Выкладчыкі і служачыя Навагрудскай гімназіі (1858–1868 гг.) і падведамных ёй устаноў: галерэя вобразаў [фотаальбом]
- radiofono1
- Sep 23
- 17 min read
Не так даўно архіўная служба Літвы размясціла анлайн «Альбом фотокарточек Новогрудской гимназии» (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 152) у ліку іншых шматлікіх фотаздымкаў з фонду Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва пад назвай «Архив музея графа М.Н. Муравьёва» (усяго ў гэтым фондзе змяшчаецца каля 600 фотаздымкаў перыяду 1860-х гг. – пачатку XX ст.).
Што такое гімназіі, наўрад ці ёсць неабходнасць зараз падрабязна тлумачыць, таму толькі ўдакладнім, што ў той час яны ўяўлялі сабой сярэднія агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы пераважна для асоб прывілеяваных саслоўяў і для падрыхтоўкі іх да паступлення ва ўніверсітэты.
Фактычна перад намі фотаздымкі не ўсёй гімназіі, якая функцыянавала ў павятовым горадзе Навагрудку Мінскай губерні з 1858 да 1868 гг., а толькі 19-ці чалавек з выкладчыцкага складу і адміністрацыі заключнага перыяду яе існавання. Магчыма, яны былі адабраны для «альбома» ў памяць аб адзінай зачыненай на тэрыторыі Мінскай губерні гімназіі пасля паўстання 1863–1864 гг. і найбольш лаяльнай частцы яе педагагічнага персанала.
У тым выглядзе, у якім гэты фотазборнік існуе цяпер, наўрад ці яго можна назваць альбомам – хутчэй гэта два дзясяткі размешчаных у адвольным парадку фотаздымкаў, улічаных на ўзроўні адной адзінкі захоўвання – справы. Усе яны, за выключэннем аднаго, падпісаны на адвароце. Аднак няцяжка вызначыць і асобу выяўленага на непадпісаным фотаздымку (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 152, l. 19–19v): няўзброеным вокам у ім пазнаецца чалавек з першага фотаздымка – дырэктар Навагрудскай гімназіі Міхаіл Аляксеевіч Дзмітрыеў (ускосна гэта пацвярджаецца і прымацаваным у яго на шыі ордэнам Св. Станіслава 2-й ст., які як раз быў у Дзмітрыева). У большасці выпадкаў прозвішча, імя, імя па бацьку на фотаздымках пазначаны, але часам імя па бацьку і нават імя адсутнічаюць. Таму такіх асоб мы дадаткова ідэнтыфікавалі па імені і па бацьку.
На першы погляд, прысутнасць некаторых персон у «Альбоме фотокарточек Новогрудской гимназии» мае чыста выпадковы характар. Напрыклад, пяцёра з іх (Карафа-Корбут, Іван Казанскі, Турцэвіч, Ярэміч, Гурвіч) у самой Навагрудскай гімназіі ніколі не выкладалі, будучы настаўнікамі народнага, парафіяльнага і казённага яўрэйскага вучылішчаў у Навагрудку і павятовага вучылішча ў мястэчку Мір Навагрудскага павета. Аднак у сістэме навучальных акруг Расійскай імперыі кіраўнік гімназіі ў павятовым горадзе мог стаяць на чале вертыкалі ніжэйшых навучальных устаноў, злучаючы ў адной асобе дырэктара гімназіі і «дырэктара вучылішчаў». Апроч непасрэднага кіравання гімназіяй, ён забяспечваў «дырэкцыю» і нагляд усім астатнім, як казённым, так і прыватным, навучальным установам у павеце. Таму на павятовым узроўні ўвесь выкладчыцкі склад уяўляў сабой у некаторым сэнсе адзіную рэгіянальную прафесійную групу.
У той жа самы час, неабходна падкрэсліць, што гэтыя фотаздымкі далёка не вычэрпваюць кола асоб, выкладаўшых у сценах Навагрудскай гімназіі на працягу ўсяго перыяду яе існавання. Насамрэч, выкладчыкаў і служачых было нашмат больш, а партрэтныя фотавыявы мы маем, атрымліваецца, толькі 14-ці з іх. Справа ў тым, што навучальная ўстанова ў Навагрудку са статусам гімназіі ўсяго праіснавала 10 гадоў – з лета 1858 г. да лета 1868 г., прычым з некаторым перапынкам у яе дзейнасці – з восені 1864 г. да лета 1865 г. У жніўні 1864 г. паводле асабістай ініцыятывы віленскага генерал-губернатара Мураўёва гімназія была часова зачынена «за палітычныя беспарадкі і ўцёкі вучняў у шайкі» (Корнилов И.П. Памяти графа Михаила Николаевича Муравьева. К истории Виленского учебного округа за 1863–1868 гг. СПб.: Типография В.В. Комарова, 1898. С. 145). Менавіта гэтая гвалтоўная паўза ў функцыянаванні навучальнай установы адзначыла сабой водападзел паміж старым (каталіцкім, г.зн. «нядобранадзейным») і новым (праваслаўным, г.зн. «добранадзейным») кадравым складам Навагрудскай гімназіі. Толькі на момант урачыстага адкрыцця гімназіі ў верасні 1858 г. колькасць яе педагогаў налічвала 15 чалавек (разам з выкладчыкамі і адміністрацыяй), пра якіх пісьменнік Вінцэнт Каратынскі сведчыў, што гэта былі «людзі маладыя, таленавітыя, поўныя любові да навукі і гатоўнасці рупліва працаваць на карысць грамадства» (Korotyński W. Nowogrodczyzna i Nowogrodek. Urywek z notat robionych w czasie przejażdżki // Gazeta Codzienna. 1858. № 316 (16/28 listopada). S. 4).
Памятная книжка Минской губернии. Минск: Типография губернская правления, 1861. С. 44–45.
Нельга не звярнуць увагу на апісанне вядомым мастаком і асветнікам Эдвардам Паўловічам (1825–1909), працаваўшым тады ў Навагрудскай гімназіі настаўнікам малявання, той атмасферы культурнай салідарнасці і таварыства, што склалася там сярод выкладчыкаў-каталікоў: «Звычайна мы збіраліся па вечарах – то ў дырэктара [г.зн. каталіка Фелікса Чашніцкага. – RadioSnapkouski], то ў кагосьці з настаўнікаў. Асаблівых пачастункаў не было. Гарбата, потым лёгкая закуска са шклянкай файнага гавейскага піва – вось і ўсё, што звычайна стаяла на стале і чаго нам было дастаткова. Часам музыка альбо чытанне дадавалі да нашых сустрэч разнастайнасць. Толькі двое з кола польскіх настаўнікаў не ўдзельнічалі ў іх: Гэрмут, настаўнік нямецкай мовы, і ксёндз Бядржынскі, настаўнік рэлігіі; абодвух не любілі ні вучні, ні калегі. Як склаўся лёс першага – не ведаю; другі ж з часам больш чым апраўдаў складзенае аб ім меркаванне, стаўшы прызначаным урадам прэлатам Віленскага капітула і сумна вядомым катэхізатарам тамтэйшай гімназіі» (Pawłowicz E. Nowogródek – więzienie – wygnanie. Lwów: Z drukarni E. Winiarza, 1887. S. 92; пераклад з польскай – RadioSnapkouski). Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што настаўнік нямецкай мовы Юліян Гэрмут у рэчаіснасці быў остзейскім немцам-лютэранінам – і паводле вызначэння далёкі ад якіх-небудзь польскіх патрыятычных рухаў (зрэшты, аўдавеўшы, другі раз ён ажаніўся з каталічкай). Напэўна, навакольныя каталікі не любілі яго як лаяльнага ці ўвогуле апалітычнага немца. Законанастаўнік жа ксёндз Феліцыян Бядржынскі, хоць і ўмеў, падабраўшы патрэбныя словы, рабіць падчас урачыстых сходаў цудоўныя прамовы «на ладнай і выразнай польскай мове» (Korotyński W. Nowogrodczyzna i Nowogrodek. Urywek z notat robionych w czasie przejażdżki // Gazeta Codzienna. 1858. № 316 (16/28 listopada). S. 3), прытым што быў «крэсовага» паходжання, – заслужыў рэпутацыю лаяльнага каталіка, які не грэбаваў увядзеннем рускай мовы ў каталіцкія набажэнствы і хутка ўзляцеў па «кар’ернай» лесвіцы, што адлюстравана ў складзенай намі адпаведнай біяграфічнай даведцы.
Далей, гаворачы аб колькаснай дынаміцы асабовага выкладчыцкага складу Навагрудскай гімназіі, неабходна ўлічыць некаторую цякучку кадраў і, нарэшце, мураўёўскія чысткі, калі служачыя-каталікі як асобы «польскага паходжання» масава звальняліся і замяняліся любымі іншымі кадрамі, галоўным чынам праваслаўнымі паводле веравызнання і рускімі паводле паходжання, пажадана прыезджымі (але маглі таксама замяняцца мясцовымі пратэстантамі і яўрэямі). Калі пасля доўгай паўзы, у жніўні 1865 г., адбылося ўрачыстае адкрыццё Навагрудскай гімназіі ўжо «на пачатках чыста рускіх» (Открытие гимназии в г. Новогрудке Минской губернии // Современная летопись. Воскресные прибавления к «Московским ведомостям». 1865. № 38. С. 5. Цыт. паводле: М.А. Дмитриев в Новогрудской и Виленской гимназиях), са старога, першапачатковага кадравага складу засталася прыкладна толькі траціна: настаўнік рускай мовы – праваслаўны Дзмітрыеў (цяпер ужо ў ролі дырэктара гімназіі), настаўнік нямецкай мовы – лютэранін Гэрмут, законанастаўнік праваслаўнага вызнання – протаіерэй Чудоўскі (а яго і замяняць не трэба!), законанастаўнік рымска-каталіцкага вызнання – ксёндз Бядржынскі (а каму яшчэ выкладаць каталіцкі катэхізіс, як не лаяльнаму ксяндзу!) і пісьмавод – праваслаўны Камінскі. Яны, як і ўсе новаспечаныя кадры гімназіі, лічыліся людзьмі лаяльнымі і добранадзейнымі. Дзмітрыеў і Гэрмут нават былі адзначаны медалём «На памяць аб задушэнні польскага паўстання 1863–1864 гг.».

Адраджэнне Навагрудскай гімназіі «на пачатках чыста рускіх» прадугледжвала, апроч усяго іншага, і тое, што ў ёй больш не выкладалася польская мова, перад заняткамі рускай мовы адбывалася чытанне малітваў, а тыя, хто меў намер паступаць ва ўніверсітэт, цяпер мусілі здаваць выпускны іспыт па рускай мове. Тым не менш, як паказала суровая рэальнасць жыцця, у гэтых захадах было мала сэнсу, бо праз тры гады, летам 1868 г., Навагрудская гімназія як навучальная ўстанова з нязначнай колькасцю вучняў праваслаўнага вызнання была зачынена, каб не «ўзмацняць асвету асоб польскага паходжання ў заходніх губернях» (Корнилов И. Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа, преимущественно в Муравьевскую эпоху / 2-е изд., провер. и доп. (посмерт.). СПб.: Типография А.С. Суворина, 1908. Вып. 1. С. 231).

Таму перад намі фотаздымкі новай – рускай патрыятычнай – хвалі кадравага складу Навагрудскай гімназіі і падведамных ёй навучальных устаноў (праўда, на іх адсутнічае законанастаўнік праваслаўнага вызнання протаіерэй Чудоўскі, адна з асноўных фігур, тым больш што ён выкладаў у гімназіі з моманту яе заснавання). Сярод гэтых людзей, напэўна, былі як ідэйныя русіфікатары, так і апалітычныя кар’ерысты-прыстасаванцы, а таксама, бадай, нешта сярэдняе паміж гэтымі двума тыпажамі, і, канешне жа, самыя звычайныя працаўнікі пад сонцам. Ну а чыста вонкава педагагічная дзейнасць гэтага калектыва была змацаваная падобным пафасам (прамова пасля ўрачыстага адкрыцця Навагрудскай гімназіі ў жніўні 1865 г., агучаная яе дырэктарам Дзмітрыевым у сваім кабінеце ў коле выкладчыкаў і госцяў і ўзноўленая па памяці праезным відавочцам): «Спадарства! Усе мы, рускія, прыехалі сюды з адной мэтай: распаўсюджваць, кожны ў сваёй сферы, рускую думку, рускую мову і рускі кірунак, у адпор ілжывай, супрацьгістарычнай польскай прапагандзе. Поспех гэтай справы залежыць адзіна ад нашага агульнага, сяброўскага і аднадушнага дзеяння; найменшы разлад паміж намі будзе не на карысць, а на шкоду нам і хіба што на задавальненне ворагам нашым. Дык дазвольце мне, спадарства, ад сябе і ад імя ўсіх маіх годных таварышаў прапанаваць тост за аднадушнасць усіх рускіх дзеячаў горада Навагрудка» (Открытие гимназии в г. Новогрудке Минской губернии // Современная летопись. Воскресные прибавления к «Московским ведомостям». 1865. № 38. С. 5. Цыт. паводле: М.А. Дмитриев в Новогрудской и Виленской гимназиях). Амаль праз год, у чэрвені 1866 г., мураўёўскі функцыянер Карнілаў, нібы назіраючы ўвасабленне гэтых задум у жыццё, будзе сцвярджаць наступнае: «…пры энергічным дырэктары [Дзмітрыеве. – RadioSnapkouski], пры дзейсным складзе выкладчыкаў, якія дзейнічаюць аднадушна, гімназія набыла рускі характар і, па сваім чыста рускім кірунку, мае дабратворны ўплыў на насельніцтва горада і павета» (Корнилов И. Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа, преимущественно в Муравьевскую эпоху / 2-е изд., провер. и доп. (посмерт.). СПб.: Типография А.С. Суворина, 1908. Вып. 1. С. 238).
Нельга сказаць, каб вялікая фотакалекцыя з фонду Мураўёўскага музея, прычым даўно алічбаваная і кожнаму даступная для азнаямлення ў межах Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, была невядомай ці малавядомай даследчыкам. Аднак уводзіць усё гэтае фатаграфічнае багацце ў шырокі навуковы ўжытак час надышоў даўно. І забеспячэнне літоўцамі вольнага анлайн доступу да яго мае тут ці ледзь не вырашальнае значэнне.
Як нам падаецца, для стварэння галерэі вобразаў выкладчыцкага складу Навагрудскай гімназіі адных толькі партрэтных фотаздымкаў недастаткова: не хапае не толькі дат заняцця імі сваіх пасад, але і іх кароткіх службовых біяграфій, каб хаця б зразумець, наколькі значная роля была адведзена гэтай гімназіі ў іх жыцці. Таму на аснове архіўных дакументаў, друкаваных крыніц, некаторай літаратуры і анлайн-рэсурсаў мы падрыхтавалі невялікія біяграфічныя даведкі аб гэтых людзях, паспрабаваўшы высветліць іх узрост (а па магчымасці, даты жыцця і смерці), паходжанне, храналогію пасад і некаторыя іншыя звесткі пра іх. Прычым усіх асоб мы размясцілі ў пэўнай паслядоўнасці, пачынаючы ад адміністрацыі (дырэктар, інспектар) і сканчаючы настаўнікамі больш дробнага рангу. Падрабязныя даты ў фармаце «дзень-месяц-год», за выключэннем навагрудскага перыяду, дат жыцця і смерці і некаторых асобных выпадкаў, намі былі скарочаны да пазначэння толькі года. З усіх чыноў, што меліся ў служачага, мы пазначалі толькі апошні вядомы, а ўсю генеалагічную інфармацыю (перш за ўсё, аб складзе сям’і) свядома апусцілі як залішнюю для дадзенай публікацыі. Калі хтосьці з нашых чытачоў з дапамогай уласных «падручных сродкаў» палічыць магчымым неяк дапоўніць ці выправіць складзеныя намі біяграфічныя даведкі (у зададзеным фармаце), то мы, канешне жа, з падзякай прымем усе заўвагі і прапановы. З часам мы і самі, паглыбіўшыся ў архіўныя дакументы, магчыма, нешта дапоўнім і ўдакладнім.
Што яшчэ варта было б сказаць пра саму гімназію? Мужчынская сямікласная гімназія ў горадзе Навагрудку была створана на базе павятовага дваранскага пяцікласнага вучылішча, пераўтворанага на падставе рашэння ад 9 чэрвеня 1858 г. Гэтыя навучальныя ўстановы паслядоўна размяшчаліся «ў каменным будынку, узведзеным дбайнымі грамадзянамі, ля самых валоў старажытнага замка, на маляўнічым узгорку, што ўзвышаўся ўпоравень з крэпаснымі ўмацаваннямі» (Korotyński W. Nowogrodczyzna i Nowogrodek. Urywek z notat robionych w czasie przejażdżki // Gazeta Codzienna. 1858. № 316 (16/28 listopada). S. 3).
На падставе невялікага даследавання, праведзенага аўтарам прыватнага блога «Славяно-исламская академия» паводле дакументаў Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, можна атрымаць больш дэталёвае ўяўленне аб тым, як быў уладкаваны гімназічны комплекс: «Навагрудская гімназія размяшчалася ў двух каменных будынках побач з замкам (прыблізна ў тым месцы, дзе зараз усталяваны помнік Міцкевічу). У аднапавярховым будынку знаходзіліся класы (1-ы, 3-і, 4-ы, 6-ы і 7-ы). У двухпавярховым будынку на першым паверсе знаходзіліся 2-і і 5-ы класы, клас закона Божага праваслаўнага веравызнання, кніжны склад, канцылярыя, служыцельскі пакой, кладовая, кухня; на верхнім паверсе – кватэра дырэктара, фізічны кабінет з бібліятэкай і зала для ўрачыстых мерапрыемстваў. Будынкі былі звязаныя драўляным пераходам» (М.А. Дмитриев в Новогрудской и Виленской гимназиях, там жа гл. планы і чарцяжы).
Распараджэнне аб канчатковым закрыцці Навагрудскай гімназіі было вынесена 8 ліпеня 1868 г. У наступным годзе ў яе будынку размясцілася новая навучальная ўстанова – Навагрудскае павятовае двухкласнае вучылішча, але, не праіснаваўшы і дзесяці гадоў, у 1878 г. яно было пераўтворана ў гарадское, якое ў 1882 г. замест двухкласнага стала трохкласным. Далей, праз чвэрць стагоддзя, у 1908 г. гарадское вучылішча ў Навагрудку зрабілі ўжо чатырохкласным, прычым размясцілі яго па вуліцы Мінскай у будынку былога казённага віннага склада, перададзенага Міністэрству народнай асветы. Вянцом усіх гэтых дзіўных «апгрэйдаў» галоўнай навучальнай установы горада праз пяць гадоў стала пераўтварэнне яе ў вышэйшае пачатковае вучылішча («высшее начальное училище») – і пад такой некалькі недарэчнай, з сучаснага пункту гледжання, назвай (нібыта ў ёй злучыліся два супрацьлеглыя ўзроўні – «вышэйшы» і «пачатковы») яна праіснавала ў Наваградку з 1913 г. да рэвалюцыі.
![Навагрудак. Рынкавая плошча. Малюнак перыяду Першай сусветнай вайны. З набору нямецкіх паштовак. (Album von Nowo Grodek. Berlin: Verlag E.A. Ritter, [1915–1917]). Крыніца](https://static.wixstatic.com/media/86b020_2e7456a9c3a444c18fa8f7e7297b18f9~mv2.jpg/v1/fill/w_980,h_623,al_c,q_85,usm_0.66_1.00_0.01,enc_avif,quality_auto/86b020_2e7456a9c3a444c18fa8f7e7297b18f9~mv2.jpg)
ДЗМІТРЫЕЎ Міхаіл Аляксеевіч [ДМИТРИЕВ Михаил Алексеевич]
(каля 1832, г. Санкт-Пецярбург — 14.05.1873, г. Гродна)
(LVIA, f. 439, ap. 1, b. 152, l. 1, 19)
Сын обер-афіцэра, мешчанін г. Санкт-Пецярбурга (у 1853 г. выключаны з падатнага стану), праваслаўны, выпускнік гісторыка-філалагічнага факультэта Галоўнага педагагічнага інстытута (1853), з 18.07.1853 да 01.08.1858 старшы настаўнік рускай мовы Навагрудскага павятовага дваранскага пацікласнага вучылішча (у 1854–1855 гг. наглядчык агульнай вучнёўскай кватэры), з 01.08.1858 да 2-й пал. 1861 г. старшы настаўнік рускай славеснасці Навагрудскай гімназіі, з 1861 да 1863 гг. старшы настаўнік рускай славеснасці Віленскай гімназіі, з 1863 да 1865 гг. інспектар Віленскай прагімназіі, іспраўляючы пасаду дырэктара (з 01.08.1865 да 03.08.1866) і дырэктар (з 03.08.1866 да 14.01.1867) Навагрудскай гімназіі, з 1867 да 1873 гг. дырэктар Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў, у 1873 г. адстаўлены ад службы па хваробе. Стацкі саветнік (1869). Член-супрацоўнік (з 1856 г.) і правадзейны член Паўночна-Заходняга аддзела (з 1867 да 1872 гг.) Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Правадзейны член Віленскага губернскага статыстычнага камітэта (з 1861 да 1870 гг.). Старшыня Навагрудскага Мікалаеўскага праваслаўнага брацтва. Кавалер ордэнаў Св. Станіслава 3-й ст. (каля 1863), Св. Станіслава 2-й ст. (1867) з імператарскай каронай (1869) і Св. Ганны 2-й ст. (1871). Адзначаны сярэбраным медалём Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства за этнаграфічныя працы (1858) і медалём «На памяць аб задушэнні польскага паўстання 1863–1864 гг.». Вядомы даследчык культуры і традыцый беларускіх сялян (сабраў матэрыял для першай у гісторыі этнаграфіі публікацыі беларускіх казак), аўтар-укладальнік кнігі «Собрание песен, сказок, обрядов и обычаев крестьян Северо-Западного края» (Вильна: Печатня А.Г. Сыркина, 1869. 266 с.) і шматлікіх нарысаў, артыкулаў і допісаў па гісторыі, этнаграфіі і фальклоры (гл. спіс яго публікацый тут і пералікі ўсіх яго вядомых рукапісаў тут). Пахаваны на парафіяльных могілках Гродзенскага Сафійскага сабора (яго надмагілле захавалася да нашых дзён).
АЎЧЫННІКАЎ Павел Аляксеевіч [ОВЧИННИКОВ Павел Алексеевич]
(каля 1817–1819 — не раней за 21.03.1870)

Сын обер-афіцэра, праваслаўны, выпускнік Галоўнага педагагічнага інстытута, з 07.03.1841 да 17.06.1841 іспраўляючы пасаду старшага настаўніка лацінскай мовы Мсціслаўскага павятовага дваранскага вучылішча, з 1841 г. і на 1851 г. старшы настаўнік рускай мовы Бабруйскага павятовага дваранскага вучылішча (з 27.04.1842 да 29.06.1842 настаўнік французскай мовы дармова; з 28.04.1842 загадчык вучылішчнай бібліятэкі), старшы настаўнік рускай славеснасці (з 1858 да 1862 гг.; з 1863 да 1865 гг.) і інспектар (з 1858 да 1862 гг.) Пінскай гімназіі, з 1862 да 1863 гг. старшы настаўнік рускай мовы Беластоцкай гімназіі, з 01.04.1865 да 01.09.1866 настаўнік рускай славеснасці Навагрудскай гімназіі (у 1865–1866 гг. іспраўляючы пасаду інспектара), з 1866 да 1869 гг. інспектар Мінскай дырэкцыі народных вучылішчаў, з 1869 да 1870 гг. інспектар народных вучылішчаў Кіеўскай навучальнай акругі, у 1870 г. адстаўлены ад службы па прашэнні. Стацкі саветнік (у 1868 г.). Кавалер ордэна Св. Станіслава 2-й ст. Адзначаны знакам «За XV гадоў бездакорнай службы» і медалём «На памяць аб задушэнні польскага паўстання 1863–1864 гг.».
ГЭРМУТ (HERMUT, HERMUTH, GERMUTH) Юліян Хрыстафоравіч
[ГЕРМУТ Юлиан Христофорович]
(каля 1824–1825, Курляндская губерня — не раней за 1881)

Остзейскі немец, выхадзец з падатнага саслоўя грамадзян (у 1845 г. выключаны з падушнага акладу), лютэранін, атрымаў хатнюю адукацыю, з 1844 да 1848 гг. сакратар Віленскай евангелічна-лютэранскай царкоўнай калегіі, у 1845 г. вытрымаў іспыт у Савеце Віленскай губернскай гімназіі на званне хатняга настаўніка нямецкай мовы. Іспраўляючы пасаду настаўніка нямецкай мовы (з 02.04.1845 да 03.08.1845), звышштатны настаўнік нямецкай мовы пры чатырохкласным аддзяленні (з 05.01.1846 да 12.10.1846) і звышштатны настаўнік нямецкай мовы (з 1846 да 1852 гг.; без атрымання жалавання) Віленскай губернскай гімназіі. З 23.04.1845 настаўнік і дазорца Віленскага лютэранскага двухкласнага вучылішча. Выкладаў па найме нямецкую мову, славеснасць і духоўнае красамоўства ў падрыхтоўчых (з 1847 да 1849 гг.), равінскіх (з 1848 да 1852 гг.) і спецыяльных (з 1851 да 1852 гг.) класах Віленскага равінскага вучылішча. З 1852 да 1858 гг. настаўнік нямецкай мовы Мінскай губернскай гімназіі, з 16.09.1858 да 01.09.1864 настаўнік нямецкай мовы Навагрудскай гімназіі, з 01.09.1864 да 01.01.1865 знаходзіўся ў адстаўцы, з 01.01.1865 да 08.07.1867 настаўнік нямецкай мовы Навагрудскай гімназіі (з 27.02.1867 да 08.07.1867 часова іспраўляючы пасаду інспектара), настаўнік нямецкай мовы Мінскай губернскай гімназіі (з 08.07.1867 да 1872 г.) і Мінскай жаночай гімназіі (з 15.08.1867 да 1869 г.), з 1872 да 1875 гг. настаўнік Бярдзянскай гімназіі Таўрычаскай губерні, з 1875 да 1876 гг. іспраўляючы пасаду выхавацеля Ніжагародскай графа Аракчэева ваеннай гімназіі, з 1876 да 1881 гг. настаўнік нямецкай мовы Марыупальскай гімназіі Екацярынаслаўскай губерні. Стацкі саветнік (1870). Кавалер ордэна Св. Станіслава 2-й ст. (1874). Узнагароджаны цёмна-бронзавым медалём «На памяць аб вайне 1853–1856 гг.» на Андрэеўскай стужцы (1858), 125 рублямі «за выдатна руплівую службу» (1862), 150 рублямі «за адметную службу» (1864) і медалём «На памяць аб задушэнні польскага паўстання 1863–1864 гг.» (1867).
БЯДРЖЫНСКІ (BIEDRZYŃSKI) Феліцыян-Алаізій Тадэвушавіч
[БЕДРЖИНСКИЙ Фелициан Фаддеевич]
(каля 1821 — 11.07.1897)

Прадстаўнік шляхецкага роду Вілейскага павета, прызнанага пастановай Віленскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 28.09.1817. Каталік. У 1832 г. пражываў у вёсцы Насілава Вілейскага павета на закладной зямлі памешчыка Ляговіча. Выпускнік Мінскай рымска-каталіцкай епархіяльнай семінарыі і Санкт-Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі (кандыдат багаслоўя). У 1844 г. пасвячоны ў святары. Вікарны ксёндз Койданаўскага касцёла (з 1844 да 1848 гг.) і Мінскага касцёла Святой Тройцы на Залатой Горцы (з 1848 г.), з 1849 г. прапаведнік Мінскага кафедральнага касцёла, законанастаўнік рымска-каталіцкага вызнання Навагрудскага павятовага дваранскага вучылішча (з 01.07.1850 да 15.08.1858) і Навагрудскай гімназіі (з 15.08.1858 да 01.09.1864; з 01.01.1865 да 1868 г.), ганаровы канонік (у 1866 г.). Законанастаўнік рымска-каталіцкага вызнання Гродзенскай губернскай гімназіі (з 1869 да 1870 гг.), 1-й Віленскай гімназіі (з 1870 да 1880 гг.) і падрыхтоўчага класа пры ёй (з 1871 г.), Віленскага Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча (з 1870 да 1888 гг.) і Віленскай бясплатнай школы для бедных дзяўчын (з 1884 да 1887 гг.). З 1872 да 1873 гг. віцэ-кусташ Віленскага кафедральнага малога капітула. Прэлат (з 1873 г.), схаластык (з 1873 да 1886 гг.), кусташ (з 1886 да 1887 гг.), архідыякан-прэлат (з 1887 да 1889 гг.) і прэлат-дэкан (з 1889 да 1897 гг.) Віленскага кафедральнага вялікага капітула. З 1887 да 1897 гг. засядацель Санкт-Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай калегіі. Кавалер ордэнаў Св. Станіслава 3-й ст., Св. Ганны 3-й ст., Св. Станіслава 2-й ст., Св. Ганны 2-й ст. (1886), Св. Уладзіміра 4-й ст. і Св. Уладзіміра 3-й ст. Узнагароджаны залатым наперсным крыжом і залатым, упрыгожаным дыяментамі пярсцёнкам з вензелевай выявай імя імператара. Пахаваны ў г. Вільні на могілках Роса (яго надмагілле захавалася да нашых дзён). Пасля яго смерці частка яго грашовай спадчыны пайшла на аднаўленне Віленскага кафедральнага касцёла.
КАМІНСКІ Пётр Іларыёнавіч [КАМИНСКИЙ Пётр Илларионович]
(каля 1838 — не раней за 1889)

Дваранін Гродзенскай губерні, праваслаўны, выпускнік Навагрудскага павятовага дваранскага вучылішча, з 18.08.1858 да 15.08.1864 і з 11.10.1865 да 09.03.1867 пісьмавод Навагрудскай гімназіі, з 09.03.1867 да [1870 г.] канцылярскі чыноўнік Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў, з 01.05.1867 настаўнік 2-га Гродзенскага парафіяльнага вучылішча, з 1870 да 1873 гг. памочнік пружанскага павятовага скарбніка, бухгалтар (з 1873 да 1875 гг.) і касір (з 1875 да 1879 гг.) Гродзенскага губернскага казначэйства, з 1879 да 1889 гг. бухгалтар Гродзенскай казённай палаты. Надворны саветнік (у 1880 г.). Кавалер ордэна Св. Станіслава 3-й ст.
КАЗАНСКІ Ягор Паўлавіч
[КАЗАНСКИЙ Егор Павлович]
(каля 1810 — пасля 06.07.1872)

Выхадзец з духоўнага саслоўя, праваслаўны, выпускнік Кіеўскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, у 1837–1842 гг. дазорца Мінскіх павятовых духоўных і парафіяльных вучылішчаў, у 1852 г. дазорца Пінскіх павятовых духоўных вучылішчаў, з 1855 да 1858/1859 гг. малодшы чыноўнік па асаблівых даручэннях пры мінскім цывільным губернатары, з 1858/1859 да 1860 гг. засядацель (ад Урада) Ігуменскага павятовага суда, старшы настаўнік рускай мовы (з 1860 да 1863 гг.) і інспектар (з 1863 да 1865 гг.) Цельшаўскай прагімназіі Ковенскай губерні, з 19.05.1865 да 1868 г. настаўнік рускай мовы Навагрудскай гімназіі (з 19.03.1868 і на кастрычнік 1868 г. часова іспраўляючы пасаду дырэктара), з 1870 да 1872 гг. настаўнік рускай мовы Слуцкай гімназіі. Стацкі саветнік (1871). Кавалер ордэна Св. Уладзіміра 4-й ст. (1871). Адзначаны знакам «За XX гадоў бездакорнай службы» і медалём «На памяць аб задушэнні польскага паўстання 1863–1864 гг.». З 1869 г. уладальнік набытага маёнтка Захары Навагрудскага павета (на 1876 г. – 117 дзесяцін зямлі).
АРАЛАЎ Анісім Пракопавіч [АРАЛОВ Онисим Прокопьевич]
(15.02.1839, г. Вялікі Усцюг Валагодскай губерні — лістапад 1902, г. Арол)

Сын станавога прыстава (обер-афіцэра), асабісты, затым спадчынны дваранін (у 1884 г. занесены разам з жонкай і дзецьмі ў 3-ю частку дваранскай радаводнай кнігі Арлоўскай губерні і зацверджаны Сенатам), праваслаўны, выпускнік Валагодскай гімназіі і фізіка-матэматычнага факультэта Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта, кандыдат прыродазнаўчых навук (1864), з 25.05.1865 да 15.07.1867 старшы настаўнік прыродазнаўства Навагрудскай гімназіі, настаўнік матэматыкі (з 1867 да 1871 гг.) і прыродазнаўства (з 1870 да 1871 гг.) Гродзенскай класічнай гімназіі, з 1871 да 1877 гг. настаўнік матэматыкі Дынабургскага рэальнага вучылішча, інспектуючы настаўнік (з 1877 да 1899 гг.) і заслужаны выкладчык прыродазнаўства (з 1899 да 1900 гг.) Арлоўскага Аляксандраўскага рэальнага вучылішча. Стацкі саветнік (1877). Кавалер ордэнаў Св. Станіслава 2-й ст. (1873), Св. Ганны 2-й ст. (1878), Св. Уладзіміра 4-й ст. (1883) і Св. Уладзіміра 3-й ст. (1896). Адзначаны медалём «На памяць аб задушэнні польскага паўстання 1863–1864 гг.». Уладальнік дома ў г. Арле (на 1895 г.). Пахаваны ў г. Арле на Хрысціцельскіх могілках.
ДАМБРОЎСКІ Уладзімір Радзівонавіч [ДОМБРОВСКИЙ Владимир Родионович]
(1839, сяло Асмолава Рыльскага павета Курскай губерні — пасля 09.12.1906)

Дваранін, праваслаўны, выпускнік Імператарскага Харкаўскага ўніверсітэта, з 1864 да 1865 гг. настаўнік матэматыкі Віленскай гімназіі, з 31.07.1865 да 20.12.1866 настаўнік матэматыкі Навагрудскай гімназіі, з 1866 да 1868 гг. настаўнік Харкаўскага земляробчага вучылішча, настаўнік матэматыкі (з 1868 да [1880] гг.), фізікі і прыродазнаўчых навук (з 1868 да 1879 гг.) Курскай гімназіі, з [1880] да 1902 гг. інспектар Рыльскай чатырохкласнай прагімназіі, з 1902 да 1905 гг. дырэктар Рыльскай шасцікласнай прагімназіі, у 1905 г. адстаўлены ад службы. Стацкі саветнік (1878). Кавалер ордэна Св. Ганны 2-й ст. (1882). Бацька расійскага і савецкага военачальніка Аляксея Уладзіміравіча Дамброўскага (1882–1952), выбітнага знаўцы ваенна-марской справы.
ДАБРЖАНСКІ Канстанцін Канстанцінавіч
[ДОБРЖАНСКИЙ Константин Константинович]
(каля 1838 — не раней за 1878)

Дваранін, праваслаўны, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, з 27.05.1865 да 22.01.1868 настаўнік матэматыкі і фізікі Навагрудскай гімназіі, настаўнік матэматыкі (з 1868 да 1878/1879 гг.) і фізікі (з 1868 да 1873 гг.) Пінскага рэальнага вучылішча (да 1872 г. – Пінскай рэальнай гімназіі). Кавалер ордэна Св. Станіслава 3-й ст. (1876).
СЕРНА-САЛАЎЕВІЧ Павел Канстанцінавіч [СЕРНО-СОЛОВЬЕВИЧ Павел Константинович]
(14.11.1838, г. Слуцк — не раней за 1871)

Выхадзец з духоўнага саслоўя, праваслаўны, выпускнік Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, з 02.04.1865 да 01.01.1867 настаўнік гісторыі і геаграфіі Навагрудскай гімназіі, з 05.01.1867 да 1868 г. настаўнік гісторыі і геаграфіі Віленскай прагімназіі, з 15.08.1867 да 1871 г. настаўнік гісторыі Віленскай жаночай гімназіі, з 1868 да 1871 гг. настаўнік геаграфіі і гісторыі 2-й Віленскай рэальнай гімназіі. Калежскі асэсар (у 1869 г.). Тут ён памылкова ідэнтыфікаваны як святар Аздзяціцкай Раства-Багародзіцкай царквы Барысаўскага павета Мінскай губерні Павел Салаўевіч, які памёр у 1894 г. і, насамрэч, быў значна старэйшы за яго.
СПІЧАКОЎ Іван Кандрацьевіч [СПИЧАКОВ Иван Кондратьевич]
(каля 1842 — не раней за 1871)

Дваранін, праваслаўны, выпускнік Імператарскага Харкаўскага ўніверсітэта, з 1864 да 1865 гг. старшы настаўнік прыродазнаўства Мінскай губернскай гімназіі, з 31.07.1865 да 15.07.1867 настаўнік прыродазнаўства і хіміі Навагрудскай гімназіі, настаўнік матэматыкі (з 1867 да 1868 гг.) і выкладчык прыродазнаўчых навук (з 1868 да 1871 гг.) Беластоцкай рэальнай гімназіі.
АСОТАЎ Якаў Яфімавіч [ОСОТОВ Яков Ефимович]
(каля 1837 — не раней за 1878)

Выхадзец з мяшчан заштатнага горада Чырвонага Халма Весьягонскага павета Цвярской губерні (у 1859 г. выключаны з падатнага стану), праваслаўны, выпускнік Імператарскай Акадэміі мастацтваў, іспраўляючы пасаду настаўніка (з 1860 да 1861 гг.) і настаўнік (з 1861 г.) малявання, чарчэння і чыстапісання Усць-Сысольскага павятовага вучылішча Валагодскай губерні, з 1864 да 1865 гг. настаўнік малявання і чыстапісання 1-й Віленскай гімназіі, з 01.07.1865 да 01.08.1868 настаўнік малявання і чыстапісання Навагрудскай гімназіі (у 1868 г. часова іспраўляючы пасаду наглядчыка за прыходзячымі вучнямі), з 01.08.1868 да 16.01.1870 настаўнік чыстапісання і малявання Навагрудскага павятовага двухкласнага вучылішча, настаўнік чыстапісання (з 1870 да 1877 гг.) і бібліятэкар (у 1873–1874 гг.) Брэсцкай прагімназіі, з 1877 г. настаўнік чыстапісання і малявання Вількамірскага павятовага вучылішча Ковенскай губерні. Надворны саветнік (1877).
ГАРБУНКОЎ Міхаіл Аляксеевіч [ГОРБУНКОВ Михаил Алексеевич]
(каля 1834 — не раней за 1885)

Выхадзец з купецкага саслоўя, праваслаўны, выпускнік 5-й Санкт-Пецярбургскай гімназіі, з 01.09.1865 да 15.07.1867 наглядчык за прыходзячымі вучнямі Навагрудскай гімназіі, з 1867 да 1870 гг. наглядчык за прыходзячымі вучнямі Гродзенскай губернскай гімназіі, з 1870 да 1872 гг. іспраўляючы пасаду засядацеля Ваўкавыскага павятовага суда. Адстаўны губернскі сакратар (у 1885 г.).
КРОЛЬ Гімш Міхелевіч (Рыгор Міхайлавіч, Юліян Міхайлавіч)
[КРОЛЬ Гимш Михелевич (Григорий Михайлович, Юлиан Михайлович)]
(12.09.1833 — пасля 25.03.1906)

Выхадзец з яўрэяў Магілёўскай губерні, выпускнік медыцынскага факультэта Імператарскага Дэрпцкага ўніверсітэта (1861), з 1864 да 1871 гг. іспраўляючы пасаду навагрудскага гарадавога лекара, з 08.12.1865 да 1868 г. штатны лекар Навагрудскай гімназіі, з 1871 г. вольнапрактыкуючы лекар у губернскім Магілёве, у 1875–1896 гг. пастаянны лекар Магілёўскай лякарні для прыходзячых хворых, з 1876 да 1906 гг. лекар Магілёўскага мужчынскага духоўнага вучылішча (без жалавання), адкрыў аптэку ў г. Магілёве (1889). Калежскі саветнік (у 1890 г.). Член Таварыства магілёўскіх лекараў (у 1888–1901 гг.). Вынік яго служэння: «Зрабіў медыцынскую дапамогу ў г. Магілёве даступнай для самага беднага класа» (Могилев. 20 октября // Могилевские губернские ведомости. 1901. № 84 (20 октября). Часть неофициальная. С. 349).
ТУРЦЭВІЧ Мацвей Паўлавіч [ТУРЦЕВИЧ Матфей Павлович]
(каля 1835 — 1893, сяло Азяраны Тураўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні)

Сын дзячка, праваслаўны, навучаўся ў Пінскім духоўным вучылішчы, панамар (з 1852/1853 да 1855 гг.), дзячок (з 1855 г.) і дыякан (да 1872 г.) Навагрудскага Мікалаеўскага сабора, з 15.12.1863 да 1872 г. настаўнік Навагрудскага народнага вучылішча, святар Грабаўскай (з 1872 да 1878 гг.), Ляскавіцкай (з 1878 да 1880 гг.) і Азяранскай (з 1880 да 1893 гг.) цэркваў Мазырскага павета.
ЯРЭМІЧ Парфірый Андрэевіч [ЕРЕМИЧ Порфирий Андреевич]
(да 1846 — 12.09.1898, сяло Дастоева Парэцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні)

Сын святара Слаўкавіцкай царквы Бабруйскага павета, праваслаўны, выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі, з 05.08.1864 да 1867 г. старшы настаўнік Навагрудскага парафіяльнага двухкласнага вучылішча. Пасля смерці бацькі ў 1867 г. таксама стаў святаром і быў прызначаны на яго месца ў Слаўкавіцкую парафію. З 1875/1876 да 1878 гг. святар Старасельскай царквы Мазырскага павета, ад служэння ў якой быў адхілены «за вальнадумства і непадпарадкаванне духоўнаму начальству» з накіраваннем у Лядзенскі манастыр. З 17.03.1882 да 01.11.1882 псаломшчык Бярэзінскай царквы Ігуменскага павета (адхілены за нецвярозыя паводзіны і зноў адпраўлены ў Лядзенскі манастыр). Да 1897 г. заштатны святар, з 1897 да 1898 гг. псаломшчык Беразавецкай царквы Навагрудскага павета, з 28.05.1898 да 12.09.1898 святар Дастоеўскай царквы Пінскага павета. Бацька выбітнага лекара Аляксандра Парфір’евіча Ярэміча (1876–1920), аднаго з вынаходнікаў унутрывеннага наркозу.
КАЗАНСКІ Іван Пятровіч [КАЗАНСКИЙ Иван Петрович]
(да 1846 — не раней за 1893)

Праваслаўны, выпускнік духоўнай семінарыі, з 09.11.1864 да 01.11.1865 малодшы настаўнік Навагрудскага парафіяльнага двухкласнага вучылішча, з 1865 да 1869 гг. настаўнік Мазырскага парафіяльнага аднакласнага вучылішча, іспраўляючы пасаду справавода (з 1872 г.), справавод (з 1875/1877 да 1879 гг.) і столаначальнік (з 1879 да 1885 гг.) Мінскай казённай палаты, з 1885 да 1893 гг. справавод Мінскага губернскага распарадчага камітэта. Надворны саветнік (у 1889 г.).
ГУРВІЧ Майсей Сямёнавіч (з 1868 г. – ГУР’ЕЎ Мікалай Пятровіч)
[ГУРВИЧ Моисей Семёнович (с 1868 г. – ГУРЬЕВ Николай Петрович)]
(каля 1835 — не раней за 1869)

Яўрэй, ахрышчаны ў праваслаўе (1868). Выпускнік Віленскага равінскага вучылішча, з 1856 г. на дзяржаўнай службе, з 12.06.1863 да 1866 г. дазорца Навагрудскага казённага яўрэйскага 1-га разраду вучылішча, з 1867 да 1869 гг. настаўнік рускай мовы Віленскага равінскага вучылішча. Калежскі рэгістратар
(1869).
КАРАФА-КОРБУТ Пётр Фаміч [КАРАФФА-КОРБУТ Пётр Фомич]
(каля 1810–1815, маёнтак Лунін Пінскага павета Мінскай губерні — пасля 29.01.1868)

Сын каморніка пінскага. Прадстаўнік шляхецкага роду герба «Корчак», унесенага ў дваранскую радаводную кнігу Мінскай губерні і часткова зацверджанага Сенатам. Каталік (хрышчаны ў Гарадзішчанскім касцёле Пінскага павета), паміж 1851 і 1868 гг. перайшоў у праваслаўе. Выпускнік Свіслацкай гімназіі (1838), у 1843 г. вытрымаў іспыт у Савеце Гродзенскай губернскай гімназіі на званне прыватнага хатняга настаўніка французскай мовы, з 1844 г. і на 1851 г. настаўнік французскай мовы пры чатырохкласным аддзяленні Гродзенскай губернскай гімназіі (з 1844 да 1845 гг. іспраўляючы пасаду старшага настаўніка матэматыкі ў ніжэйшых класах дармова), настаўнік рускай мовы (з 01.09.1865 да 29.01.1868), матэматыкі і геаграфіі (з 29.01.1866 да 1868 г.) павятовага двухкласнага вучылішча ў мястэчку Мір Навагрудскага павета (звольнены «па хваробе»). Калежскі асэсар (у 1867 г.). Узнагароджаны 100 рублямі срэбрам (1850).
© RadioSnapkouski











Comments