Навуковая спадчына даследчыка шляхецкай генеалогіі Фёдара Чарняўскага
Updated: 5 hours ago
«Паспяховасць працы даследчыкаў у значнай ступені залежыць ад паставы супрацоўнікаў чытальнай залы [Нацыянальнага гістарычнага] архіва [Беларусі] – іх здольнасці аказаць кваліфіцыраваную дапамогу ў пошуку неабходных крыніц і пры гэтым пазбегнуць магчымых канфліктаў. Ад іх рэакцыі на запыты даследчыкаў залежаць вынікі нашай працы».
Фёдар Віктаравіч Чарняўскі, красавік 2021 г.

Гэтая старонка памяці вядомага беларускага даследчыка генеалогіі элітных груп Вялікага Княства Літоўскага Фёдара Віктаравіча Чарняўскага (22.02.1940–28.10.2024) створана адмыслова з нагоды другой гадавіны яго смерці. Разам з адзінадумцамі і з ласкавай згоды нашчадкаў і сваякоў Фёдара Віктаравіча тут мы размясцілі ўсю яго друкаваную навукова-гістарычную спадчыну – кнігі і артыкулы. Удакладняем – навукова-гістарычную – бо профіль яго прафесійнай дзейнасці быў тэхнічны і адпаведныя яго навуковыя працы, напісаныя цягам большай часткі жыцця, прысвечаныя прагназаванню развіцця пасажырскага аўтатранспарту агульнага карыстання рэспублікі.
«Шлях Ф.В. Чарняўскага ў гістарычную навуку, – піша яго калега і таварыш генеалог Вадзім Урублеўскі, – пралягаў праз уласны радавод, лакальныя даследаванні ў межах лагойскіх маёнткаў шляхецкага роду Валадковічаў за перыяд другой паловы XVIII ст. (самая ранняя дата згадкі яго продкаў адносіцца да 1779 г. і тычыцца вёскі Рацькавічы Менскага павета і ваяводства, уласнасці Міхала Валадковіча, гаенскага старасты). Бацька, Віктар Фёдаравіч Чарняўскі, 1906 г. н., ураджэнец вёскі Рацькавічы Гайна-Слабодскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, з-за ранняга сіроцтва гадаваўся ў сям’і цёткі Ксеніі Васільеўны Альшэўскай, у вёсцы Сярпішчана, куды вярнуўся з дзіцячага прытулку ў 1925 г. У той жа вёсцы каля 1935 г. ажаніўся з маці будучага гісторыка – Марыяй Аляксееўнай Цынкевіч, 1919 г. н. Прыёмных бацькоў бацькі – Ксенію Альшэўскую і Сцяпана Язэпавіча Цынкевіча – Фёдар Віктаравіч з асаблівай цеплынёй згадвае ў сваіх успамінах пра род» (Урублеўскі В.В. Рукапісная спадчына гісторыка Фёдара Віктаравіча Чарняўскага на захаванні Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі // Наука. Библиотека. Информация. Материалы Международной научно-практической конференции, посвященной 100-летию Центральной научной библиотеки имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси, Минск, 12–13 февраля 2025 г. Минск, 2025. С. 485).
Гісторык-аматар, спадар Фёдар Чарняўскі за 20 гадоў пенсійнага жыцця сам-насам здолеў запусціць і ў вялікай ступені рэалізаваць грандыёзны энцыклапедычны праект па рэканструкцыі персанальнага складу ўраднікаў Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (зрабіў «у сталым узросце найсур’ёзнейшую навуковую працу, вартую дзейнасці асобнага навуковага цэнтра»). Апрача 7 кніг (5 выпускаў і 1 выпуск у 2-х частках) серыі біяграфічных (фактычна – біяграфічна-генеалагічных) даведнікаў пад агульнай назвай «Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў», ён паспеў надрукаваць каля 30 артыкулаў па генеалогіі і асобных персаналіях шляхецкіх родаў. Рукапісы яшчэ двух артыкулаў былі апублікаваныя ўжо пасмяротна. Дарэчы, адну з прыжыццёвых публікацый Фёдара Віктаравіча складаюць яго «Успаміны» (2014) на некалькіх старонках аб сваім нараджэнні і раннім (ваенным) дзяцінстве, напісаныя паводле як уласных дзіцячых уражанняў, так і сведчанняў яго бацькоў. Гэта адзіны тэкст, які неяк «выбіваецца» з ўсіх яго публікацый. Так бы мовіць, эга-дакумент.
У снежні 2024 г. стараннямі ўжо згаданага беларускага генеалога і супрацоўніка Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзіма Урублеўскага навукова-даследчы архіў спадара Фёдара Чарняўскага быў перададзены яго нашчадкамі па пастаяннае захоўванне ў фонд старадрукаў і рукапісаў гэтай бібліятэкі.
Беларускія навукоўцы па-рознаму ставіліся да серыйнага выдання Фёдара Чарняўскага па ўрадніках Мінскага ваяводства. У цэлым, з боку навуковых устаноў на яго працы былі заўсёды вельмі станоўчыя рэцэнзіі і водгукі. Аднак кагосьці крыху насцярожваў «белетрызаваны» фармат біяграфічных артыкулаў у гэтых даведніках. Хтосьці звяртаў увагу на недастатковасць навуковага рэдагавання і карэктуры (арфаграфічныя памылкі сапраўды можна ўбачыць нават на вокладцы і тытульным аркушы некаторых выпускаў няўзброеным вокам). Стабільнага і паўнавартаснага рэдактарскага калектыву ў Фёдара Віктаравіча ўсё ж не было, бо свае кнігі ён выдаваў на абмежаваныя ўласныя сродкі (у т.л. за кошт спонсарскай падтрымцы сваякоў). Адсутнасць высокапрафесійнай грунтоўнай карэктуры ён і сам добра ўсведамляў і ў прадмовах да сваіх даведнікаў за ўсе памылкі і хібы далікатна выбачаўся перад чытачамі (трэба заўважыць, самі аўтары кніг даволі рэдка такое агучваюць). У розны час пры падрыхтоўцы яго кніг у межах серыі «Ураднікі…» навуковым кансультантам (выпускі 2–4) і навуковым рэдактарам (выпускі 5–6) выступаў Сяргей Рыбчонак, таксама навуковым рэдактарам (выпуск 4) і навуковым кансультантам (выпускі 5–6) быў Зміцер Яцкевіч (беларускія гісторыкі і генеалогі, у мінулым – супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, якія аддана дапамагалі аўтару ўсім, чым маглі).
Тым не менш, бясспрэчна адно: для сваіх грунтоўных навуковых даведнікаў і артыкулаў спадар Фёдар Чарняўскі самастойна перапрацаваў і згрупаваў проста неверагодна велізарны аб’ём унікальнай рэтраспектыўнай інфармацыі, якая стала даступнай шырокаму колу чытачоў. Практычная карысць ад яго кніг відавочная. Фактычна ён ашчадзіў час і аптымізаваў пошукі для многіх даследчыкаў. Генеалогі і пашукавікі-аматары яго абажалі, і іх удзячныя водгукі былі для аўтара на яго дзевятым дзясятку лепшым прызнаннем.
Веданне архіўных крыніц і ўнёсак Фёдар Чарняўскага ў даследаванні па генеалогіі беларускіх шляхецкіх родаў былі выключнымі. І цяпер яго выданні не толькі запатрабаваныя на радзіме, але і займаюць пачэснае месца на паліцах з генеалагічнай літаратурай у шэрагу еўрапейскіх бібліятэк, чаму мы не раз былі сведкамі.
Вось як ацэньвае значнасць яго дасягненняў навуковец Вадзім Урублеўскі: «Да навуковых заслуг Ф.В. Чарняўскага можна аднесці наступнае. Згаданы даследчык – адзін з першых, хто пачаў вызначаць прыблізныя гады нараджэння і смерці ўраднікаў, абапіраючыся на ўскосныя фактары, да якіх адносіліся: меркаваны шлюб і ўзрост бацькоў, першыя згадкі асобы ў дакументах, дакладная або прыблізная дата заступлення на першы ўрад, апошняя згадка ў дакументах, упамінанні ў якасці нябожчыка і інш. У яго артыкулах, як правіла, падаюцца звесткі пра вядомых прадстаўнікоў роду, папярэднікаў фігурантаў, прыводзіцца шмат інфармацыі аб сямейна-роднасных повязях, сям’і і нашчадках. Раскрываюцца абставіны не толькі кар’ернага росту, грамадска-палітычнай дзейнасці, але і асабістых маёмасных спраў, адносіны да дабрачыннасці. Асобным найактуальнейшым раздзелам, які яшчэ чакае ўвага навукоўцаў, з’яўляюцца біяграфіі пісараў Менскага гродскага суда – асоб, адказных за справаводства і захаванне яго матэрыялаў. Фактычна на падставе біяграфічнага даведніка Ф.В. Чарняўскага магчыма ствараць асобны энцыклапедычны даведнік па персаналіях урадавых асоб Менскага ваяводства XVI–XVIII стст.» (Урублеўскі В.В. Рукапісная спадчына гісторыка Фёдара Віктаравіча Чарняўскага на захаванні Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі… С. 487).
Частка лічбавых копій прадстаўленых ніжэй кніг і артыкулаў Фёдара Чарняўскага ўзятая намі з адкрытых анлайн-рэсурсаў (усё гэта мы забяспечылі адпаведнымі спасылкамі), частка – была нам перададзена самім Фёдарам Віктаравічам яшчэ пры жыцці (з некаторымі людзьмі ён дзяліўся электроннымі версіямі не толькі сваіх публікацый, але і ўласных чарнавых напрацовак), а частка – была атрымана намі ад яго нашчадкаў і нашых калег.
На жаль, некаторыя з атрыманых намі файлаў па «Урадніках» мелі працоўны характар і паводле зместу не цалкам адпавядаюць друкаваным кнігам, бо з’яўляюцца не самай апошняй версіяй пасля вёрсткі і карэктуры ці нават увогуле яшчэ не прайшлі вёрстку. Калі файлы з пэўнымі выпускамі даведніка да нас трапілі ў дзвюх-трох розных версіях, то перавагу мы аддавалі з іх найбольш «поўным» і зручным. Электронныя версіі асобных выпускаў (у першую чаргу № 3 і № 6/1) перад іх размяшчэннем анлайн былі намі, наколькі гэта магчыма, прыведзены ў парадак. Аднак пры неабходнасці (напрыклад, для спасылак у навуковых публікацыях) нумары старонак з патрэбнай інфармацыяй лепш удакладняць паводле друкаванай версіі. Што тычыцца артыкулаў у перыядычных выданнях, то друкаванай версіі яны мусяць адпавядаць цалкам.
Усе публікацыі можна спампаваць ніжэй па адпаведных гіперспасылках. Больш за палову артыкулаў мы дадаткова забяспечылі кароткімі анатацыямі (рэзюмэ), узятымі з саміх выданняў.
Выказваем сардэчную ўдзячнасць за ўсемагчымую арганізацыйную дапамогу ў рэалізацыі ідэі размяшчэння ў сеціве навуковай спадчыны Фёдара Чарняўскага яго нашчадкам і сваякам, а таксама яго і нашым добрым калегам – мінскім гісторыкам і генеалогам Яўгену Глінскаму, Марыне Юркевіч, Вадзіму Урублеўскаму і Зміцеру Юркевічу. Кажучы простымі і шчырымі словамі самаго Фёдара Віктаравіча: «Здароўя ім і поспеху ў жыцці».

КНІГІ
Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. [Выпуск I (стольнікі, падстоліі, лоўчыя, струкцасы)]. Баранавічы: БелАніГал, 2007. 256 с. (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. Выпуск II (скарбнікі, стражнікі) / Нав. рэд. З.Л. Яцкевіч. Мінск: Зміцер Колас, 2012. 544 с.
Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. Выпуск III (канюшыя, абозныя, крайчыя, мастаўнічыя і будаўнічыя). Мінск: Белпрынт, 2010. 288 с.
Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. Выпуск IV (гараднічыя, мечныя) / Нав. рэд. З.Л. Яцкевіч. Мінск: Выдавец В. Хурсік, 2015. 512 с.
Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. Выпуск V (маршалкі і харужыя) / Нав. рэд. С.А. Рыбчонак. Мінск: Выдавец В. Хурсік, 2018. 400 с. (з аўтарскім прысвячэннем: «Прысвячаецца памяці маіх дзядоў: Фёдара Лявонавіча і Матруны Васільеўны з Альшэўскіх Чарняўскіх; Аляксея і Амількі з Дабрагостаў Цынкевічаў, бацькі і маці: Віктара (Вікенція) Фёдаравіча і Марыі Аляксееўны з Цынкевічаў Чарняўскіх»).
Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. Выпуск VI. 1 частка (падстарасты судовыя гарадскія, гродскія суддзі) / Нав. рэд. С.А. Рыбчонак. Мінск: Выдавец В. Хурсік, 2021. 496 с.
Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. Выпуск VI. II частка (пісары судовыя гродскія, каморнікі, менскія гродскія рэгенты, намеснікі старасцінскага каралеўскага места Менска) / Нав. рэд. С.А. Рыбчонак. Мінск: Ковчег, 2023. 402 с.
АРТЫКУЛЫ
Чарняўскі Ф.В. Крыштоф Валадковіч: факты з жыцця і дзейнасці // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 7 / Рэд.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: БелНДІДАС, 2009. С. 221–252 (крыніца лічбавай копіі тут).
Даследуюцца факты біяграфіі, сямейна-роднасныя сувязі і маёмаснае становішча грамадска-палітычнага дзеяча, ваяводы навагародскага Крыштофа Валадковіча. На прыкладзе жыцця і дзейнасці адной асобы прааналізаваны працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай XVIІ ст.
Чарняўскі Ф. Багушэвічы-Мінькоўскія і Іваноўскія – уладальнікі Прылук, пачынаючы з 1645 г. і да 80-х гг. XVIII ст. // Жыццё айчыне, гонар нікому. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 180-годдзю з дня нараджэння Эмерыка фон Гутэн-Чапскага. Мінск, 16–18 сакавіка 2009 г. / Рэд. кал.: І. Кароль, І. Гатальскі. Мінск: Выдавецтва Віктара Хурсіка, 2010. С. 164–184 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Да жыццяпісу Тодара Валадковіча, пісара земскага менскага, у 1665–1688 гг. // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8 / Рэд.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2010. С. 213–234 (крыніца лічбавай копіі тут).
Даследуюцца факты біяграфіі, сямейна-роднасныя сувязі і маёмаснае становішча грамадска-палітычнага дзеяча, пісара земскага Тодара Валадковіча. На прыкладзе жыццядзейнасці адной асобы асвятляюцца працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай XVIІ ст.
Чарняўскі Ф.В. Да жыццяпісу Марціна Казіміра Валадковіча, пісара земскага менскага ў 1689–1701 гг. // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 9 / Укл. З.Л. Яцкевіч; рэдкал.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: БелНДІДАС, 2011. С. 171–194 (крыніца лічбавай копіі тут).
Даследуюцца факты біяграфіі, сямейна-роднасныя сувязі і маёмаснае становішча грамадска-палітычнага дзеяча, пісара земскага менскага Марціна Казіміра Валадковіча. На прыкладзе яго жыццядзейнасці асвятляюцца працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай XVIІ ст.
Чарняўскі Ф.В. Стэфан Гладкі – пісар земскі Менскага ваяводства ў 1571–1617 гг. // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 10 / Укл. З.Л. Яцкевіч; рэдкал.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2012. С. 247–266 (крыніца лічбавай копіі тут).
Даследуюцца факты біяграфіі, сямейна-роднасныя сувязі і маёмаснае становішча пісара земскага Менскага ваяводства Стэфана Фёдаравіча Гладкага. На прыкладзе жыццядзейнасці роду Гладкіх асветлены працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай XVI–XVIІ стст.
Чарняўскі Ф. Нататкі да генеалогіі князёў Адзінцэвічаў і Падбярэзскіх // Герольд Litherland. 2013. № 19. С. 67–102 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Матэрыялы да генеалогіі Ратамскіх // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 11 / Рэдкал.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2013. С. 208–242 (крыніца лічбавай копіі тут).
На падставе матэрыялаў Літоўскай метрыкі, Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі, Актаў Паўночна-Заходняй Русі, дакументаў з фондаў Галоўнага трыбунала ВКЛ, Менскіх гродскага і земскага судоў, Слонімскага гродскага суда, даведачнай і мемуарнай літаратуры ахарактарызаваны ўмовы і прыведзены факты з жыцця і дзейнасці ў пачатку XVI – першай трэці XVII ст. прадстаўнікоў чатырох пакаленняў шляхецкага роду Ратамскіх, уладальнікаў зямель у маёнтку Ратам’е Менскага павета.
Чарняўскі Ф. Успаміны // Тэксты. Альманах. № 5 / Гал. рэд. З. Вішнёў. Мінск: «Галіяфы», 2014. С. 116–118.
Чарняўскі Ф. Нарыс пра Валадковічаў, продкаў Тадэвуша Рэйтана з боку яго маці. Лявон Павел Валадковіч (23.06.1716–30.11.1731) // Тэксты. Альманах. № 5 / Гал. рэд. З. Вішнёў. Мінск: «Галіяфы», 2014. С. 119–127.
Чарняўскі Ф. Смаленскі намеснік Юры Андрэевіч Салагуб – абаронца ўсходніх межаў ВКЛ у канцы XV – пачатку XVI ст. // Герольд Litherland. 2014. № 20. С. 80–92 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Некалькі згадак пра Казіміра Караля Уніхоўскага, пісара земскага менскага // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 12 / Рэдкал.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2014. С. 395–407 (крыніца лічбавай копіі тут).
Даследуюцца факты біяграфіі, сямейна-роднасныя сувязі і маёмаснае становішча грамадска-палітычнага дзеяча, пісара земскага менскага Казіміра Караля Уніхоўскага (1670?–1731?). На прыкладзе яго жыццядзейнасці асвятляюцца працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай першай трэці XVIІІ ст.
Чарняўскі Ф. Удальрык Крыштаф Радзівіл – староста судовы менскі (27.09.1738 – 09.02.1746) // Acta Anniversaria. Зборнік навуковых прац Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» / Уклад. З.Л. Яцкевіч; рэдкал.: Ю.М. Бохан (старшыня) [і інш.]. Т. 1. Нясвіж: НГКМЗ «Нясвіж», 2015. С. 78–86.
Разгледжана грамадска-палітычная дзейнасць Удальрыка Крыштапа Радзівіла, які ў розныя часы займаў шэраг адміністрацыйных пасад у Вялікім Княстве Літоўскім і неаднаразова абіраўся паслом вальных соймаў Рэчы Паспалітай. Асобна распавядаецца пра яго дзейнасць у галіне культуры і мастацтва і адносіны са сваякамі, якія былі дастаткова напружанымі.
Чарняўскі Ф.В. Антоні Свентарэцкі – апошні земскі пісар Менскага ваяводства // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 13 / Рэдкал.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2015. С. 253–267 (крыніца лічбавай копіі тут).
Даследуюцца факты біяграфіі, сямейна-роднасныя сувязі і маёмаснае становішча грамадска-палітычнага дзеяча, апошняга пісара земскага менскага Антонія Свентарэцкага (1716?–1796). На прыкладзе яго жыццядзейнасці асвятляюцца працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай другой паловы XVIІІ ст.
Чарняўскі Ф.В. Уступ да генеалогіі роду Вяжэвічаў: продкі і сваякі Рыгора Шчасновіча Вяжэвіча, падсудка земскага Менскага ваяводства ў 1579–1600 гг. // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 15 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2017. С. 305–321 (крыніца лічбавай копіі тут).
На падставе звестак з Літоўскай метрыкі, актавых кніг судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага і дадатковай літаратуры даследуюцца пачаткі шляхецкага роду Вяжэвічаў з Менскага ваяводства, даследуецца кола яго сямейна-роднасных сувязяў, адзначаюцца факты, звязаныя з жыццядзейнасцю прадстаўнікоў у XV – першай палове XVII ст.
Чарняўскі Ф.В. Жыццяпіс і сямейна-роднасныя сувязі падсудка земскага Менскага ваяводства Крыштафа Служкі // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 16 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2018. С. 294–303.
На падставе звестак з Літоўскай метрыкі, актавых кніг судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага і дадатковай літаратуры даследуюцца біяграфія, сямейна-роднасныя дачыненні, маёмаснае становішча Крыштафа Служкі (1560?–1617), падсудка земскага менскага ў 1600–1609 гг. На прыкладзе яго жыццядзейнасці асвятляюцца працэсы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай першай трэці XVIІ ст.
Чарняўскі Ф. Уводзіны ў генеалогію рода Служкаў-Амяльяновічаў // Герольд Litherland. 2019. № 21. С. 15–23 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Сямейна-роднасныя сувязі і ўладанні гараднічага кіеўскага Івана Рыгоравіча Служкі // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 17 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2019. С. 271–284.
У артыкуле, прысвечаным жыццю і дзейнасці Івана Рыгоравіча Служкі, напаўзабытага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, падрыхтаванай на аснове выкарыстання архіўных матэрыялаў, звестак з Метрыкі ВКЛ і літаратурных крыніц, прыведзены вынікі даследавання па вытоках вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім шляхецкага роду Служкаў-Амельянавічаў. Артыкул з’яўляецца другім у серыі публікацый, прысвечаных гэтаму роду. Аўтарам даследуюцца генеалогія роду Служкаў і вытокі, якія забяспечылі прадстаўнікам роду, атрыманне ў XVII ст. высокіх урадаў у сістэме кіравання Вялікага Княства Літоўскага.
Чарняўскі Ф.В. Сям’я і ўладанні старасты крычаўскага і алучыцкага Мікалая Іванавіча Служкі // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 18 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2020. С. 289–297.
У артыкуле разглядаецца дзейнасць старасты крычаўскага Мікалая Іванавіча Служкі (Слушкі). Адзначаецца, што ён быў спрактыкаваным вайсковым дзеячам, што паўплывала на атрыманне ім Крычаўскага староства, якое адыграла важную ролю ў абароне ўсходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Асноўныя зямельныя валоданні Мікалая Іванавіча размяшчаліся ў Менскім, Полацкім і Новагародскім ваяводствах, самымі значнымі з іх з’яўляліся Гатава і Свержань. Пасля смерці Мікалая Іванавіча яго маёнткамі распараджаліся жонка Гальшка Янаўна (з роду Кмітаў) і старэйшы сын Мікалай, якія працягнулі фарміраванне сямейнай латыфундыі на памежжы Менскага і Новагародскага ваяводстваў.
Чарняўскі Ф. Некалькі згадак пра продкаў і нашчадкаў менскага зямяніна Давыда Міцкевіча, дэкрэтовага пісара ВКЛ // Герольд Litherland. 2021. № 22. С. 40–51 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Маршалак Ашмянскага павета Ян Свалынскі (?–1646): паходжанне, грамадска-палітычная дзейнасць, маёмаснае становішча // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 19 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2021. С. 272–287.
У артыкуле разглядаецца маëмаснае становішча і грамадска-палітычная дзейнасць роду Свалынскіх (Свалонскіх). Яго прадстаўнікі адзначыліся падчас Iнфлянцкай вайны, але сапраўднае ўзвышэнне роду адбылося ў першай палове XVII ст., калі дзейнічаў маршалак ашмянскі і каралеўскі сакратар Ян Iванавіч Свалынскі. Ëн здолеў не толькі зрабіць выдатную палітычную кар’еру (у тым ліку пры дапамозе сваякоў з уплывовага роду Трызнаў), але і сабраць дастаткова вялікі маëмасны комплекс. Маëнткі Яна Свалынскага пераважна размяшчаліся ў Ашмянскім павеце, у той час як большасць Свалынскіх у XVII–XVIII стст. працягвала адносіцца да шляхты Полацкага ваяводства. Асобна ў артыкуле звяртаецца ўвага на складанасці пры вызначэнні паходжання некаторых Свалынскіх, удакладнены радаводы ўласна маршалка Яна, а таксама Канстанціна Антонія Свалынскага, які ў 1694–1714 гг. займаў пасаду менскага гродскага суддзі.
Чарняўскі Ф. Пачатак генеалогіі менскіх зямянаў Булгакаў (XV–XVI стст.) // Герольд Litherland. 2022. № 23. С. 16–27 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф. Малы рэестр возных Менскага ваяводства (1567–1793) // Герольд Litherland. 2022. № 23. С. 112–144 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Заснаванне Менскага Свята-Траецкага жаночага манастыра ў кантэксце фундацыйнай дзейнасці жонкі менскага земскага пісара Марыны Вяжэвіч (1630–1650-я гг.) // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 20 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2022. С. 201–210.
У артыкуле разглядаюцца абставіны заснавання жаночага манастыра пры Свята-Траецкай царкве ў Менску. Адзначаецца, што вялікую ролю ў яго ўтварэнні адыграла ўдава менскага земскага пісара Марына Міхайлаўна Вяжэвіч (з роду Яцынічаў). У сярэдзіне 1630-х гг. яна зрабіла шчодрыя ахвяраванні на карысць будучага манастыра, затым актыўна ўдзельнічала ў жыцці манастырскай установы, выступала ад яе імя ў судовых працэсах.
Чарняўскі Ф. Уступ да генеалогіі менскіх і наваградскіх Гурынаў (XV – пачатак XVII ст.) // Герольд Litherland. 2023. № 24. С. 4–27 (крыніца лічбавай копіі тут).
Чарняўскі Ф.В. Шляхецкі род Войшнараў у XV–XVII стст.: радавод, маёмаснае становішча, грамадская дзейнасць // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 21 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2023. С. 227–241.
У артыкуле прасочаны радавод шляхецкага роду Войшнараў (Вайшнаровічаў) у XV–XVII стст. Адзначаны маёнткі ў Ашмянскім павеце, якімі валодалі пачынальнікі роду ў XV ст., выяўлены акалічнасці набыцця Войшнарамі істотных валоданняў у Менскім ваяводстве. Ахарактарызаваны кроўнароднасныя сувязі Войшнараў, іх стасункі з іншымі прадстаўнікамі шляхецкай супольнасці ў XVI–XVII стст. Звернута ўвага на іх уцягнутасць у грамадскае жыццё, якая праяўлялася ў займанні пасады павятовага паборцы, удзеле ў шляхецкіх камісіях.
Чарняўскі Ф.В. Шляхецкі род Янішэўскіх у XVI–XVII стст.: паходжанне, маёмаснае становішча, сямейныя сувязі // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 22 / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.), С.М. Рындзін (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2024. С. 216–233 (з мемарыяльным прысвячэннем ад рэдкалегіі: «Выдатнаму чалавеку, даследчыку, энтузіясту, патрыёту СВЕТЛАЯ ПАМЯЦЬ»).
У артыкуле выказваецца і абгрунтоўваецца гіпотэза аб паходжанні значнага менскага шляхецкага роду Янішэўскіх з Віцебскага ваяводства, а не з Каралеўства Польскага, як меркавалася раней. У канцы XVI ст. прадстаўнікі гэтага спрадвечнага віцебскага роду перасяліліся ў Менскае ваяводства, дзе прынялі каталіцтва, а затым паспяхова інтэграваліся ў мясцовую шляхецкую супольнасць. Янішэўскія сталі буйнымі землеўласнікамі, падтрымлівалі сувязі з уплывовымі шляхецкімі сем’ямі, займалі важныя пасады.
Чарняўскі Ф.В. Гаспадарскі дваранін Юхна Ваньковіч: сямейныя повязі і маёмаснае становішча // Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: вопыт міждысцыплінарных даследаванняў. Зборнік навуковых артыкулаў / Уклад. В.В. Урублеўскі; рэдкал.: С.С. Юрэцкі (гал. рэд.), В.В. Урублеўскі (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская навука, 2025. С. 202–216 (рукапіс артыкула падрыхтаваны да друку Яўгенам Глінскім).
Аглядны артыкул, прысвечаны жыццю Фёдара Чарняўскага і яго навуковай дзейнасці як гісторыка, а таксама інфармацыйнай вартасці яго хатняга архіва, які быў перададзены ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі яго нашчадкамі (размяшчаем артыкул з ласкавай згоды аўтара):
Урублеўскі В.В. Рукапісная спадчына гісторыка Фёдара Віктаравіча Чарняўскага на захаванні Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі // Наука. Библиотека. Информация. Материалы Международной научно-практической конференции, посвященной 100-летию Центральной научной библиотеки имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси, Минск, 12–13 февраля 2025 г. / Сост.: Ю.А. Переверзева, О.В. Пирогова, Е.Е. Купрещенкова; редкол.: С.С. Юрецкий (пред.) [и др.]. Минск: «ИВЦ Минфина», 2025. С. 483–488 (крыніца лічбавай копіі тут).
Некралог Фёдара Чарняўскага, напісаны яго калегам і таварышам Сяргеем Рыбчонкам:
Рыбчонак С. Фёдар Віктаравіч Чарняўскі (1940–2024) // Беларускі Гістарычны Агляд. 2025. Т. 31. Сшыткі 1–2. С. 355–358 (крыніца лічбавай копіі тут).



Comments