілася да становішча сапраўдных жабракоў, папоўніўшы шэрагі насельнікаў начлежнага прытулку, які ўтрымліваўся яўрэйскай грамадой. На прыкладзе сваіх бацькоў ён, па сутнасці, малюе інтэлектуальны партрэт і карціны матэрыяльнага становішча найменш маёмных колаў шклоўскіх мяшчан-яўрэяў:
«…маці мая стаяла інтэлектуальна значна вышэй за бацьку, па сваім тэмпераменце і духу незалежнасці. Па-руску яны былі абодва зусім непісьменныя, як, зрэшты, і ледзь не ўся маса яўрэйскай беднаты ў той час. Але яны і яўрэйскай граматы амаль што не ведалі. Бацька быў здольны толькі з вялікім цяжарам чытаць малітвы, але сэнсу іх, як і ўвогуле свяшчэнных кніг на старажытнаяўрэйскай мове, не разумеў. Ён быў, тым не менш, вельмі багабойны і глыбока верыў, што ў замагільным жыцці Бог узнагародзіць усіх яўрэйскіх беднякоў за іх нястачы і пакуты на зямлі. Маці была таксама непісьменная і багабойная. Але яна пры гэтым вылучалася прыродным розумам і ініцыятывай» (Аксельрод П.Б. Пережитое и передуманное. Кн. 1. Берлин: Издательство З.И. Гржебина, 1923. С. 18).
«За выключэннем кароткага прамежку часу, калі бацька знайшоў пасядкавы заробак па нагрузцы і разгрузцы хлеба ў свіранах і складах на беразе ракі (Дняпра) – гэта быў залаты перыяд, на жаль, занадта кароткі ў нашым шклоўскім жыцці, – бацька не меў колькі-небудзь сталага заробку, дастатковага для таго, каб сям’я не цярпела голаду» (Там жа. С. 21–22).
«Бацька гойсаў цэлыя дні па горадзе ў пошуках працы, а часта ён зусім сыходзіў кудысьці ўдалечыню дзеля заробку, часам нават па паўгода, калі не больш, не вяртаўся дадому. Але я не памятаю, каб калі-небудзь ён дасылаў грошай дастаткова, хаця б на галоднае існаванне. Маці даводзілася самой усяляк выкручвацца, каб неяк пракарміць сябе і дзяцей. Даводзілася ёй звяртацца і да яўрэйскай грамадскай дабрачыннасці» (Там жа. С. 22).
Відавочна, што шклоўскія продкі Веніяміна Блажэннага не знаходзіліся ў такім бядотным становішчы. Хаця яго маладога бацьку Міхла Айзенштадта патрэба ці нешта яшчэ і прымусілі здабываць дзесьці паміж Шкловам і Копыссю «чорны хлеб свой» «працаю рабочай клячы». Прывяду адно з самых вядомых і найбольш шанаваных самім аўтарам вершаў Веніяміна Блажэннага, пад назвай «Родословная» (іншая назва – «Блаженный»), цалкам, паколькі далей я не раз буду звяртацца да гэтага тэксту:
Отец мой – Михл Айзенштадт – был всех глупей в местечке.
Он утверждал, что есть душа у волка и овечки.
Он утверждал, что есть душа у комара и мухи.
И не спеша он надевал потрёпанные брюки.
Когда еврею в поле жаль подбитого галчонка,
Ему лавчонка не нужна, зачем ему лавчонка?..
И мой отец не торговал – не путал счёта в сдаче…
Он чёрный хлеб свой добывал трудом рабочей клячи.
– О, эта чёрная страда бесценных хлебных крошек!
...Отец стоит в углу двора и робко кормит кошек.
И незаметно он ногой выделывает танец.
И на него взирает гой весёлый оборванец.
– Ах, Мишка – «Михеле дер нар» – какой же ты убогий!
Отец имел особый дар быть избранным у Бога.
Отец имел во всех делах одну примету – совесть.
………………………………………………………...
...Вот так она и родилась, моя святая повесть.
(«Блаженный (Родословная)», 9–10 сентября 1964 // Вениамин Блаженный. Стихи из тетрадей / Ред.-сост. Д. Строцев. [Минск]: «Новые Мехи», 2021. С. 79)
Калі мы паспрабуем максімальна тонка адчуць вобраз і рэальнасць за метафарай, то гэтая паэтычная фраза – «он чёрный хлеб свой добывал трудом рабочей клячи» – з верша «Родословная», цалкам прысвечанага бацьку аўтара, пры яе літаральным, гісторыка-сацыяльным прачытанні, асабліва датычна пачатку XX ст., можа даць нам адсылку да пэўных прафесій, звязаных з цяжкай фізічнай працай і конскай работай. Такое разуменне гэтага выраза, у прыватнасці, арганічна сведчыць пра вывозны промысел, то бок пра дзейнасць, звязаную з перавозкай грузаў (дроў, прадуктаў, збожжа, цэглы – чаго заўгодна) або людзей на кані (падводзе). Вывоз у той час якраз быў адной з тыповых прафесій бедных колаў насельніцтва, асабліва ў мястэчках і невялікіх гарадах.

У Шклове як мястэчку з параходнай прыстанню таксама атрымаў распаўсюджанне пасажырскі вывоз – на тых самых рабочых клячах. Вось як адзін з сучаснікаў, што прыбыў туды параходам у канцы 1898 г., апісвае свой досвед карыстання паслугай шклоўскага рамізніка: «Костлявая, еле живая кляченка насилу тащит вас на гору. Улицы сплошь покрыты невылазной жидкой грязью, по которой кляченка еле передвигает ноги; проходит с добрых 15 минут, пока мы, проехав несколько десятков саженей, останавливаемся у заезжего дома» (М. Шклов. (Проездом) // Могилевские губернские ведомости. 1898. № 98 (9 декабря). Часть неофиц. С. 412). Або яшчэ адно вобразнае апісанне працы яўрэйскіх рамізнікаў («балагул» ці «балагол») таго часу, якія падтрымлівалі транспартныя зносіны паміж Оршай, Шкловам і Магілёвам: «С прекращением пароходного сообщения на улицах означенных городов очень часто встречаются дряхлые костлявые клячи, запряженные в высокие буды, накрытые изорванными рогожами, в которых, как сельди в бочке, втиснуто множество измученных долгою и медленною ездою «паршейнов» (пассажиров)» (Орша. (Наши балаголы) // Могилевские губернские ведомости. 1899. № 3 (9 января). Часть неофиц. С. 15).

Аднак у такім лакальным кантэксце разглядаемая метафара можа сведчыць і пра любую цяжкую, аднастайную, знясільваючую працу, паводле сэнсавай аналогіі звязаную з больш шырокім спектрам прафесій. Гэта мог быць бедны рамеснік, парабак, землякоп, чорнарабочы, рабочы на фабрыцы – усякі, хто метафарычна «запрэжаны ў лямку» працы, як рабочы конь. Тады «рабочая кляча» – сам бацька паэта, які «вязе» на сабе жыццё.
Прыметна, што прапанаваныя мной варыянты інтэрпрэтацыі паэтычна «зашыфраванай» ранняй працоўнай біяграфіі бацькі Веніяміна Блажэннага добра спалучаюцца з прыкладамі з архіўных крыніц па адпаведных рэгіёне і перыядзе. Так, у працэсуальнай дакументацыі мясцовых органаў жандармерыі за 1901–1902 гг. фігуруе зямляк і супляменнік Міхла Айзенштадта – рабочы кафлянага завода ў вёсцы Смётанка (каля 8,5 км на паўночны ўсход ад Копысі) Любініцкай воласці Горацкага павета яўрэй Хаім Лейбавіч Урын (1879 г. нар.), абвінавачаны ў захоўванні і распаўсюджванні нелегальных выданняў (НГАБ. Ф. 3220. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 247–250, 303–303 адв., 307–309, 316–317, 319–321).
Для нас цікавы, уласна, не «рэвалюцыйны» аспект біяграфіі гэтага чалавека, але сам яго «прафайл», які змяшчае набор рэлевантных дадзеных. Хаім Урын, хаця і быў фармальна прыпісаны да мяшчан мястэчка Дуброўна Горацкага павета (відаць, па паходжанні яго бацькі), але нарадзіўся і пражываў у мястэчку Шклове ў сям’і сваіх бацькоў (уключаючы бацьку, маці, шасцярых братоў і адну сястру). То бок гэтыя Урыны – прышэльцы, якія інкарпараваліся ў Шклоўскую яўрэйскую грамаду. Хаім з’яўляўся другім па ўзросце сынам у сям’і і заяўляў, што быў «малограмотен, учился в Шкловском хедере» «на счёт родителей» (НГАБ. Ф. 3220. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 316 адв.). У графе «Экономическое положение родителей» паводле яго слоў было пазначана: «отец имеет дом в Шклове и занимается извозным промыслом» (Там жа. Арк. 248 адв.). Адказваючы на пытанне жандараў пра «средства к жизни», Хаім у адным выпадку патлумачыў: «лично у меня средств нет, отец имеет дом» (Там жа. Арк. 248), а ў іншым – назваў «личный труд» (Там жа. Арк. 316). К 23 гадам хлопец авалодаў рабочай спецыяльнасцю «мастерового-терракотчика» на кафляным заводзе.
Наколькі прыведзены прыклад пачатку дарослага жыцця можна лічыць тыповым для тагачаснага яўрэя-мужчыны з «простай сям’і», я зараз меркаваць не бяруся. Аднак ён мае некаторыя падабенствы з тым, што мы ведаем пра бацьку паэта, і дэманструе рэальна магчымы варыянт шляху, якім ён ішоў. Міхл Айзенштадт таксама паходзіў з яўрэяў мястэчка Шклова, дзе яго бацька валодаў уласным домам. Апошні, то бок Ошэр Айзенштадт, на раннім этапе жыцця займаўся нейкім адыходным промыслам у суседнім мястэчку (Зарэчча), а бацька Хаіма Урына зарабляў вывозам у больш дарослым узросце, відаць, у самім Шклове. Ну то бок яўрэй, будучы домаўладальнікам у мястэчку, цалкам мог выконваць вывозныя абавязкі «працай рабочай клячы», а тым больш яго сын.

Гэтак жа, як і Хаім Урын, Міхл Айзенштадт мог скончыць хедар у Шклове на сродкі бацькоў (што праз шмат гадоў і дало яму падставу пазначыць у савецкім лістку па ўліку кадраў наяўнасць у яго базавай пісьменнасці з дапамогай такой ходкай бюракратычнай фармулёўкі, як «7 класаў»). Вось пасля хедара і бар-міцвы і вызначаўся далейшы лёс падрастаючага яўрэйскага хлопчыка – ці яму далей вучыцца, ці пачынаць далучацца да працоўнага жыцця. Відавочна, што ў небагатых яўрэйскіх сем’ях найчасцей выбіралі апошняе. У такім выпадку хлопчык, дапамагаючы бацьку, напрыклад, асвойваў якое-небудзь рамяство ці асновы дробнага гандлю. Рана ўстаць на працоўны шлях прыйшлося і Міхлу Айзенштадту з Хаімам Урыным. Апошні, як бачым з дакументаў, не стаў малодшым калегам свайго бацькі па вывозным промысле, але, пайшоўшы на вольныя хлебы, папоўніў шэрагі яўрэйскага пралетарыяту, што канцэнтраваўся ў тым рэгіёне вакол кафляных («кафельно-изразцовых») заводаў Песельніка, Гурэвіча, Альпяровіча, Гінзбурга і іншых яўрэйскіх фабрыкантаў у Копысі і Смётанцы (гэтыя заводы былі адны з самых буйных у Расійскай імперыі па аб’ёме вытворчасці).

А вось з чаго менавіта пачаў сваё працоўнае жыццё будучы бацька паэта, не зусім зразумела. Калі яго «вытворчы стаж» рабочага-шчаціншчыка сапраўды варта налічваць ад 1905 г., то пры літаральным прачытанні паэтычнага сцвярджэння пра здабычу ім пражытку «працай рабочай клячы» яго «агульны стаж [працы] па найме», які налічваўся ад канца 1890-х – пачатку 1900-х гг., цалкам мог уключаць у сябе вывозны промысел. Наяўнасць у тым рэгіёне вялікай колькасці фабрык, заводаў і гандлёвых прадпрыемстваў рабіла вывоз (перавозку гліны, цэглы і г.д.) асабліва запатрабаваным. Таму верагоднасць таго, што праца наёмнага рамізніка ў таго ж фабрыканта Песельніка «занесла» Міхла Айзенштадта ў Копысь, небеспадстаўная. Адзін з сучаснікаў сведчыць, што к канцу 1890-х гг. там налічвалася цэлых 16 кафляных («кафельно-изразцовых») заводаў з 1000 рабочых (гэтая лічба выглядае завышанай), і дадае: «Подвозкой же глины и других материалов занимается почти всё население городка» ([Корреспонденции] // Могилевские губернские ведомости. 1899. № 95 (27 ноября). Часть неофиц. С. 419).
На карысць таго, што падобны занятак у Міхла Айзенштадта быў менавіта да 1905 г., гэта значыць да працы шчаціншчыкам, сведчыць сам кантэкст верша «Родословная», дзе гаворка ідзе відавочна (па меншай меры, для мяне) пра яго раннюю маладосць. На гэта паказвае звыкласць абстаноўкі ў яго родным «мястэчку» (Шклове, а не ў заштатным горадзе Копысі, дзе ён быў малавядомым прышэльцам, раствораным у масе простых рабочых), у якім суседскае асяроддзе ведала яго яшчэ па яўрэйскім імені «Міхл», але фамільярна звярталася да яго як юродлівага юнака «Мішка», што падкармліваў дваровых чатырохногіх Божых стварэнняў з нейкім унутраным захапленнем, якое перарастае ў экзальтаваны танец. Менавіта ў гэты час сфарміроўваецца яго жыццёвая стратэгія, якая прадугледжвае рашучую адмову ад занятку гандлем, так распаўсюджаным сярод яўрэяў, і якіх-небудзь звязаных з ім шляхоў лёгкіх грошай або пошукаў асабістай выгады – на карысць цяжкай, але сумленнай фізічнай працы, якая забяспечвае хлебам надзённым. І ў яўрэйскага юнака з чулым сумленнем маглі быць важкія на тое падставы, бо напрыканцы 1890-х гг. прафесійны гандаль у Шклове быў сур’ёзна дыскрэдытаваны самімі яўрэямі. Вось што, сярод іншага, пісала афіцыйная губернская перыёдыка наконт падзей вясны 1899 г. (Местный отдел // Могилевские губернские ведомости. 1899. № 28 (7 апреля). Часть неофиц. С. 120):
«Из Шклова нам сообщают, что там недавно полициею была произведена проверка весов в местных торговых еврейских заведениях.
При этом в сорока лавках найдены неклейменые весы, гири и коромысла, показывавшие неверный, значительно меньший настоящего, вес.
Зло это крепко привилось в Шклове – некогда втором после Бердичева еврейском центре. Еще не прошло двух лет, как шкловские евреи были уличены в подобном же преступлении и понесли должную кару».

Але нават калі ніякім вывозам на світанку сваёй маладосці Міхл Айзенштадт не займаўся, а лірычны герой верша «Родословная» да гістарычнага часу не прывязаны ў прынцыпе і перад намі толькі паэтызаванае напластаванне асобных эпізодаў яго жыцця, якія найбольш урэзаліся ў памяць яго сыну Веніяміну, вобраз знясіленай «рабочай клячы» моцна кантрастуе і з дабрабытам бацькоў Міхла, якія захоўвалі ў сябе ў якасці «сувеніраў» срэбныя лыжкі і відэльцы, і са светам купецкай эліты Копысі, да якога адносіліся Шэршэверы. Да гэтай метафары цалкам можа быць прывязаная і праца шчаціншчыкам, чым бацька паэта займаўся большую частку свайго жыцця. Увогуле прафесія шчаціншчыка – некалькі незвычайная і параўнальна рэдкая ў кантэксце местачковага побыту пачатку XX ст. Шчаціншчыкі ажыццяўлялі збор, ачыстку, сартаванне свінога або конскага шчаціння для вырабу шчотак і пэнзляў, прызначаных для самых розных патрэб (побытавых, гаспадарчых, фабрычных, рамесных). У гарадах і мястэчках яны часта працавалі ў невялікіх хатніх майстэрнях ці па найме ў купца ці фабрыканта, прыналежачы да беднай часткі рамеснай праслойкі. Гэта была нізкааплатная, фізічна цяжкая і манатонная ручная праца, якая патрабавала акуратнасці і цярплівасці, і паэтычна яна цалкам магла быць уключана ў катэгорыю «цягавай работы». Невыпадкова Веніямін Блажэнны, кажучы пра бацьку як героя сваіх вершаў, тлумачыў: «Горести отцовой жизни я не придумал и не преувеличил. Отец полвека проработал на фабрике – отмывал в керосине и расчёсывал железным гребнем щетину и конский волос» (Вениамин Блаженный. «Я устал верить в себя». Письма поэта Вениамина Айзенштадта, прозванного Блаженным, Григорию Корину, Семёну Липкину, Инне Лиснянской, Елене Макаровой (1980–1992)). Менавіта ў такім працоўным вобразе Міхл Айзенштадт і сустрэў сваю будучую жонку, маці паэта. Праца прыватным, вольным (а не наёмным на прадпрыемстве ці паўнаёмным у багатага гаспадара) рамізнікам, які, па сутнасці, працаваў на сябе, няхай і пакідала яго ў нізах сацыяльна-эканамічнай лесвіцы, але пры гэтым яшчэ хоць неяк – як свайго роду дробнага прыватнага прадпрымальніка – магла наблізіць яго да Шэршэвераў. Але шчаціншчык?!
Факт пародненасці Айзенштадтаў з Шэршэверамі выглядае яшчэ больш дзіўным, асабліва калі ўлічыць тое, што бацька паэта адчуваў нейкую арганічную непрыязь да гандлю (хоць маці Міхла Айзенштадта і ўтрымлівала ў Шклове «крамку» ці «карчму»). Яго стаўленне да асабістай выгады раз і назаўжды вызначалася, калі яшчэ зусім маладым чалавекам ці нават юнаком у прылеглых да Шклова палях, дзе тады часта бавілі час кампаніі яўрэйскай рабочай моладзі – шклоўскіх і копыскіх мяшчан, ён мог назіраць параненую птушку:
Когда еврею в поле жаль подбитого галчонка,
Ему лавчонка не нужна, зачем ему лавчонка?..
И мой отец не торговал – не путал счёта в сдаче…
Он чёрный хлеб свой добывал трудом рабочей клячи.
Ды і сярод свайго звыклага асяроддзя шклоўскіх Айзенштадтаў Міхл быў нейкім асаблівым:
Отец мой – Михл Айзенштадт – был всех глупей в местечке.
Он утверждал, что есть душа у волка и овечки.
Он утверждал, что есть душа у комара и мухи.
И не спеша он надевал потрёпанные брюки.
Бо не будзем забываць, што ён – сын духоўнага настаўніка («учёного») яўрэйскай малітоўнай школы («учёный» разам са старастам і скарбнікам прадстаўлялі яе кіруючы орган – духоўнае праўленне). Сітуацыя выглядае некалькі парадаксальнай, калі ў духоўнага аўтарытэта малой супольнасці, які кіраваў навучальным працэсам і праводзіў духоўныя гутаркі, сын – «всех глупей в местечке». З пераемнасцю як быццам нешта пайшло не так – і малады Міхл Айзенштадт, тым больш, паходзячы з сям’і з пэўным дастаткам, ступіў на нейкі свой шлях, шлях незалежнага напаўпісьменнага і дзіўнаватага вандроўнага рабочага, які пакінуў родны Шклоў. Ці было гэта следствам канфлікту «бацькоў і дзяцей», альбо ён, як і кафельшчык Хаім Урын, проста рана пачаў самастойнае працоўнае жыццё, мы дакладна сказаць не можам.
Ствараецца нават уражанне, што лад жыцця сумленнага і беднага фізічнага працаўніка зусім не быў навязаны Міхлу Айзенштадту распараджэннем лёсу, але, хутчэй, быў яго свядомым выбарам, што ён стаў ворагам сытасці, багацця і празмернасцяў па нейкім сваім унутраным філасофскім перакананні. Тут ужо свядомасць вызначала быццё. Веніямін Міхайлавіч аб сваім бацьку кажа на гэты конт: «Он не очень-то горевал, что он нищий: он обыгрывал это» (Вениамин Блаженный и его поэзия. [Часть 2.] Время и место):
– О, эта чёрная страда бесценных хлебных крошек!
...Отец стоит в углу двора и робко кормит кошек.
И незаметно он ногой выделывает танец.
И на него взирает гой весёлый оборванец.
Або ўспомнім пераказы Дзімам Строцавым «”хасідскіх” урокаў жабрацкай свабоды», якія даваў Веніяміну Блажэннаму бацька. А вось што яшчэ піша паэт аб сваім бацьку і сабе самім у «Силуэте автобиографии» (РДАЛіМ. Ф. 3144. Воп. 1. Спр. 110):
«Несчастья его узнавали, как голуби, которых он подкармливал нищенскими крохами. Он и сам накликал на себя насчастья: «Варт, варт», – предупреждал он («погоди, погоди»), но не со злорадством, а с упоением – он был избранником горя и знал об этом. На меня отец поглядывал с опаской: вдруг я окажусь счастливчиком, т.е. предателем наследственного злополучья.
<…>
А в жизни всё шло по законам, предписанным отцом: 23 года трудился в убогой инвалидной артели, поскольку сам был убогим с соответствующим заключением ВТЭК (Врачебно-трудовой экспертной комиссии. – RadioSnapkouski)».
У больш раннім псіхадэлічным эсэ «Я гляжу в себя», напісаным у першых чыслах жніўня 1978 г. і які складаецца з дзвюх частак, паслядоўна прысвечаных яго даўно памерлым, але «прыходзячым» да яго ў з’яўленнях бацькам, Айзенштадт яшчэ глыбей раскрывае асаблівасці характару свайго бацькі:
«Он был из породы неудачников, застенчивых людей, не могущих поверить в жестокую реальность мира: сердце его, как бездомную собаку, могло ранить любое случайное движение прохожего. Невезучесть причиняла ему невыносимые страдания, как страшная болезнь, вылезшая к тому же наружу» (БДАМЛіМ. Ф. 460. Воп. 1. Спр. 59. Арк. 1).
Ці вось такі эпізадычны (у лісце да Зінаіды Міркінай і Рыгора Памеранца ад 3 лютага 1992 г.), але жывы, яркі і містічны ўспамін Айзенштадта пра свайго бацьку:
«…бедный отец мой вдруг закрывал руками лицо и говорил: «Гарге мир нит». («Не бей меня!») К кому относились эти слова?.. Скорее всего, к Богу, ибо я касался отца только трепетно» (Вениамин Блаженный. Переписка / Сост. Д. Строцев, Т. Светашёва; ред. Д. Строцев. [Минск]: «Новые Мехи», 2021. С. 77).
Сацыяльна-маёмасны кантраст і вынікаючая з яго некаторая парадаксальнасць сямейнага саюза паміж дзівакаватым бедным рабочым (чорнарабочым), што грэбуе гандлем і ліхвярствам, і дачкой прадпрымальніка, якая таксама стала на шлях гандлю, павінны былі стаць выклікам для абодвух бакоў. Так, Міхл Айзенштадт і Ліба Шэршэвер – абодва яўрэі. Так, яны абодва таксама – мяшчане. Але жаніх зусім іншага кшталту і светаадчування, зусім без гандлёвай жылкі, бедны, але ніколі не здраджвае сабе і ўсё робіць у згодзе з сумленнем як голасам Бога. Нявеста – маладая дзяўчына, але з уласным дробным гандлёвым промыслам, дачка прадпрымальніка і крэдытора, які не грэбаваў заганяць сваіх супляменнікаў у фінансавую кабалу, на чым ён шмат у чым і «падняўся», зрабіўшы імя Шэршэвераў гучным у Копысі.
Разам з тым, можна паспрабаваць знайсці тлумачэнне, чаму такі шлюб усё ж стаў магчымым. Думаю, тут шмат у чым ролю згуляў час. Як я ўжо казаў, бацькі паэта пабраліся шлюбам, верагодней за ўсё, недзе напярэдадні або ў пачатку Першай сусветнай вайны, гэта значыць тады, калі Шлёму Шэршэвера, бацьку нявесты, напаткала фінансавае спусташэнне з-за вялікіх запазычанасцяў, у выніку чаго, пасля працяглых судовых працэдур, ён перад самай Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 г. пазбавіўся сваёй нерухомасці ў цэнтры Копысі. Для цесця Міхла Айзенштадта фінансавае закабаленне аказалася тым злавесным «бумерангам», які праз шмат гадоў вярнуўся да яго і забраў у яго ўсё. Магчыма, у жыцці сям’і прадпрымальнікаў Шэршэвераў гэта стала адным са «скрышальных» фактараў, якія ў нейкай меры згладзілі сацыяльныя супярэчнасці паміж ёй і рабацягам Айзенштадтам. Да таго ж, сумленны працоўны яўрэйскі хлопец, што з’явіўся ў іх на гарызонце, павінен быў унушыць ім давер не толькі сваёй надзейнасцю, але і некаторай унутранай высакароднасцю, хай і з доляй юродства.
Яшчэ, мне падаецца, тым нямногім, што аб’ядноўвала Міхла Айзенштадта з Лібай Шэршэвер (акрамя яўрэйства, вядома ж), магло быць тое, што, як я паказаў вышэй, у кожнага з іх бацька з’яўляўся духоўным аўтарытэтам у межах невялікай супольнасці і абіраўся ў члены духоўнага праўлення яўрэйскай малітоўнай школы на пасаду «учёного», то бок чалавека, які кіраваў навучаннем і малітвай, выкладаў чытанне Торы, вёў духоўныя гутаркі і даваў настаўленні. Словам, іх бáцькі былі паважанымі пісьменнымі людзьмі з добрымі ведамі свяшчэнных тэкстаў і традыцый. Магчыма, менавіта гэтых двух дзядоў паэта скажоныя пераказы сямейнай памяці і гіпертрафавалі да «цадзікаў у яго родзе»…
Аднак, самае галоўнае, будучыя бацькі Веніяміна Міхайлавіча ўсё ж нешта адзін ў адным знайшлі і адкрылі – нешта такое, што, вядома ж, вышэй за простыя зямныя інтарэсы, сацыяльныя няроўнасці і супярэчнасці саслоўнага грамадства. У рэшце рэшт, каханне і пачуцці жа ніхто не адмяняў. Іх глыбіня заўсёды – незразумелая таямніца. Мы зараз можам толькі парадавацца, што купідон не прамахнуўся – і цяпер, як адно з далёка ідучых наступстваў гэтага прамога траплення, у нас ёсць выдатны паэт Веніямін Блажэнны, уся паэзія якога незвычайная і парадаксальная – як і з’яўленне сямейнага саюза яго бацькоў, з якога ён быў вытканы. Ну а пасля 1917 г. у савецкім грамадстве «пралетарскае» паходжанне галавы сям’і Айзенштадт увогуле стала найбольш пажаданым, робячы яго біяграфію ледзь не ідэальнай.

У нарысе Аркадзя Шульмана «Скиталец духа, или Две жизни Айзенштадта», напісаным незадоўга да смерці Веніяміна Блажэннага, ёсць адзін даволі цікавы і каштоўны для нас фрагмент, у якім са слоў паэта пераказана гісторыя кахання і першых гадоў сумеснага жыцця яго бацькоў:
«Яго бацька, Міхл Айзенштадт – дзіўны чалавек, які нібыта сышоў са старонак шолам-алейхемаўскіх апавяданняў, быў родам з невялікага мястэчка Копысь. Тут і з’явіўся на свет у 1921 годзе хлопчык, якому бацькі далі імя Веніямін. <…>
Падчас нашай сустрэчы Веніямін Міхайлавіч расказаў мне пра свайго бацьку некалькі гісторый, якія вельмі нагадваюць прытчы.
...Бедны хлопец з Копысі ажаніўся з дачкой шклоўскага карчмара. Канешне, наўрад ці такая партыя ўзрадавала бацькоў жонкі. Але што зробіш, калі ў маладых усё наадварот. Калі дзяўчына, якой далі адукацыю, для якой нічога не шкадавалі, замест таго, каб шыць сабе пасаг, ці, у крайнім выпадку, чытаць разумныя кнігі, стала хадзіць па мястэчку са студэнтамі-галадранцамі і спяваць рэвалюцыйныя песні. Аднойчы сваякі не вытрымалі такой ганьбы і пабілі яе парасонам.
Пасля жаніцьбы шклоўская радня вырашыла, што нарэшце яны возьмуцца за розум. Карчмар вылучыў пасаг і купіў маладым папяровую майстэрню ў Копысі. Міхл Айзенштадт стаў уладальнікам і адміністратарам. Але, замест таго, каб падганяць працаўнікоў, заключаць выгадныя здзелкі і рабіць грошы, Міхл, бліжэй да абеду, ішоў у краму, купляў смачную халву для ўсіх. Ставілі самавар, і працаўнікі сядзелі за гарбатай да канца дня.
Вядома, майстэрня прыйшла ў заняпад. Айзенштадты з’ехалі жыць у Віцебск. А Міхл пайшоў рабочым на шчацінна-шчотачную фабрыку. Адзін дзень за другім вычэсваў свіную шэрсць, дыхаў хімікатамі, але ні разу не паскардзіўся на цяжкую працу».
Цалкам зразумела, што ў гэтай сямейнай гісторыі, двойчы пераказанай (Шульману яе пераказваў Айзенштадт, а Айзенштадту – яго бацькі), ёсць і скажэнні, і, хутчэй за ўсё, некаторая мастацкая выдумка. Веніямін Міхайлавіч, апісваючы падзеі амаль 80-гадовай даўніны, сведкам якіх сам быць не мог, наўрад ці валодаў паўнатой і дакладнасцю такіх ведаў, тым больш што гаворка ішла не толькі аб савецкім, але і аб дарэвалюцыйным часе і «эксплуататарскіх элементах», гэта значыць аб тэмах, відавочна непажаданых для агалоскі ў сталінскую эпоху і якія часта замоўчваліся (не будзем забываць, што бацькі Айзенштадта памерлі ў 1950-я гг.). Што ў першую чаргу кідаецца ў вочы, з дакладнасцю да наадварот пераблытана геаграфія: замест «бедны хлопец з Копысі ажаніўся з дачкой шклоўскага карчмара» павінна быць – «бедны хлопец са Шклова ажаніўся з дачкой копыскага карчмара». Як я ўжо паказаў вышэй, Копысь была радзімай маці, а не бацькі паэта. Ды і «карчмар» – паняцце некалькі шырэйшае, чым «уладальнік піўной крамы», кім быў Шлёма Шэршэвер, цесць Міхла Айзенштадта. Вобраз маці паэта, якая ў рэчаіснасці ўтрымлівала ў Копысі ўласную аптэчную краму і раптам нібыта «стала хадзіць па мястэчку са студэнтамі-галадранцамі і спяваць рэвалюцыйныя песні», выглядае нейкім ужо моцна рамантызаваным і падагнаным пад каноны савецкага часу.
Наконт пасагу ў выглядзе «папяровай майстэрні ў Копысі» – момант цікавы і куды больш праўдападобны. Толькі з прафсаюзнага білета Міхла Айзенштадта і абітурыенцкай аўтабіяграфіі яго сына вынікае, што ён працаваў шчаціншчыкам і задоўга да, і пасля рэвалюцыі, таму тут гаворка павінна ісці, хутчэй, пра хатнюю майстэрню шчаціншчыка, дзе ў яго, магчыма, нейкі час і былі наёмныя рабочыя. Алена Фралова, якая выконвае вершы Веніяміна Блажэннага на сваю музыку, сцвярджае, што паэт нарадзіўся «ў беднай сям’і дробнага саматужніка-шчаціншчыка» і яго «бацька Міхл зарабляў на жыццё вырабам абутковых і шавецкіх шчотак» (Елена Фролова. Вениамин Блаженный. 26 марта 2021 г.). Вось гэта больш падобна да праўды. Яшчэ Шульман звязвае пераезд сям’і Айзенштадт з Копысі ў Віцебск з заняпадам іх «папяровай майстэрні», што таксама малаверагодна, бо паводле Усерасійскага гарадскога перапісу на сярэдзіну сакавіка 1923 г. сярод уладальнікаў «прамысловых устаноў» Копысі (у тым ліку нарыхтоўчых, слясарных, кавальскіх, бляхарскіх, ганчарных, шавецкіх, кравецкіх і шапачных майстэрняў) ні Айзенштадты, ні Шэршэверы не фігуруюць (на момант перапісу папяровая вытворчасць як такая ў Копысі ўвогуле адсутнічала).
Аднак сведчанне Шульмана асабліва каштоўнае тым, што пацвярджае выяўлены мной па дакументальных крыніцах сацыяльны кантраст паміж Міхлам Айзенштадтам і Лібай Шэршэвер і звязаную з ім меркаваную характэрную рэакцыю бацькоў нявесты («Але што зробіш, калі ў маладых усё наадварот»). Па-першае, у пары сапраўды былі пачуцці, што пераадольваюць любыя няроўнасці, а па-другое, копыскія гандляры Шэршэверы прынялі беднага рабочага Айзенштадта ў сваё асяроддзе. У гэтым, бадай, сэнсавае ядро прыведзенай гісторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ПРАЦЯГ


Comments