top of page

Генеалагічны блог прафесійнага архівіста

Тут змешчаны фатаграфіі дакументаў, старых здымкаў, гісторыя маёй сям'і, парады як пачаць/працягнуць вашы даследаванні, інфармацыя пра спецыфіку працы ў архівах Усходняй Еўропы, як зрабіць даархіўны пошук і г.д.

Віктар Цой: продкі паходзілі з беларускай губерні. «...теперь ты видишь солнце, возьми – это твоё!». Да 35-годдзя з дня гібелі музыканта

Updated: Aug 16

Віктар Цой (1962-1990).
Віктар Цой (1962-1990).

Калі на «Шестое августа по-старому, Преображение Господне» (як тут не ўзгадаць пастарнакаўскія радкі), выпадае 60-годдзе з дня нараджэння бобрскага мастака Алеся Пушкіна (1965–2023), то на 15 жніўня, г.зн. іншае хрысціянскае свята – Успенне Прасвятой Багародзіцы (па тым жа старым стылі), выпадае 35-годдзе з дня гібелі піцерскага рок-музыканта Віктара Цоя (1962–1990). «Якая сувязь паміж гэтымі двума асобамі?», – спытаеце вы. На гэта мы адкажам, бадай, наступным чынам. Апроч таго, што гэта былі сучаснікі адзін аднаму, творчыя асобы, абодва мастакі паводле адукацыі і абодва трагічна пайшоўшыя з жыцця, іх аб’ядноўвала тое, што іх продкі паходзілі з губерняў, якія пэўны час у афіцыйных паперах называліся «Беларускімі» – Магілёўскай і Віцебскай (не кажучы ўжо пра існаванне ў 1796–1802 гг. на мапе Расійскай імперыі адзінай Беларускай губерні).

Віктар Цой (1962-1990)
Віктар Цой (1962-1990)

Дзве версіі беларускай Вікіпедыі, у адрозненне ад расійскай, маўчаць аб тым, што Віктар Цой меў продкаў, што паходзілі з Гарадоцкага павета Віцебскай губерні. Хоць маскоўскі гісторык Дзмітрый Шын, спецыяліст па генеалогіі карё-сарам, галоўны рэдактар інфармацыйнага партала карэйцаў СНД arirang.ru, аўтар кніг «Советские корейцы на фронтах Великой Отечественной войны 1941–1945» (у суаўтарстве, 2011), «Советские корейцы – Герои Социалистического Труда» (2021) і «История газеты «Корё ильбо» в биографиях и лицах 1923–2023» (2023), а таксама яго рэрайтары ўжо на працягу больш за 10 гадоў публікуюць артыкулы, прысвечаныя радаводу выбітнага рок-музыканта. Гэты даследчык першым заняўся генеалогіяй Віктара Цоя паводле дакументаў архіваў Расіі, Казахстана і Беларусі.

Віктар Цой: продкі (генеалогія)
Віктар Цой: продкі (генеалогія)

Дзмітрыю Шыну ўдалося высветліць, што продкі Віктара Цоя па прамой мужчынскай лініі яго маці Валянціны Васільеўны, народжанай Гусевай, паходзілі з дзяржаўных сялян вёскі Ісакаўшчына Стайкаўскай воласці Гарадоцкага павета Віцебскай губерні. І хоць пераважную частку насельніцтва Гарадоцкага павета складалі беларусы, сяляне Гусевы належалі да этнічнага анклаву вялікаросаў, г.зн. былі рускімі. Невыпадкова Стайкаўская воласць з’яўлялася самай паўночнай часткай Гарадоцкага павета і межавала з «рускім» Невельскім паветам, а ў лютым 1923 г. і ўвогуле адышла да яго ў сувязі з ліквідацыяй Гарадоцкага павета. А яшчэ праз год, у сакавіку 1924 г., перастала існаваць і Віцебская губерня, са складу якой Невельскі павет разам з двума іншымі «рускімі» паветамі, Веліжскім і Себежскім, перададзены суседняй Пскоўскай губерні. Сёння Ісакаўшчына, малая радзіма Гусевых, – гэта выміраючая ці нават вымерлая вёска ў складзе сельскага пасялення «Парэчанская воласць» Вялікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці Расіі.


Невельскі, Веліжскі і себежскі паветы ў складзе Віцебскай губерніі (1921 г.)
Невельскі, Веліжскі і себежскі паветы ў складзе Віцебскай губреніі (1921 г.)

З ліку дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, з якімі працаваў гісторык Дзмітрый Шын, была названа справа Віцебскай губернскай па сялянскіх справах прысутнасці па зацвярджэнні люстрацыйнага акта на вёску Ісакаўшчына. У сваіх публікацыях ён пошукавага шыфра гэтай справы не прыводзіць, але, як мы мяркуем, вось яна:

Ф. 2642. Оп. 1. Д. 1052. Дело Витебского губернского по крестьянским делам присутствия об утверждении люстрационного акта на селение Исаковщина Городокского уезда (1874).
Ф. 2642. Оп. 1. Д. 1052. Дело Витебского губернского по крестьянским делам присутствия об утверждении люстрационного акта на селение Исаковщина Городокского уезда (1874).

Сярод сялян, якія выкупалі казённыя надзелы, даследчык сустрэў імя прапрадзеда Віктара Цоя – Аляксея Гусева, які, як ён сцвярджае, быў царкоўным старастам. Нам удалося высветліць, што вёска Ісакаўшчына адносілася да парафіі Краснабярэжскай (г.зн. у сяле Красны Бераг) Барыса-Глебскай царквы, якая размяшчалася ўжо на тэрыторыі суседняй Сяруцкай (з 1914 г. – Аляксееўскай, з 1918 г. – Урыцкай) воласці Невельскага павета (фактычна гэта парафія была памежнай зонай паміж Гарадоцкім і Невельскім паветамі). Значыць селянін Аляксей Гусеў павінен быў быць старастам Краснабярэжскай царквы. Калі гэты факт сямейнай гісторыі заснаваны на дакументальных сведчаннях або на глыбіні і дакладнасці сямейнай памяці, то з высокай доляй верагоднасці можна дапусціць, што менавіта пра гэтага чалавека ідзе гаворка ў афіцыйнай частцы «Полоцких епархиальных ведомостей» за 1890 г.: 14 лютага 1890 г. зацверджаны на пасадзе царкоўнага старасты Краснабярэжскай царквы Невельскага павета селянін вёскі Ісакаўшчына Аляксей Сямёнаў (Полоцкие епархиальные ведомости. 1890. № 6 (15 марта). С. 273–274).


Мабыць, трэба патлумачыць, што ў беларускіх – Віцебскай і Магілёўскай – губернях да канца XIX – пачатку XX стст. у афіцыйных дакументах у шматлікіх выпадках сяляне па прозвішчы не называліся – толькі па імені і імю па бацьку. Таму ў нашым выпадку ў найменні царкоўнага старасты «Сямёнаў» – гэта, хутчэй, не прозвішча, а імя па бацьку, якое трэба чытаць як «Сямёнаў сын». Калі так, то перад намі прапрадзед Віктара Цоя – Аляксей Сямёнавіч Гусеў і, адпаведна, прапрапрадзед Сямён, г.зн. мы выходзім яшчэ на адно пакаленне продкаў музыканта па матчынай лініі. Таксама заўважым, што на царкоўных старастаў ускладалася вырашэнне гаспадарчых пытанняў царкоўнай супольнасці, яны абіраліся (пераважна, з ліку сялян) на тры гады парафіянамі і зацвярджаліся на пасадзе епархіяльнай адміністрацыяй. Словам, гэта былі людзі дзейныя і паважаныя.

Гарадоцкі павет і яго Стайкаўскай воласць на карце воласцяў Віцебскай губрені за 1890 г.
Гарадоцкі павет і яго Стайкаўскай воласць на карце воласцяў Віцебскай губрені за 1890 г.

Як нам удалося высветліць, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ёсць на захоўванні справа з даволі інтрыгуючай назвай:

Ф. 1416. Оп. 2. Д. 12850. Дело Витебского губернского правления по рапорту Витебского земского суда о передержательстве Алексея Гусева витебским мещанином Корнилом Гнидой (22.04.1863–15.10.1863).

Аднак, што гэта за Аляксей Гусеў незаконна батрачыў на мешчаніна Гніду – прапрадзед Віктара Цоя (будучы царкоўны стараста) або яго поўны цёзка, можа стаць зразумелым толькі пасля азнаямлення з самой справай.

Фельдфебель Філімон Аляксеевіч Гусеў (1880-1939), прадзед Віктара Цоя. Меркавана з жонкай Агаф'яй Антонаўнай (нар. Сілінай) і дачкой Екацярынай. Каля 1908-1909 гг.
Фельдфебель Філімон Аляксеевіч Гусеў (1880-1939), прадзед Віктара Цоя. Меркавана з жонкай Агаф'яй Антонаўнай (нар. Сілінай) і дачкой Екацярынай. Каля 1908-1909 гг.

Сын царкоўнага старасты Філімон Аляксеевіч Гусеў (1880–1939), прадзед рок-музыканта, праходзіў дзейную вайсковую службу ў 86-м пяхотным Вільманстрандскім палку, удзельнічаў у руска-японскай вайне (1904–1905), а затым застаўся служыць у войску звыштэрмінова і нават атрымаў з рук Мікалая II ва ўзнагароду Георгіеўскі крыж. Знаходзячыся на ваеннай службе, ён ажаніўся з 16-гадовай сялянкай Наўгародскай губерні Агаф’яй Антонаўнай Сілінай. Сярод шасцярых дзяцей у іх нарадзіўся сын Васілій (1910–1974) – дзед Віктара Цоя, які перабраўся ў Ленінград, дзе перажыў блакаду, а пасля вайны працаваў кавалём на заводзе «Молодой ударник». Гэтага свайго дзеда, які паходзіў з сялян Віцебскай губерні, Віктар Цой мусіў добра памятаць, бо ён удзельнічаў у яго выхаванні.

Метрычны запіс аб нараджэнні (28 снежня 1910 г.) Васілія Філімонавіча ГУсева (1910-1974), дзеда Віктара Цоя.
Метрычны запіс аб нараджэнні (28 снежня 1910 г.) Васілія Філімонавіча ГУсева (1910-1974), дзеда Віктара Цоя.

Валянціна Васільеўна Гусева (1937–2009) выйшла замуж за Роберта Максімавіча Цоя (1938 г. нар.), носьбіта аднаго з самых старажытных і распаўсюджаных карэйскіх прозвішчаў (дарэчы, вось тут можна паглядзець невялікі цікавы ролік пра бацькоў Віктара Цоя, выпушчаны за год да смерці яго маці). Дзед музыканта па татавай лініі – Цой Сын Дзюн (1914–1985), які пражываў у СССР і стаў, на рускі манер, Максімам Пятровічам.

У 1937 г. ён у ліку ўсяго карэйскага насельніцтва быў дэпартаваны з Далёкаўсходняга краю ў Казахстан, дзе скончыў педагагічны інстытут, пасля чаго 15 гадоў праслужыў у органах дзяржбяспекі па лініі контрвыведкі і перайшоў на службу ў МУС, меў званне маёра міліцыі. На тэрыторыі Карэі нарадзіўся ўжо прадзед Віктара Цоя – Цой Ён Нам (1893–1917), які быў выхадцам з невялікай рыбацкай вёскі Сонджын на беразе Японскага мора (сёння гэта горад у складзе КНДР, побач з расійскай мяжой). Падлеткам ён перасяліўся (імаверна, з іншымі сваякамі) у Расійскую імперыю ў пошуках лепшага жыцця. Гісторык Дзмітрый Шын знайшоў яго імя ў пасямейным спісе карэйскага насельніцтва горада Уладзівастока за 1913 г. (што захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве Далёкага Усходу), дзе прадзед Віктара Цоя фігуруе ў якасці чорнарабочага, будыста па веравызнанні, які пражывае ў Новакарэйскай слабодцы.


Што яшчэ можна дадаць да даследаванняў Дзмітрыя Шына па генеалогіі Віктара Цоя, а таксама да сказанага намі? Тым, хто раптам захоча паглыбіцца ў вывучэнне радаводу музыканта па матчынай лініі, варта мець на ўвазе, што з наяўнасцю прамых генеалагічных крыніц па рэгіёне паходжання сялян Гусевых усё даволі дрэнна. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі метрычных кніг Краснабярэжскай Барыса-Глебскай царквы Невельскага павета на захоўванні няма зусім (яны ёсць у Дзяржаўным архіве Пскоўскай вобласці за 1870, 1871, 1873, 187 1881–1884, 1887–1890, 1893, 1895, 1896, 1898–1914 гг., а таксама даступныя анлайн на FamilySearch). Рэвізскія сказкі казённых сялян Гарадоцкага павета і пасямейныя спісы сялян Стайкаўскай воласці не захаваліся. Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. па Стайкаўскай воласці Гарадоцкага павета таксама не захаваўся.

Са спісу населеных месцаў Віцебскай губерні за 1905 г. вынікае, што вёска Ісакаўшчына адносілася да Ісакаўскага сельскага таварыства і на той момант была адной з самых буйных на тэрыторыі Стайкаўскай воласці Гарадоцкага павета, налічваючы 259 дзесяцін зямлі і 22 сялянскія двары з насельніцтвам 150 чалавек абодвух полаў (Список населенных мест Витебской губернии / Под ред. А.П. Сапунова. Витебск: Губернская типолитография, 1906. С. 93–94). Раней яна належала да казённага маёнтка Стайкі Гарадоцкага павета. Пасля сялянскай рэформы, паводле стану на 1864 г., гэты маёнтак складаўся з 32 вёсак і 1 фермы, заключаючы ў сабе 13.382 дзесяціны казённай зямлі, з якой пад сялянскія надзелы было адведзена 2798 дзесяцін, або каля 21% (Сведения о пространстве казенных земель Витебской губернии, ведомства палаты государственных имуществ // Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год / Под ред. А.М. Сементовского. СПб.: Типография К. Вульфа, 1865. Ч. I. C. 358).

У дадатак да вывучаных Дзмітрыем Шынам матэрыялаў люстрацый, магчыма, ёсць сэнс прыняць да ўвагі наступныя дакументы за 1844–1874 гг. (мы гаворым «магчыма», бо не ведаем, працаваў ён з імі ці не) з фонду Смаленска-Віцебскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцяў (Национальный исторический архив Беларуси, ф. 2514, оп. 1):


Д. 355. Дело о люстрации казённого имения Стайки Витебской губернии (26.11.1844–30.09.1857).

Д. 397. Дело о люстрации казённого имения Стайки Витебской губернии (28.07.1845–28.11.1852).

Д. 1024. Дело о люстрации казённого имения Стайки (28.04.1853–28.04.1858).

Д. 1116. Дело о люстрации казённого имения Стайки (18.08.1854–22.11.1854).

Д. 1137. Инвентарь казённого имения Стайки Городокского уезда за 1854 г.

Д. 1177. Дело о люстрации имения Стайки Городокского уезда (22.03.1855–22.04.1858).

Д. 1376. Проект поверочно-люстрационного инвентаря казённого имения Стайки Стайковского сельского общества Городокского уезда за 1858 г.

Д. 1377. Дело о производстве поверочной люстрации по казённому имению Стайки Городокского уезда (01.11.1858–26.11.1858).

Д. 2371. Дело о разорении конфискованного имения Стайки Городокского уезда крестьянами-арендаторами (28.04.1867–30.12.1883).

Д. 2674. Дело о производстве поверочной люстрации по имению Стайки (11.06.1871–1874).


Маёнтак Стайкі, у ліку сялян якога пражывалі продкі Віктара Цоя, меў сваю даўнюю і няпростую гісторыю землеўладання. У казённую ўласнасць ён перайшоў праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці яго ўладальніка – генерала Цімафея Пятровіча Цякуцьева, які памёр у студзені 1779 г. і не пакінуў нашчадкаў. Гэта быў выбітны ваенны і дзяржаўны дзеяч екацярынінскіх часоў, што даслужыўся да чыну генерал-паручніка (1773). У 1767–1775 гг. ён займаў пасаду смаленскага губернатара (гл. пра яго: Кононов В.А. Смоленские губернаторы. 1711–1917. Смоленск: Маджента, 2004. С. 84–89). «Сей чиновник был человек добрый, но великий крикун, строгий и взыскательный по службе», – так ахарактарызаваў яго іншы дзяржаўны дзеяч Гаўрыла Раманавіч Дзяржавін у сваіх успамінах (Записки Гавриила Романовича Державина. 1743–1812 / Издание «Русской Беседы». М.: Типография Александра Семена, 1860. С. 16). Цякуцьеў таксама вядомы як аўтар «Инструкции о домашних порядках» – свайго роду энцыклапедыі вясковага жыцця сярэдзіны XVIII ст. Выйшаўшы ў адстаўку, у снежні 1775 г. ён быў нададзены маёнткам у Гарадоцкім павеце Пскоўскай (з 1776 г. – Полацкай) губерні – Стайкаўскай і Астраўлянскай часткамі Казьянскага староства (Анищенко Е.К. В когтях двуглавого орла: Беларусь во времена Екатерины II (1772–1796 гг.): монография / 2-е изд., дополн. Минск: Изд. В. Хурсик, 2016. С. 427). Менавіта гэтыя ўладанні генерала Цякуцьева і леглі ў аснову будучага казённага маёнтка Стайкі. Яны былі даволі вялікія па памеры і на самым зыходзе XVIII ст., ужо калі была ўтворана Беларуская губерня, налічвалі 13.366 дзесяцін зямлі і 226 сялянскіх двароў з 1795 душамі абодвух полаў (Анищенко Е.К. В когтях двуглавого орла... С. 437).

Пахаванне дзеда, бабулі і цёткі Віктара Цоя на Паўднёвых могілках у Санкт-Пецярбургу.
Пахаванне дзеда, бабулі і цёткі Віктара Цоя на Паўднёвых могілках у Санкт-Пецярбургу.

Драбленню Казьянскага староства на часткі з выдзяленнем з яго складу маёнтка для генерала Цякуцьева папярэднічала смерць у студзені 1775 г. апошняга трымальніка (з 1758 г.) гэтага староства – князя Ігнацыя Агінскага (каля 1698 г. нар.), вядомага дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, маршалка вялікага літоўскага ў 1750–1768 гг. і кашталяна віленскага ў 1768–1775 гг. (гл. пра яго тут і больш падрабязна тут). Гэта быў адзін з самых буйных землеўладальнікаў свайго часу, якому належалі маёнткі Бобр, Бялынічы, Мікулін, Іўе і інш. Акрамя Казьянскага, ён трымаў Барысаўскае (з 1726 г.), Браслаўскае (1728–1740) і іншыя староствы. Паколькі князь Агінскі быў лаяльны да расійскага трону, Кацярына II пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай захавала за ім правы на ўсе яго вялікія маёнткі ва Усходняй Беларусі. Казьянскае староства ўвайшло ў склад Віцебскай правінцыі Пскоўскай губерні і было адным з самых вялікіх, налічваючы 62.313 дзесяцін зямлі і каля 11.000 душ прыгонных абодвух полаў (Анищенко Е.К. В когтях двуглавого орла... С. 423).

У часы Вялікага Княства Літоўскага Казьянскае староства знаходзілася на тэрыторыі Віцебскага павета Віцебскага ваяводства, і да Агінскіх яго трымальнікамі былі князі Сакалінскія, Палубінскія, Пржысецкія, Пацы, Пакашы.


Як бачым, музыканта Віктара Цоя з мастаком Алесем Пушкіным, акрамя ўсяго іншага, аб’ядноўвае тое, што Казьянскае староства і маёнтак Бобр разам з іх прыгоннымі продкамі пэўны час належалі аднаму ўладальніку – князю Ігнацыю Агінскаму.


Тым часам, RadioSnapkouski працягвае свой шлях, не толькі нагадваючы пра забытае і прыадчыняючы заслону нязведанага, але і ўслухоўваючыся разам са сваімі дарагімі чытачамі ў музыку ветра і хваляў:


«Кто из вас вспомнит о тех, кто сбился с дороги?

Кто из вас вспомнит о тех, кто смеялся и пел?

Кто из вас вспомнит, чувствуя холод приклада,

Музыку волн, музыку ветра?»

(Віктар Цой, «Музыка волн», альбом «46», 1983 г.)


Віктар Цой: продкі.


Comments


bottom of page