top of page

Генеалагічны блог прафесійнага архівіста

Тут змешчаны фатаграфіі дакументаў, старых здымкаў, гісторыя маёй сям'і, парады як пачаць/працягнуць вашы даследаванні, інфармацыя пра спецыфіку працы ў архівах Усходняй Еўропы, як зрабіць даархіўны пошук і г.д.

Публікуем найбольш значныя анлайн-рэсурсы па Першай сусветнай вайне з нагоды 111-х угодкаў яе пачатку.

Updated: Aug 6

Кулямётная каманда 303-га пяхотнага Сенненскага палка ў раёне Гродна. 1914 г. Крыніца
Кулямётная каманда 303-га пяхотнага Сенненскага палка ў раёне Гродна. 1914 г. Крыніца

28 ліпеня 1914 г. (паводле грыгарыянскага календара) быў запушчаны ланцужок абвяшчэнняў вайны паміж вялікімі дзяржавамі, якія ўваходзілі ў ваенна-палітычныя блокі – Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія) і Антанту (Расія, Францыя, Вялікабрытанія). У гэты дзень Аўстра-Венгерская манархія абвясціла вайну Каралеўству Сербіі, якое фармальна хоць і не з’яўлялася ўдзельнікам ніводнага з існаваўшых ваенна-палітычных блокаў, але адыграла ролю спускавога кручка глабальнага канфлікту. На наступны дзень, 29 ліпеня, Расійская імперыя пачала частковую мабілізацыю ў падтрымку Каралеўства Сербіі, а яшчэ праз два дні – і ўсеагульную мабілізацыю. Пасля адмовы Расійскай імперыі спыніць мабілізацыю Германская імперыя 1 жніўня аб’явіла ёй вайну.


У Расійскай імперыі распачатую вайну адчулі ўсе – ад салдат і афіцэраў дзеючай арміі, якія пралівалі кроў на велізарным манеўраным фронце, да простых мірных жыхароў, што падзялялі разнастайныя цяжары ваеннага часу, такія як абяскроўліванне сялянскіх гаспадарак, змушаная міграцыя (бежанства, эвакуацыя, дэпартацыя), налёты варожай авіяцыі, рэквізіцыі, прымусовая праца, мілітарызацыя прамысловасці, узрослая дарагавізна прадметаў першай неабходнасці і інш.


Па сутнасці, у арбіту вайны было ўцягнута ўсё насельніцтва, для многіх звыклы жыццёвы лад беззваротна мяняўся да непазнавальнасці, вялізныя людскія патокі перамяшчаліся ўнутры і за межамі краіны – і цяпер гісторыка-сямейныя і генеалагічныя пошукі для нас, нашчадкаў, часта ўяўляюць самы сапраўдны квэст. На шчасце, прайсці яго з рознай ступенню поспеху дапамагаюць нам сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і некаторыя выданні. Сярод гэтых рэсурсаў згадаем зараз, на наш погляд, найбольш значныя:


► Партал «Памяти героев Великой войны 1914–1918 годов»: https://gwar.mil.ru/ – база дадзеных аб параненых, захварэлых, загінуўшых, трапіўшых у палон, зніклых без вестак і ўзнагароджаных удзельніках Першай сусветнай вайны. Яе аснову складаюць 6.666.243 запісы з архіўнай «Картатэкі Бюро па ўліку страт на франтах вайны 1914–1918 гг.» і 5.677.767 запісаў, атрыманых з архіўных спраў з імяннымі спісамі страт салдат і афіцэраў. Вельмі інфарматыўны і каштоўны рэсурс, які змяшчае копіі арыгінальных дакументаў з фондаў дзяржаўных і ведамасных архіваў Расіі.


► Праект Саюза Адраджэння Радаводных Традыцый «Первая Мировая война, 1914–1918 гг. Алфавитные списки потерь нижних чинов»: https://1914.svrt.ru – база дадзеных аб загінуўшых і зніклых без вестак удзельніках Першай сусветнай вайны на аснове серыйных друкаваных спісаў (у базе 1.337.430 запісаў), якая добра дапаўняе, а часам нават і замяняе папярэднюю базу.


Архіў Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа «Палонныя Першай сусветнай вайны» («Prisoners of the First World War, the ICRS archives») – картатэка ваеннаслужачых Рускай Імператарскай арміі, трапіўшых у палон падчас Першай сусветнай вайны.


Каталог персаналій афіцэрскага складу Рускай Імператарскай арміі за 1900–1917 гг., які створаны і пастаянна папаўняецца ў межах буйнога грамадскага праекта «Офицеры РИА». На бягучы момант колькасць персанальных картак – 99.483.


https://www.numismat.ru/gkcatalogs.shtml база дадзеных аб кавалерах Георгіеўскага крыжа за руска-японскую і Першую сусветную войны, а таксама даступныя для спампоўкі шматтомныя зводныя спісы ўзнагароджаных (больш за 900.000 чалавек) Георгіеўскімі крыжамі за подзвігі, здзейсненыя падчас Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў – у перыяд з 1914 да 1922 гг. (спісы складзены на аснове дакументаў архіваў Расіі, краін Заходняй Еўропы і ЗША).


► Картатэка праекта «Русская армия в Первой мировой войне»: http://www.grwar.ru/persons/list – службова-біяграфічныя даведкі аб старшых афіцэрах і генералах Рускай Імператарскай арміі і ўсіх афіцэрах Генеральнага штаба незалежна ад чыну перыяду Першай сусветнай вайны, складзеныя на аснове ведамасных і даведачных выданняў, ваеннай перыёдыкі, архіўных дакументаў і інфармацыі, атрыманай ад прыватных асоб. Усяго – 14.726 персанальных картак.


«Белорусы – полные Георгиевские кавалеры» – даведнік праекта «КРОКІ».

Comments


bottom of page