top of page

Генеалагічны блог прафесійнага архівіста

Тут змешчаны фатаграфіі дакументаў, старых здымкаў, гісторыя маёй сям'і, парады як пачаць/працягнуць вашы даследаванні, інфармацыя пра спецыфіку працы ў архівах Усходняй Еўропы, як зрабіць даархіўны пошук і г.д.

«Рэлігія ўзнімаецца». Антыкалгасныя частушкі горацкай моладзі 1920-х гг.

ree

Часам скрозь масіў нуднай партыйнай дакументацыі ў архівах прабіваюцца сапраўдныя шэдэўры адчайнай народнай творчасці. Вясной 1930 г., у разгар калгаснага будаўніцтва, дзесьці ў Горацкім раёне Аршанскай акругі Беларускай ССР ад імя «партыйнай ячэйкі» пачалі распаўсюджвацца ўлёткі з тэкстам частушак, якія спявала моладзь на вясковых вечарынах. Хтосьці з мясцовых свядомых і сумленных камуністаў, які назваўся «партыйцам Горацкага рабфака», паспрабаваў на ўсё гэта цвяроза зірнуць – і міжволі сцепануўся. Ён раптам усвядоміў, што гвалтоўная калектывізацыя вядзе да супрацьлеглага эфекту – зусім не таго, якога дамагаліся камуністы яшчэ падчас сваёй антырэлігійнай прапаганды: «Народ от колгасного страха бросился искать правды на небе, т.е. религия подымается, некоторые открыто говорят: пускай будет бог, поп и церква, нежели калгасы и рабство народа». І экземпляр улёткі з частушкамі, і ацэнка суровай савецкай рэчаіснасці на вёсцы – усё было старанна, але ананімна накіравана ў Аршанскі акруговы выканкам. Там, канешне жа, ад такой народнай творчасці схапіліся за галаву і ў межах сакрэтнай перапіскі своечасова пазлівалі яе ў копіях, завераных загадчыкам сакрэтнай часткі выканкама, ва ўсемагчымыя савецкія і партыйныя інстанцыі.


Разгляд гэтых пытанняў, трэба думаць, меў не толькі следча-карны характар, але і важнае значэнне чыста для ўнутранай – рэальнай – статыстыкі, бо партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва заўсёды цікавілася і пільна адсочвала, як просты народ успрымае палітыку савецкай улады насамрэч. Такія звесткі па вызначэнні мелі сакрэтны характар і не прызначаліся для абнародавання ў якой бы там ні было форме – выключна для «ўнутранай кухні».


Ну а змест частушак, які наўрад ці цягне на рэлігійную лірыку, як, зрэшты, і сам іх жанр, быў наступным (месцамі, канешне, не вельмі стройна, але тут варта ўлічваць «памылкі» копій з копій, а таксама тое, што вясковы люд – не прафесійныя паэты):


Шесть годов прошло с тех пор,

когда Ленин помер.

Я б нисколько не жалел,

чтоб и Сталин околел.


Сидит Сталин у мотора,

а партия у руля,

народ гонят у калгасы,

но не знают ни х..


Сидит Сталин у мотора,

а мотор без колёс,

куда едешь, чорт косматый,

ограблять у нас овёс.


Ну ударники вперёд,

мы ограбили весь народ.

Ай скорей, скорей, скорей

заберём мы и курей.


Комсомол давно готов

всех ограбить и котов.

А им Сталин отвечал:

коров грабить я начал.


Мужик батюшка, отец,

скоро придет нам конец.


P.S.

Слова з трох літар дазволім сабе тут пакінуць у варыянце першапачатковай машынапіснай копіі і не дастаўляць у ім замест кропак другую і трэцюю літары, як гэта было зроблена, відаць, кімсьці з уважлівых атрымальнікаў парткама.

Comments


bottom of page